Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРСМ і БелТА распрацавалі праграму для мабільных прылад, прысьвечаную выбарам прэзыдэнта.

Аўтарства праграмы «Выбары-2015» належыць 18-гадоваму Паўлу Бацылеву.

Як паведамляе БЕЛТА, праграма інфармуе пра навіны, якія тычацца выбарчай кампаніі, зьмяшчае заканадаўчую базу па выбарах (Выбарчы кодэкс і іншыя дакумэнты ЦВК).

Карыстальнікі могуць азнаёміцца з асноўнымі зьвесткамі пра кандыдатаў у прэзыдэнты, атрымаць адказы на пытанні датычна выбараў, даведацца пра вынікі галасаваньня. Таксама праграма ўтрымлівае інфармацыю пра ўсе тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

У android-краме Play Market указана, што аўтарства праграмы «Выбары-2015» належыць Паўлу Бацылеву. Ён студэнт-другакурсьнік мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ, вядомы як аўтар сацыяльнай сеткі «У саюз зь сябрамі», а таксама мабільнай праграмы для вывучэньня хіміі.

Карыстальнікам айфонаў «Выбары-2015» пакуль не даступныя.

Цэнтральная выбарчая камісія мае сваю плятформу для камунікацыі з выбаршчыкамі — сайт vybory2015.by, які апроч навінаў і інфармацыі пра кандыдытаў зьмяшчае шэраг відэа-зваротаў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Мэдыя-экспэрт Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што мабільны дадатак «Выбары-2015» — прадукт, зроблены для галачкі, які, як і сайт vybory2015.by, не дае больш інфармацыі, чым сайт ЦВК:

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

«Калі карыстаешся сайтам vybory2015.by, то ў шматлікіх выпадках ён адсылае да сайту ЦВК. Такім чынам, vybory2015.by, як і новая мабільная праграма „Выбары-2015“, — гэта крышачку больш зразумелыя і прыемныя рэсурсы для карыстальніка, але ня больш за тое. Тое, хто распрацоўваў мабільны дадатак „Выбары-2015“, накладае пэўны адбітак. Зразумела, што там ня будзе зьяўляцца інфармацыі прыватных агенцтваў навінаў. Праграма будзе абапірацца толькі на інфармацыю БЕЛТА — а значыць інфармаваньне ня будзе ахопліваць усе бакі выбарчай кампаніі».

Паўлюк Быкоўскі распавёў, як, на яго думку, мусіць стварацца падобны мабільны дадатак, каб аб’ектыўна асьвятляць хаду выбарчай кампаніі:

«Што да мабільнай праграмы „Выбары-2015“, то выглядае на тое, што быў плян — такая рэч павінна існаваць. Наогул такія рэчы ў цывілізаваных краінах робяцца кансорцыюмам некалькіх незалежных выданьняў. Прадукт атрымліваецца больш стракатым, але дае больш асэнсаваны выбар для чалавека, якія прымае рашэньне ісьці ці не ісьці на выбары і за каго галасаваць. Незразумела, навошта выбаршчыку ведаць кантакты тэрытарыяльных камісій. Максымум, што яму трэба ведаць — дзе знаходзіцца яго ўчастковая камісія».

XS
SM
MD
LG