Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў: як зьмянілася жыцьцё, пакуль сядзеў Статкевіч


Як зьмяніўся сьвет і краіна за пяць год, якія Мікалай Статкевіч правёў у турме? Што пабачыць экс-кандыдат, які ў суботу ўвечары пасьля пяці год вярнуўся ў Менск? Радыё Свабода вызначыла 10 фактаў, якія зьмянілі ўсё вакол нас.

Утрымаць курс рубля і падвысіць заробкі — самы правальны пункт праграмы Аляксандра Лукашэнкі.

На фота адзін даляр у сьнежні 2010 і сёньня.

На фота адзін даляр у сьнежні 2010 і сёньня.

Вырас ня толькі курс даляра, але і кошты. Напрыклад, літр кефіру ў канцы 2010 году каштаваў ня больш за 2 тысячы рублёў, сёньня прыйдзецца заплаціць як мінімум 9. Праезд у грамадзкім транспарце падаражэў з 700 рублёў да 4500.

Абяцаныя 500$ сярэдняга заробку пратрымаліся першыя месяцы 2011-га. Сёньня гэта па-ранейшаму мара многіх беларусаў. Заробак у ліпені складае 400$.

Сярод тых, хто яшчэ вырас у Беларусі і ўплывае ці будзе ўплываць на жыцьцё кожнага — Мікалай Лукашэнка. Так малодшы сын кіраўніка краіны выглядаў у 2010.

Так малодшы сын кіраўніка краіны выглядаў у 2010.

Так малодшы сын кіраўніка краіны выглядаў у 2010.

А ў 2015 ён водзіць экскурсіі для замежных дэлегацыяў, прысутнічае на важнейшых перамовах Мэркель, Пуціна, Алянда і Парашэнкі ці, напрыклад, возіць дапамогу для вэтэранаў. І таксама прымае парады з пагонамі галоўнакамандуючага.

Дэвальвацыя рубля наагул — прыкмета ўсёй найноўшай беларускай незалежнасьці.

І ня толькі беларускай. За апошні год абваліліся і валюты краінаў-удзельніц Эўразійскага саюзу. За пяць год Беларусь, Казахстан і Расея прайшлі шлях ад мытнай прасторы і адзінай эканамічнай зоны да саюзу.

Улады не памяняліся ў ніводнай з гэтых краінаў. Пуцін вярнуўся на пасаду прэзыдэнта ў 2012, у 2011 Назарбаеў быў пераабраны ў чацьвёрты раз, а сёлета ён зноў выйграў на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах і пайшоў на пяты тэрмін. Як і ў Беларусі.

Адбылася арабская вясна, паўстанцамі быў забіты Муамар Кадафі, распачалася грамадзянскай вайна ў Сырыі і памёр галоўны замежны сябар беларускага лідэра — Уга Чавэс. Амэрыканцы забілі тэрарыста нумар адзін — Усаму бін Лядэна.

Лукашэнкі на пахаваньні Чавэса

Лукашэнкі на пахаваньні Чавэса

Ва Ўкраіне адбылася рэвалюцыя Годнасьці, былы прэзыдэнт Віктар Януковіч пратрымаўся на пасадзе з 2010 да 2014, пасьля зьбег у Расею. Абраны ў траўні 2014-га Пятро Парашэнка ўжо пяты прэзыдэнт гэтай краіны.

Расея анэксавала Крым і распачала вайну на Данбасе.

У самой Расеі ўзмацніліся рэпрэсіі, апазыцыя заганяецца ў маргінальнае поле, а падтрымка Пуціна сягае да 80%. Складаюцца чорныя сьпісы дзеячоў культуры, пачалася масавыя эміграцыя, узровень жыцьця моцна ўпаў. Супраць краіны ўведзеныя эканамічныя санкцыі, тэлебачаньне ператварылася ў прапагандыскі рупар.

Адзін зь лідэраў дэмакратычнага руху Барыс Нямцоў быў забіты ў цэнтры Масквы, краіну выключылі з G8.

Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька

Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька

У Менску двойчы праходзілі перамовы па ўкраінскім крызісе, у 2014 і 2015. Прымірэнчая пазыцыя Лукашэнкі спрасьціла яго камунікацыі з заходнімі лідэрамі, а афіцыйная прапаганда моцна выкарыстоўвае тэзу «пра спакой і стабільнасьць у Беларусі і прэзыдэнта як архітэктара мірных перамоваў»

Затое ўлады мяняліся ў заходнім ад Беларусі напрамку. Прычым, ня толькі цывільныя. У 2013 у каталікоў зьявіўся новы Папа, папярэдні не памёр, а адрокся ад пасаду. Выраклася трону на карысьць свайго сына і каралева Нідэрляндаў Бэатрыкс. Зьмяніліся ўлады ў Польшчы і Латвіі.

Па ўсёй Прыбалтыцы за пяць год увялі Эўра. На літоўскіх манэтах «Пагоня»

Па ўсёй Прыбалтыцы за пяць год увялі Эўра. На літоўскіх манэтах «Пагоня»


У Беларусі больш няма пратэстных мітынгаў. Дзьве дазволеныя дэманстрацыі на год зьбіраюць 1-1.5 тысячы удзельнікаў і, як адзначаюць карыстальнікі сацыяльных сетак, нагадваюць сустрэчу знаёмых.

Які лёс іншых вязьняў Плошчы?

Мікола Статкевіч быў апошнім кандыдатам, які заставаўся ў турме пасьля выбараў 2010 году. Андрэй Саньнікаў эміграваў у Вялікабрытанію, ключавыя асобы яго каманды таксама знаходзяцца за мяжой. Уладзімір Някляеў вясной заявіў пра выхад з палітычных структураў і не зьбіраецца падтрымаць нават Тацяну Караткевіч, кандыдата ад кампаніі «Гавары праўду». У эміграцыі знаходзіцца і Алесь Міхалевіч, фактычна апошні фігурант справы аб масавых беспарадках, супраць якога ня спыненая крымінальная справа — палітык падпісаў дамову аб супрацы, каб выйсьці з турмы КДБ, апавёў пра катаваньні і зьбег у Чэхію. Віталь Рымашэўскі застаўся ў палітыцы, прабыўшы ў зьняволеньні ўсяго некалькі дзён. Лідэр БХД абяцаў распавесьці пра многія рэчы пасьля выхаду ўсіх зьняволеных, на яго паказаньнях грунтавалася абвінавачваньне Міколу Статкевічу. Вус палітыкай больш не займаецца, Кастусёў па-ранейшаму намесьнік старшыні Партыі БНФ.

Калі ў 2010 годзе ў палітычнай кампаніі ўдзельнічалі ўсе ключавыя палітыкі, як кандыдаты і давераныя асобы, ад Грыба да Севярынца, то гэтага нельга сказаць пра кампанію 2015 г. Наўрад Тацяна Караткевіч, адзіны палітык, падтрыманы апазыцыйнымі структурамі, будзе нават блізка крытыкаваць улады так, як гэта рабіў Статкевіч пяць год таму.

2011-ы запомніцца ня толькі інфляцыяй у 108% (агулам інфляцыя за пяць год склала 160%), чэргамі ў абменьніках і пустымі паліцамі ў крамах.

Вось так ахоўвалі каўбасу вясной 2011-га

Вось так ахоўвалі каўбасу вясной 2011-га


11 красавіка на станцыі «Кастрычніцкая» прагрымеў выбух. Загінула 15 чалавек. За арганізацыю сэрыі тэрактаў былі асуджаныя Дзьмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Абодва былі расстраляныя ў 2012 годзе.

У Барысаве адкрыўся чыста футбольны стадыён, мясцовая каманда «БАТЭ» тройчы за пяць год выходзіла ў групавы этап Лігі Чэмпіёнаў. У сьвеце прайшоў чэмпіянат па футболе, у Польшчы і Ўкраіне правялі Эўра-2012, у Лёндане у 2012 годзе прайшлі летнія Алімпійскія гульні, у расейскім Сочы ў 2014 зімовыя.

Барысаў-Арэна

Барысаў-Арэна

Трэнд апошняга году — адзеньне з элемэнтамі беларускага арнамэнту

Дзень вышыванкі ў Менску

Дзень вышыванкі ў Менску

У Менску прайшоў Чэмпіянат сьвету па хакеі, які суправаджаўся ня толькі адменай візаў для турыстаў, але і масавымі арыштамі апазыцыянэраў, зьявілася Чыжоўка-Арэна і мноства гатэляў. Пабудаваны «дом Чыжа», новы Палац Незалежнасьці і музэй Вялікай Айчыннай вайны. Па Беларусі пачалі езьдзіць новыя швайцарскія электрычкі.

"Дом Чыжа"

"Дом Чыжа"

Падчас чэмпіянату па хакеі

Падчас чэмпіянату па хакеі

Прывітаць Міколу Статкевіча ня зможа Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Дзядзька Рыгор памёр 2 сакавіка 2014, Бураўкіна ня стала 30 траўня таго ж году.

Іван Шыла, Кацярына Маркоўская
для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG