Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За некалькі дзён да Дня незалежнасьці Ўкраіны 24 жніўня я наведаў радзіму маёй маці — вёску Мэлна Рагацінскага раёну Івана-Франкоўскай вобласьці. Як заўжды, гэта была вельмі эмацыйная і хвалюючая паездка, у якую я ўпершыню ўзяў свайго сына.

Маміна вёска ляжыць у даліне сярод пагоркаў і букавых лясоў, яна вельмі прыгожая, краявіды там не падобныя на палескія, сярод якіх вырас я. Праз Мэлну бяжыць чыстая і халодная горная рэчка Сьвірж, на схіле пагорка стаіць невялікая, але дагледжаная грэка-каталіцкая царква з могілкамі, дзе на помніках я бачыў ужо больш знаёмых твараў, чым у самой вёсцы.

Калісьці ў Мэлне было 180 двароў, школа, дзіцячы садок, нацыянальныя гурткі, аркестар, хор, бібліятэка, дзьве крамы... Цяпер засталося ўсяго некалькі дзясяткаў жыхароў, пераважна пэнсіянэры, раз на тыдзень прыяжджае аўталаўка.

Царква ў вёсцы Мэлна Івана-Франкоўскай вобласьці

Царква ў вёсцы Мэлна Івана-Франкоўскай вобласьці

Найперш я пабываў у закінутым, але яшчэ спраўным доме дзеда Васіля і на магіле бабулі Кацярыны, на якой стаіць акуратна выбелены каменны крыж. Сустрэўся я з жывымі блізкімі крэўнымі, якіх у вёсцы засталося няшмат. Маміна пляменьніца Яраслава Раманаўна Біда ў 12-гадовым узросьце разам з маці была высланая ў Сыбір, у Іркуцкую вобласьць, пасьля таго як НКВД закатавала яе бацьку Рамана Шэўціва. Бацьку арыштавалі за сымпатыі да ўкраінскіх паўстанцаў і за татуіроўку трызуба, якую ён меў на руцэ.

Яраслава Біда, якая ў 12 гадоў перажыла ссылку ў Сібір

Яраслава Біда, якая ў 12 гадоў перажыла ссылку ў Сібір

У 1996 годзе Яраслава пахавала сваю маму Сафію, якой пасьля другой ссылкі ў Сыбір забаранілі вяртацца ў Заходнюю Ўкраіну. На яе надмагільным помніку Яраслава зьмясьціла фотаздымак і імя таты, але ў гэтай магіле яго цела няма, дзе ён пахаваны невядома, як невядомая і дакладная дата сьмерці.

Магіла Сафіі і Васіля Дудаў

Магіла Сафіі і Васіля Дудаў

Памяці іншых загінулых за самастойную Ўкраіну у сталінскіх лягерах ў вёсцы пастаўлена два вялікія крыжы на штучных пагорках — пагоркі насыпалі родныя тых, хто загінуў у баях, быў задушаны нквдшнікамі ў «крыіўках», закатаваны ў ГУЛАГу, і па якіх не засталося ніякага знаку. Як па Раману Шэўціву.

Сымбалічная магіла паўстанца Рамана Шэўціва ў магіле ягонай жонкі

Сымбалічная магіла паўстанца Рамана Шэўціва ў магіле ягонай жонкі

Крыж памяці загіблых змагароў за Ўкраіну

Крыж памяці загіблых змагароў за Ўкраіну

На ўскрайку вёскі — памятны знак у гонар абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны 24 гады таму, усталяваны іншай мамінай пляменьніцай Сафіяй Дудай і яе мужам Васілём.

Памятны знак абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны ў вёсцы Мэлна Івана-Франкоўскай вобласьці

Памятны знак абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны ў вёсцы Мэлна Івана-Франкоўскай вобласьці

Сафіі і Васіля ўжо няма, але помнічак дагледжаны, на ім чырвоная каліна — сымбаль украінскіх паўстанцаў і сіне-жоўты сьцяг. У 1991 годзе ўпершыню ў Мэлне гэты сьцяг узьняла Сафія Дуда. У час Другой сусьветнай вайны 16-гадовай дзяўчынкай яна далучылася да паўстанцаў УПА, была сувязной, мэдыцынскай сястрой, пасьля вайны была рэпрэсаваная, адбыла тэрмін у ГУЛАГу. Яна была ўкраінскай патрыёткай усё жыцьцё, выхавала ў тым жа духу сваіх дзяцей. У 1999 годзе выдала кніжачку пра сваю вёску «Паўстанцкае сяло Мэлна», дзе сабрала зьвесткі пра паўстанцаў са сваёй вёскі, пра іх баі з бальшавікамі, пра аблавы НКВД на вёску, пра здрады і рэпрэсіі. У яе кнізе — сьпіс рэпрэсаваных аднавяскоўцаў — усяго 61 прозьвішча. Магілы большасьці зь іх знайсьці не ўдалося.

Кніга пра вёску Мэлна Івана-Франкоўскай вобласьці

Кніга пра вёску Мэлна Івана-Франкоўскай вобласьці

Праўнук Рамана Шэўціва і ўнук Яраславы 25-гадовы Віталь цяпер служыць у зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Бабулі Яраславе ён распавядаў страшныя гісторыі пра тое, як даводзілася ваяваць і зьбіраць з палёў целы забітых салдат. За незалежнасьць украінцам зноў даводзіцца плаціць крывёю.

XS
SM
MD
LG