Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі ня можа існаваць без рэпрэсіяў», — былы палітвязень Дзядок


Мікалай Дзядок (у цэнтры), пасьля вызваленьня

Мікалай Дзядок (у цэнтры), пасьля вызваленьня

Мікалай Дзядок, палітвязень, вызвалены Лукашэнкам пад выбары, раіць тым, хто жадае пераменаў, ня мець ілюзіяў.

«Я ня быў гатовы да вызваленьня, думаў, што цалкам можа быць падаўжэньне тэрміну», — сказаў Свабодзе Мікалай Дзядок, адзін з шасьці палітвязьняў, памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам. Узімку ягоны 4.5-гадовы тэрмін працягнулі яшчэ на год і два дні.

Маладому анархісту ўчора споўнілася 27 гадоў, і амаль пяць зь іх ён правёў у зьняволеньні:

«Я нічога такога не чакаў, хутчэй я быў гатовы да падаўжэньня тэрміну па 411-м артыкуле, паколькі ў выніку яго спэцыфікі ўжываць яго можна неабмежаваную колькасьць разоў» , — кажа Дзядок і тлумачыць, што гэта за 411 артыкул — «Непадпарадкаваньне адміністрацыі».

Падчас суду ён заяўляў пра ціск з боку сьледзтва, пагрозы павялічыць турэмны тэрмін, зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрыманьня. Яму некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. Яго пазбаўлялі доўгатэрміновага спатканьня з маці і жонкай.

На пытаньне, наколькі цяжка было правесьці амаль пяць гадоў у зьняволеньні, Дзядок адказвае:

«Заўсёды трэба памятаць, што былі і ёсьць людзі, якім цяжэй, чым табе. Вядома ж, бывалі моманты цяжкія, бывалі моманты, калі здавалася, што сілы амаль на зыходзе. Але ўсё пазнаецца ў параўнаньні. Калі я выстаяў, прайшоў, значыць нічога звышнатуральнага, цяжкага там не было».

І цяпер ён раптам быў вызвалены ў ліку іншых палітвязьняў.

11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць чарговыя прэзыдэнцкія выбары, а вызваленьне палітзьняволеных было галоўнай умовай для нармалізацыі стасункаў Менску з Захадам, і гэта называюць адной з галоўных прычынаў, па якіх Лукашэнка адпусьціў з турмаў кандыдата ў прэзыдэнты краіны на выбарах у 2010 годзе Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку, Юрыя Рубцова.

Мікалай Статкевіч, самы вядомы з вызваленых, таксама сказаў у суботу агенцтву Reuters, што не чакаў вызваленьня:

«Улады вельмі добра прадумалі сцэнар выбараў. Сёньня апазыцыя апынулася ў тупіку — яна ня можа ні байкатаваць выбары, ні падтрымаць каго-небудзь з кандыдатаў. Таму яны вызвалілі мяне. Яны досыць доўга чакалі, каб пераканацца ў тым, што ніхто ня зможа сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў. Пры гэтых абставінах стала магчымым вызваленьне палітвязьняў».

Мікалай Дзядок у адказ на просьбу даць сваё тлумачэньне кажа, што тут у першую чаргу эканамічныя прычыны:

— У рэжыму нашага вельмі праблематычна з грашыма, Лукашэнку неабходна наладжваць адносіны з Захадам. Натуральна, вызваленьне палітвязьняў было адной з прынцыповых умоваў. Плюс дыпляматычны ціск краінаў Захаду, безумоўна, адыграў сваю ролю. Я думаю, гэтыя дзьве прычыны і ёсьць асноўныя, чаму нас выпусьцілі.

— За тыя гады, якія вы правялі ў зьняволеньні, сытуацыя ва ўсходняй частцы Эўропы зьмянілася. Калі раней Лукашэнка лічыўся апошнім дыктатарам Эўропы, то цяпер гэты балянс зьмяніўся, і на фоне Расеі Лукашэнку і рэжым у Беларусі ўспрымаюць зусім па-іншаму. У вас няма адчуваньня, што Лукашэнка можа пайсьці на значнае зьмякчэньне палітычнай сытуацыі, каб дамовіцца з Захадам?

— Не, я лічу, што такія ілюзіі небясьпечныя, бо Лукашэнка сутнасьць свайго рэжыму не памяняе з прычыны шэрагу асаблівасьцяў сваёй асобы і таму, што гэтая сыстэма ўжо сфармавалася, яна будзе сябе ўзнаўляць бясконца. Мне здаецца, што пры яго ўладзе сур’ёзнага рэфармаваньня сыстэмы ня будзе. Ён проста ня зможа ўстаць на чале такой сыстэмы, ён яе не прымае і нічога падобнага ствараць ня будзе. Я лічу, нікому з тых, хто называе сябе апазыцыянэрамі, нікому з жадаючых тут пераменаў ня варта мець такія ілюзіі і падманвацца, а проста трэба працягваць рабіць сваю справу.

— Скажыце, што азначае ў цяперашняй сытуацыі «рабіць сваю справу»? Вось будуць выбары, што ў гэтай сытуацыі можа зрабіць апазыцыя? Што зьбіраецеся рабіць вы?

— Што тычыцца мяне, то я з выбарамі нічога не зьбіраюся рабіць, паколькі для мяне само гэтае мерапрыемства, па вялікім рахунку, пазбаўлена сэнсу. Па-першае, я не прызнаю сам інстытут прэзыдэнцкай улады, я не лічу яго досыць легітымным і абгрунтаваным для таго, каб ён наогул існаваў. Я лічу, адзін чалавек ня можа досыць справядліва што-небудзь вырашаць за 9 з паловай мільёнаў іншых людзей. Па-другое, я лічу, сам інстытут прэзыдэнцтва далёкі ад дэмакратыі, тым больш ва ўмовах Беларусі, калі нават тое, што ў нас прапісана ў Канстытуцыі, і тое не выконваецца. Што тычыцца таго, што павінна рабіць апазыцыя, я лічу, апазыцыя разумная, калі сапраўды хоча пераменаў, а не «піяру» — якой абы дарвацца да ўлады, — павінна рабіць усё тое ж самае, што рабіла да выбараў, у папярэднія гады, гэта значыць проста працаваць са звычайнымі людзьмі і дапамагаць ім адстойваць свае правы ў штодзённым жыцьці, у канфліктах. Прапагандаваць сярод людзей ідэі свабоды, сацыяльнай справядлівасьці.

— Пры тым, што вы лічыце, што рэжым Лукашэнкі не зьмяняецца па сутнасьці, гэта вызваленьне — гэта тактычны ход, вы не асьцерагаецеся, што пасьля выбараў зноў пачнуцца рэпрэсіі?

— Я ня тое, што асьцерагаюся, я ў гэтым практычна ўпэўнены. Сутнасьць любога аўтарытарнага рэжыму такая, што ён ня можа існаваць без рэпрэсіяў. Таму мне, вядома, вельмі хацелася б, каб больш палітвязьняў не было ніколі, але я лічу, гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы ўсе, усе разумныя і неабыякавыя людзі, пачнем рабіць для гэтага як мага больш. Але я лічу, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, безумоўна, рэпрэсіі ў той ці іншай форме будуць працягвацца.

XS
SM
MD
LG