Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек-майка» Рубцоў — першыя фота на волі


Юры Рубцоў (зьлева)

Юры Рубцоў (зьлева)

Былы палітвязень Юры Рубцоў даведаўся аб сваім вызваленьні, знаходзячыся ў штрафным ізалятары бабруйскай папраўчай калёніі.

Пра гэта ён распавёў журналістам 23 жніўня, прыбыўшы дадому ў Гомель.

Паводле Рубцова, з 14 дзён знаходжаньня ў бабруйскай калёніі 13 ён правёў у ШЫЗА. Ён павінен быў выйсьці адтуль 23 жніўня ў 16.20, а 22-га пасьля вячэры яго выклікалі да начальства і загадалі сабраць рэчы, нічога не патлумачыўшы. Потым Рубцова вывелі за кантрольна-прапускны пункт, вынесьлі яго валізку і прапанавалі пераапрануцца ў сваю вопратку. Толькі пасьля гэтага актывісту паведамілі, што ён памілаваны рашэньнем прэзыдэнта.

Рубцоў быў вельмі зьдзіўлены і незадаволены тым, што яго памілавалі, паколькі, па словах актывіста, яго павінны былі апраўдаць:

«Лукашэнка зрабіў чарговы фінт, вызваліў людзей, якіх узяў у закладнікі», — сказаў былы палітвязень, якога цытуе БелаПАН.

Паводле Рубцова, у папраўчых установах зь людзьмі абыходзяцца груба, як з жывёламі, «размаўляюць толькі крыкам», прымаць ежу людзі вымушаныя там жа, дзе ходзяць у прыбіральню. Актывіст таксама заявіў, што з боку адміністрацыі калёніі да яго ўжываліся розныя рэпрэсіі, але гэта яго не зламала.

Рубцоў распавёў, што да пераводу ў бабруйскую калёнію, калі ён яшчэ знаходзіўся ў сьледчым ізалятары ў Баранавічах, ён зрабіў сабе вышыўку на кашулі адмыслова для работнікаў СІЗА. На сьпіне вышыта: «Асудзіўшы мяне, вас пазбавілі права абурацца жабрацкай зарплатай», на грудзях — «Называйце рэчы сваімі імёнамі».

Рубцоў перакананы, што ні адна палітычная сіла не павінна ўдзельнічаць у цяперашніх прэзыдэнцкіх выбарах, таму што «гэта фарс». Гаворачы пра свае бліжэйшыя пляны, гомельскі актывіст заявіў, што будзе «змагацца далей».

Юры Рубцоў быў засуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі за «ўхіленьне ад пакараньня». Раней Рубцова асудзілі на паўтара гады абмежаваньня волі, але ён згаджаўся працаваць толькі пры ўмове атрыманьня зарплаты ў памеры 500 даляраў. Актывіст тлумачыў гэта тым, што, згодна дзяржаўнай прапагандзе, такі сярэдні заробак па краіне.

Перасьлед гомельскага актывіста пачаўся яшчэ ў 2013 годзе пасьля таго, як ён пачаў прыходзіць на акцыі апазыцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». За гэта Рубцова нават празвалі «чалавек-майка». Некалькі разоў саджалі ў ізалятар. Актывіст абвяшчаў галадоўкі і абскарджваў судовыя рашэньні.

22 жніўня Аляксандар Лукашэнка, «зыходзячы з прынцыпаў гуманізму», прыняў рашэньне вызваліць шасьцярых палітзьняволеных — Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG