Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка вызваліў палітвязьняў менавіта зараз? Як гэта паўплывае на стасункі паміж Беларусьсю і Захадам? Якімі будуць унутрыпалітычныя наступствы вызваленьня Міколы Статкевіча? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітолягі Павал Вусаў, Аляксандар Класкоўскі і Арсені Сівіцкі.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: У суботу Аляксандар Лукашэнка вызваліў шэсьць асобаў, вызваленьне якіх ужо працяглы час Захад выстаўляў, як умову нармалізацыі адносінаў. Вызвалены ў тым ліку і экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч. Многія назіральнікі выказвалі меркаваньне, што Лукашэнка вызваліць гэтых асобаў, у прыватнасьці, Статкевіча, шмат раней. Такія прагнозы пачалі гучаць яшчэ напачатку 2011 году. Іншыя сьцьвярджалі, што Статкевіча Лукашэнка дакладна ня вызваліць, бо жахліва яго баіцца.

Вызваліў. А разам зь ім усіх, хто на гэты момант фігураваў у заходніх сьпісах у якасьці палітвязьняў. Чаму? Чаму ня спраўдзіліся ні адны прагнозы (што вызваленьне адбудзецца значна раней), ні другія прагнозы (што Статкевіч дасядзіць як мінімум да канца тэрміну)?

Вызваленьне вязьняў – чаму ня спраўдзіліся прагнозы?

Павел Вусаў

Павел Вусаў

Вусаў: Менавіта Захад зрабіў крокі насустрач афіцыйнаму Менску, выключаўшы з «чорнага сьпісу» шэраг даволі спрэчных асобаў, у тым ліку і былых супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта. Што і трэба было для беларускага кіраўніка, каб паказаць, што ён не спужаўся, што санкцыі яго не зламалі, што жорсткая палітыка да яго была памылковай.

Другі момант — гэта агульная сытуацыя ў Беларусі і за яе межамі. Пагрозаў для стабільнасьці рэжыму ўнутры Беларусі няма. Апазыцыя, фактычна, «зьлілася» пад уладу, частка яе вядзе гульню па правілах сыстэмы.

Вызваленьне палітвязьняў мае тры асноўныя мэты. Гэта — легітымізацыя выбарчага працэсу ў Беларусі з пазытыўным успрыняцьцем гэтага працэсу Захадам.

Другое — узмацненьне пазытыўных адносінаў паміж Эўропай і Беларусьсю.

І трэцяе — надаць пазытыў беларускаму рэжыму на фоне цемрашальства, якое адбываецца ў Расеі. На гэтым фоне Лукашэнка выглядае праэўрапейскім палітыкам. На гэта Захад можа купіцца вельмі лёгка.

З пункту гледжаньня цынічнага гандлярскага падыходу кожны тавар мае свой тэрмін. Калі б Лукашэнка вызваліў палітвязьняў пасьля выбараў, то гэта не дало б такіх палітычных дывідэндаў, як цяперашняе вызваленьне.

Арсені Сівіцкі

Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Ранейшыя прагнозы ня спраўдзіліся, бо рабіліся тады, калі яшчэ не было ўкраінскага крызісу і новай халоднай вайны паміж Захадам і Расеяй.

Другі матыў гэтага кроку — сур’ёзнае пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне, асабліва з улікам таго, што Расея не дала дадатковых фінансавых рэсурсаў для стабілізацыі становішча. Ёсьць спадзеў атрымаць новы стабілізацыйны крэдыт ад МВФ.

У 2011 годзе таксама быў востры эканамічны крызіс, але зараз, у адрозьненьні ад той сытуацыі, няма пэўнасьці, што Масква будзе падтрымліваць Лукашэнку надалей у належных аб’ёмах.

На працягу ўсяго гэтага году Менск прасіў Маскву даць стабілізацыйны крэдыт у 3.5 мільярды даляраў. Расея адмовілася. Гэта пагражала сур’ёзным пагаршэньнем эканамічнага становішча ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Павал казаў пра «гандлярскую» лёгіку ў пытаньні вызваленьня палітвязьняў. Калі сыходзіць зь яе, то я бы сказаў, што з ўлікам зьнешнепалітычных абставінаў з «таварам»-палітвязьні адбылася дэвальвацыя.

Раней з Лукашэнкам абмяркоўвалі толькі пытаньне палітвязьняў. На працягу гэтага году зь ім абмяркоўвалі пытаньні рэгіянальнай бясьпекі. Пытаньні палітвязьняў, дэмакратызацыі адышлі на другі плян.

Дракахруст: Аляксандар, Арсені лічыць, што пытаньне палітвязьняў дэвальвавалася. Але ці так гэта? Апошнія гады мы назіралі дыпляматычны «раман» паміж Менскам і Эўропай. І ўсё было падрыхтавана для нармалізацыі, але заставалася адна ўмова, якую Захад не жадаў скасаваць — палітвязьні. І тут іх вызваляюць. Дык можа вызваляюць не на мінімуме, а на максымуме «цаны»?

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Так, я згодны. Лукашэнка па-майстэрску вытрымаў гэтую тэатральную паўзу. Сапраўды, пад уплывам украінскага крызісу Захад стаў больш рахманым. Памятаеце, некалі былі 12 умоваў Эўразьвязу. Дзе сёньня тыя ўмовы? Фактычна ўсе патрабаваньні рэдукаваліся да вызваленьня палітвязьняў.

Сёньня Захад, каб ня страціць твар і пайсьці на нармалізацыю і паляпшэньне дачыненьняў, павінен быў убачыць, што зьняты гэты апошні бар’ер. І тут выходзіць Лукашэнка «ўвесь у белым» і робіць гэты жэст. Абсалютна прагматычны разьлік. У адрозьненьне ад Паўла я ня думаю, што Лукашэнка чакаў, пакуль здымуць санкцыі, скажам, з Натальлі Пяткевіч і шэрагу іншых дробных, зь яго пункту гледжаньня, асобаў, маўляў, тады я ня страчу імідж. Народ ня ведае, што з Пяткевіч зьнялі санкцыі.

Працуюць банальныя чыньнікі — эканамічныя і геапалітычныя. З Масквой пасьля Ўкраіны стала дыскамфортна суіснаваць.

Эўразьвяз і Беларусь без палітвязьняў: на ростані трох дарог

Дракахруст: Напэўна, ні для каго не сакрэт, што галоўным, калі не адзіным матывам вызваленьня былі зьнешнепалітычныя чыньнікі. Нагадаю, што Захад менавіта вызваленьне палітвязьняў выстаўляў умовай нармалізацыі адносінаў. Што на ваш погляд адбудзецца зараз у стасунках паміж Беларусьсю і Эўразьвязам? У прынцыпе Беларусь як была аўтарытарнай краінай, ёй і засталася.

Дык што будзе зараз: Захад вылучыць патрабаваньне, скажам, рэабілітацыі палітвязьняў, пра што гаварылася раней, правядзеньня свабодных выбараў, свабоды слова, сходаў, выказваньня, асацыяцыяў, балазе Лукашэнка прадэманстраваў, што гатовы на саступкі? Вось у рэакцыі на вызваленьне палітвязьняў кіраўніцы зьнешняй палітыкі ЭЗ Фрэдэрыкі Магерыні ўтрымліваецца пажаданьне аднаўленьня іх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Ці Беларусь пяройдзе ў катэгорыю краінаў, у якой знаходзіцца, скажам, Казахстан — з гэтымі краінамі камунікуюць на вышэйшым узроўні, ідзе дыялёг па ўсім спэктры праблемаў, могуць і фінансамі дапамагчы, калі трэба. І пра правы чалавека з такімі краінамі ідзе дыялёг, але без санкцыяў і катэгарычных умоваў, у межах нармальных адносінаў.

Ці проста банальна дадуць грошай праз МВФ, «аплацяць» вызваленьне, але ў астатнім стасункі застануцца на ранейшым узроўні?

Класкоўскі: На ўзровень Казахстану Беларусь Эўропа «апускаць» ня будзе. Усё ж у заходнікаў ёсьць азіяцкі і эўрапейскі стандарт. Чаму сп-ня Магерыні і эўракамісар Ган сапраўды мякка прагаворваюць у сваёй заяве, што варта было б і рэабілітаваць вызваленых палітвязьняў. Эўропе трэба падстрахавацца, бо сярод беларускай апазыцыі і часткі замежнай грамадзкасьці даволі распаўсюджаная думка, што Эўропа здае беларускую дэмакратыю і ідзе на нейкую ўгоду з рэжымам.

Так што Эўропа дае зразумець, што будзе і надалей прытрымлівацца сваіх прынцыпаў, але ніхто Лукашэнку цяпер выкручваць рукі ня будзе.

У душы тыя, хто шмат гадоў біўся над беларускім пытаньнем, удзячныя, што гэты чалавек (заўважце, ужо не «апошні дыктатар Эўропы») нарэшце зрабіў ім такую паслугу і можна рапартаваць, што ёсьць прагрэс у беларускім пытаньні. Не прарыў, але прагрэс.

Мяркую, што будуць імкнуцца не патрабаваць, а спрабаваць уцягваць беларускі рэжым у Эўропу. Будзе рэанімаваная стратэгія ўзору 2008-2010 гадоў. Заходнікі ня схільныя падманваць сябе наконт плёну такой палітыкі, але лепш так, чым калі Лукашэнка кінецца ў абдымкі Масквы і дасьць пляцдарм для агрэсіі супраць Украіны.

Дракахруст: Павал, а які ваш адказ? Варта сказаць, што за кратамі застаюцца маладыя людзі, якія патрапілі туды за графіці. Прынамсі беларускія праваабаронцы трактуюць іх як палітвязьняў. Дык ці скажа Захад Лукашэнку — не, вызваленьне ўсіх палітвязьняў, гэта значыць зусім усіх? Беларусь як была аўтарытарнай краінай да 22 жніўня, так засталася і пасьля. Дык можа Захад будзе дамагацца менавіта таго, каб Беларусь перастала быць аўтарытарнай краінай?

Вусаў: Я сумняваюся ў тым, што Захад будзе прытрымлівацца такой прынцыповай пазыцыі. Гэта ня першы танец з Лукашэнкам. Усе спробы зрабіць з Лукашэнкі эўрапейскага дыктатара праваліліся, ніякіх урокаў з гэтага Эўропа не вынесла. Да таго ж трэба ўлічваць, што ў Эўропы няма кансалідаванай пазыцыі па Беларусі. І ў самой Беларусі ёсьць апазыцыйныя і грамадзкія дзеячы, якія кажуць, што санкцыі трэба здымаць. Можна прыгадаць даклад Палецкіса, які пісаў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася і санкцыі трэба скасоўваць. Зь вялікім скрыпам і зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося трымаць гэтыя санкцыі адносна Беларусі так доўга, амаль чатыры гады.

Дракахруст: Павал, дык а коратка — санкцыі здымуць, на ваш погляд?

Вусаў: Я мяркую, што так. І пачнецца той працэс, пра які казаў Аляксандар. ЭЗ пачне крэдытаваць беларускую гаспадарку, як гэта было ў 2010 годзе.

Я згодны з Арсенем: на фоне таго, што адбываецца ва Ўкраіне, на фоне палітыкі Расеі адзінае выйсьце для Захаду — гэта не ізаляваць Беларусь, а стварыць уражаньне, што ён змагаецца за Беларусь.

Фактар рэгіянальнай стабільнасьці для ЭЗ больш важны, чым наяўнасьці ці адсутнасьць у Беларусі палітвязьняў і таго, як у Беларусі адбываюцца выбары.

І выбар быў зроблены раней. Лукашэнка зрабіў крок насустрач Захаду ва ўмовах «адлігі», якая ў двухбаковых стасунках ужо пачалася.

Лукашэнка будзе працягваць спрабаваць сядзець на двух крэслах — мець стабільныя адносіны з Захадам і Ўсходом. Але Захаду ён зараз можа лёгка прадаць міт пра тое, што ён — гарант незалежнасьці Беларусі.

Сівіцкі: Лукашэнка займае міратворчую дыпляматычную пазыцыю адносна Ўкраіны, з ваенна-палітычнага пункту гледжаньня ён прытрымліваецца нэўтральнай пазыцыі. Ён не дазваляе разгарнуцца тут сталай расейскай вайсковай прысутнасьці.

Дракахруст: Усё, што вы сказалі, мела месца і да 22 жніўня. У гэты дзень адбылася падзея, магчымыя наступствы якой мы абмяркоўваем. Што зьмяніла яна?

Сівіцкі: Гэты крок дазваляе падвысіць узровень камунікацыі. Умовай размарозкі адносінаў было вызваленьне палітвязьняў. Менск гэтую умову выканаў і варта чакаць далейшага скарачэньня санкцыйнага сьпісу і большай колькасьці эўракамісараў і іншых высокіх эўрапейскіх прадстаўнікоў, якія прыедуць напярэдадні выбараў.

Што да крэдыту ад МВФ, то калі ён дасьць 3 мільярды даляраў, якія нам патрэбныя, то не за вызваленьне палітвязьняў, а за тую палітычную пазыцыю, якую Беларусь заняла ва ўкраінскім крызісе.

Грамадзтва і апазыцыя пасьля «прышэсьця» Статкевіча

Дракахруст: Як вызваленьне палітвязьняў і асабліва Міколы Статкевіча паўплывае на ўнутрыпалітычную сытуацыю? Сам палітык у інтэрвію адразу пасьля вызваленьне зрабіў некалькі палітычных заяваў, якіх, магчыма, ад яго не чакалі яго прыхільнікі.

«Я ня ведаю, што трэба рабіць, калі байкот не зьяўляецца маральным, бо гэта байкот слабакоў, якія не сабралі подпісы. Байкот можа прывесьці да таго, што будуць лічыць галасы, але і кандыдата апазыцыйнага падтрымліваць нельга, бо можа здарыцца так, што ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты прызнаюць выбары сумленнымі.

У мяне быў варыянт на той час, калі я сядзеў, зрабіць гэтыя выбары нелегітымнымі. Але Лукашэнка яго ў мяне забраў, выгнаў, не спытаўшыся. Сытуацыя патавая. Няма ніякай больш менш прыймальнай стратэгіі», — сказаў Статкевіч.

Дык як зьмянілася сытуацыя? Якую ролю будзе адыгрываць вызвалены экс-кандыдат у прэзыдэнты?

Сівіцкі: Так выглядае, што гэтая сытуацыя была нечаканая для самога спадара Статкевіча. Таму і першыя яго камэнтары былі не зусім зразумелыя і чаканыя.

Зараз у часткі апазыцыі можа ўзьнікнуць плян ператварыць Статкевіча у сымбаль і твар супраціву. Мы бачылі дзеяньне гэтага пляну, калі Някляеў прапанаваў вылучыць Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. Я мяркую, што нейкі плян, скіраваны на дэлегітымізацыю выбараў, будзе працягвацца. Але я ня ўпэўнены, што сам Статкевіч гатовы і захоча гуляць у гэтыя гульні.

Асаблівасьцю сытуацыі зьяўляецца тое, што апазыцыя не ва ўсіх сваіх плянах зараз можа абапірацца на падтрымку Захаду.

Калі яны будуць весьці палітыку зрыву і дэлегітымізацыі выбараў, то наўрад ці яны атрымаюць бонусы з боку Захаду.

Вусаў: Я ўпэўнены ў тым, што Статкевіч ніяк не паўплывае на расклад сілаў у апазыцыі. На працягу апошніх 10 гадоў былыя палітвязьні карысталіся пэўным аўтарытэтам, можна прыгадаць Казуліна і іншых, але яны ня здолелі кансалідаваць апазыцыю. Са Статкевічам ці без Статкевіча апазыцыя будзе разьбітая і кожны будзе гуляць у сваю гульню. Ніяк ён не паўплывае на паводзіны «Гавары праўду», БНФ і Караткевіч, каб яна зьняла сваю кандыдатуру. Караткевіч пойдзе да канца, бо так патрэбна ўладам і так гэта і было заплянавана. Статкевіч можа гэта асуджаць, але гэта ніяк не паўплывае на сытуацыю.

Зьменаў не адбудзецца без адыходу ад улады ў апазыцыі палітыкаў, якія сябе дыскрэдытавалі.

У атачэньні Статкевіча, сярод тых, хто выступаў за яго вызваленьне, ёсьць нямала людзей, якія маюць палітычныя прэтэнзіі да Статкевіча, да таго, што ён рабіў да зьняволеньня.

Супярэчнасьці настолькі моцныя, што нават аўтарытэт Статкевіча ня зьменіць сытуацыю.

Класкоўскі: Варта адзначыць, што Лукашэнка гэтым крокам зблытаў апазыцыі карты. Адсюль і пэўная разгубленасьць. У Статкевіча і іншых была прыгожая схема, паводле якой нельга гуляць у гэтыя «выбары-дурыбары», пакуль палітвязьні за кратамі, толькі байкот. Цяпер гэтыя козыры байкатыстаў аказваюцца бітымі.

Днямі «Малады Фронт» паведаміў, што будзе на выбарах агітаваць супраць Караткевіч і заявіў, што калі яна ня здыме кандыдатуру, то на яе кладзецца маральную адказнасьць за тое, што палітвязьні застаюцца за кратамі. Цяпер людзей за кратамі няма. І якую стратэгію ўжываць — невядома.

Ня факт, што Статкевіч стане «першым сярод роўных» у апазыцыі. Могуць «зьесьці», як «зьелі» Някляева, які ўсіх даставаў сваёй ідэяй вылучыць адзінага кандыдата. Калі казаць цынічна, Статкевіч шмат каму быў больш выгадны, калі сядзеў за кратамі. Тады яго імем было лёгка размахваць і маніпуляваць.

А тут прыходзіць Статкевіч, які, напрыклад, ніколі ня быў адэптам байкоту. У яго рэпутацыя вулічнага байца.

Я мяркую, што ён пачне муціць ваду ў апазыцыйным балоце. А там многія ўжо занялі свае нішы, ім даволі ўтульна. Мяркую, што Статкевічу будзе нават унутры гэтага «гета» дыскамфортна.

Статкевіч схільны, ці, прынамсі, быў схільны, да радыкальных падыходаў. Але сёньня, пасьля Ўкраіны, беларускі абывацель напалоханы. Заклікаць яго на Плошчу, на жорсткую барацьбу з рэжымам — занятак вельмі няўдзячны.

Статкевіч сапраўды не зламаўся, ён — герой, але ў сучасных беларускіх умовах нават самотнаму герою немагчыма зьдзейсьніць цуд.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG