Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч: Сытуацыя толькі пагаршаецца, рана ці позна будзе выбух


Паводле актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча, за кратамі трымаюць тысячы людзей, віна якіх несувымерная пакараньню.

«І гэта робіцца наўмысна», — лічыць Аліневіч, які выйшаў на волю ўчора, 22 жніўня, паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаваньні палітвязьняў.

З Ігарам Аліневічам дамаўляліся пагаварыць ўсяго некалькі хвілін — ўлічваючы тое, што вязень яшчэ не адпачыў ад ўчорашніх падзей з раптоўным вызваленьнем, дарогай дамоў зь Віцебску, начнымі размовамі са сваякамі і сябрамі. Але Ігар, відаць, такі чалавек — сур’ёзны, разважлівы, якому пра драбязу размаўляць самому нецікава.

Карэспандэнт: Ведаю, што ў віцебскай калёніі № 3, дзе вы даседжвалі тэрмін пасьля Наваполацку, сярод вязьняў шмат былых чыноўнікаў, супрацоўнікаў сілавых структураў? Ці давялося зь імі кантактаваць?

Аліневіч: Сапраўды былі такія людзі, і зь імі былі пэўныя зносіны. Як і іншыя людзі, яны таксама розныя, але ёсьць і агульныя рысы. Скажу гэтак, на маю думку іх маральны ўзровень не вышэйшы за ўзровень іншых катэгорыяў тых, каго трымаюць у калёніях, і гэта паказальна, калі казаць пра грамадзтва краіны. Задаваў сабе пытаньне, чаму ж такія людзі аказаліся ў дзяржаўных структурах? Ды відаць таму, што гэтай дзяржаве патрэбныя менавіта такія асобы, яны зь ёй, так бы мовіць, адной крыві.

Карэспандэнт: Кажуць, у месцах зьняволеньня вельмі шмат невінаватых людзей. На вашу думку, гэта так?

Аліневіч: Ня стаў бы вызначаць долю вінаватых і невінаватых, але відавочна, што там шмат людзей, чыя віна несувымерная таму пакараньню, якое яны атрымалі. Прыкладам усё больш зьявілася тых, хто ўжываў наркотыкі. Але тэндэнцыя ў тым, што сьледчыя часта «нацягваюць» ім абвінавачаньне паводле артыкулу 328 частка 3 — за распаўсюджваньне наркотыкаў. За гэтыя паказчыкі сьледчыя атрымліваюць падвышэньні па службе, узнагароды — і ў гэтым іх галоўны матыў. Гэтак шмат па якіх катэгорыях вязьняў — па бізнэсоўцах, па дробных хабарніках. На вялікіх тэрмінах сядзяць людзі, якія заслугоўваюць куды меншых пакараньняў. Сумна ўсьведамляць, што ў калёніі гэтых людзей выпраўленьне не чакае, а чакае іх тое, што яны зноў вернуцца за краты. Паводле маіх зьвестак, да паловы туды вяртаюцца пасьля вызваленьня. Вось гэта тое пачуцьце, якое мяне мучае і тут, на волі: што ў большасьці маіх былых «калег» лёсы назаўсёды зламаныя.

Карэспандэнт: Вы бачыце нейкі сэнс ў тым, што адбываецца ў нашых калёніях?

Аліневіч: Там нічога няма іншага ў параўнаньні з савецкімі часамі, нават з часамі сталінізму — гэтак сама ігнаруюцца асноўныя правы людзей, нават жыцьцё чалавека гэтак сама не абароненае. Але такая сытуацыя ўсё ж створаная штучна, гэтыя парадкі проста вярнулі з пэўнай палітычнай мэтай.

Карэспандэнт: Зь якой? Як вы лічыце?

Аліневіч: Па-першае, я ўжо казаў — гэта робяць міліцыянты, сьледчыя, спэцслужбы, суды ў кар’ерных мэтах, гэта іх хлеб. Кожны спрабуе вылучыцца, падняцца па кар’ернай лесьвіцы, атрымаць ўзнагароду. Другое — вялікая колькасьць вязьняў з сумнеўнай віной дазваляе трымаць ў страху грамадзтва, бо да любога чалавека пачынае даходзіць, што і ён можа трапіць у гэтыя жорны ні за што, і тады пачынае баяцца. Гэтак у нас створаная мадэль дзяржаўнага ладу, якая заснаваная найперш на страху перад рэпрэсіямі, прычым ужо ня гэтак важна, якога яны памеру. Часам большыя, потым крыху меншыя, потым зноў большыя.

Карэспандэнт: Як праходзіла ваша вызваленьне? Прадбачылі памілаваньне?

Аліневіч: Заўсёды праганяў ад сябе такія спадзяваньні сьвядома. Учора каля 16 гадзіны да мяне прышлі з апэратыўнага аддзелу, сказалі зьбірацца, прывялі на КПП. Там агалосілі ўказ пра памілаваньне, адвезьлі на аўтавакзал, дачакаліся, пакуль ад’еду на аўтобусе на Менск. Усё.

Карэспандэнт: Якія першыя ўражаньні ад волі?

Аліневіч: Ведаеце, хаджу як агаломшаны. Насамрэч бачыць усьмешкі людзей, бачыць сонца, дыхаць вольным паветрам — гэта такое шчасьце! Падняўся сёньня ў 5.30, як ужо прызвычаіўся, хаця паклаўся позна ўначы. І выспаўся, адчуваю сябе выдатна, свабода ап’яняе. Чым буду займацца? Пакуль сваёй сям’ей, сябрамі, аднадумцамі-анархістамі.

Карэспандэнт: Дарэчы, хацеў у вас спытаць. А чаму, на вашу думку, ўлады гэтак жорстка расправіліся з актывістамі анархісцкага руху, які асабліва і не вылучаўся сярод апазыцыі? За тыя некалькі акцый, што правялі анархісты ў 2010 годзе, тэрміны былі да 8 гадоў, як ў вас. Чаму?

Аліневіч: Мы патрапілі пад «раздачу» тады, калі ўсе іншыя апазыцыйныя сілы сьцішыліся. Мяркую, насамрэч улада асабліва не выбірае, на каго абрынуцца паводле ідэалягічнай прыкметы. Для яе важна спыніць, сьцішыць любую палітычную актыўнасьць.

Карэспандэнт: Гэта дае вынік?

Аліневіч: Гэта дае тое, што становішча толькі пагаршаецца, грамадзтва заганяецца ў тупік і рана ці позна выбух будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG