Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста пяты»: кніга гневу

  • Аляксандар Лукашук

Новая кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты», як і яе папярэднікі «Дзевяноста першы» і «Дзевяноста чацьверты», робіць адну справу — вяртаньня ў гісторыю.

Без вушэй

Кнігі Сяргея Навумчыка пра найноўшую гісторыю Беларусі чытаюцца як curriculum vitae Касандры: дачка цара Троі прадказвала катастрофу вайны, якую выкліча выкраданьне Алены Парысам, яна кідалася зь сякерай на драўлянага каня, каб давесьці, што там хаваюцца воіны

Адысея — але і бацька Прыам, і траянцы лічылі яе вар’яткай і трымалі пад вартай.

Праз тры тысячы гадоў францускі філёзаф Андрэ Глюксман, выступаючы ў Празе, казаў пра абавязак інтэлектуалаў быць Касандрай: уважліва слухаць словы ўлады, пільна сачыць за яе дзеяньнямі, папярэджваць пра небясьпеку, голасна заяўляць пра згубныя наступствы альбо зло, якое яны могуць наклікаць.

Усё гэта ў Беларусі рабілі дэпутаты апазыцыі БНФ — калі сёньня чытаеш хірургічна дакладныя ацэнкі і папярэджаньні, якія гучалі ў Авальнай парлямэнцкай залі, друкаваліся на старонках незалежных газэт, агучваліся на мітынгах, уражаньне, быццам адкрыў падручнік гісторыі, у якім post-factum акуратна выкладзены падзеі застылага ў часе адзіна магчымага мінулага. З той розьніцай, што гэта была будучыня, якой яна толькі яшчэ мелася стаць.

«Калі я зноў вырваўся, мяне падхапілі шэсьць чалавек і нейкі сёмы бандыт (скот!) ішоў зьверху, несьлі мяне сем чалавек, а ён кулаком мне разьбіваў нос», — гэты выступ Ігара Гермянчука пра разгром галадоўкі на парлямэнцкай сэсіі ўражвае сёньня ня меней, чым дзелавітае абмеркаваньне са сьпікерам Грыбам, колькі мінут яшчэ даць на гэты аповед — дзьве ці тры. Бо адну Гермянчук ужо скарыстаў. Сьпікер ласкава пагаджаецца — ну, добра, дамо тры.

«Мала далі», як потым скажа аўтару адна выбаршчыца — не пра рэглямэнт, а пра дубінкі.

Калі намаляваць зборны партрэт той дэпутацкай большасьці Вярхоўнага Савету, якая паўстае з кнігі Сяргея Навумчыка, гэта будзе галава без вушэй. Неўзабаве з гэтага партрэту зьнікнуць, як у героя фільму «Матрыца», рот і вусны, а потым усё ператворыцца ў жанр «зомбі» — але гэта будзе пазьней.

Аўтар лічыць 1995-ы апошнім годам руху да свабоды (яго першая кніга называлася «Сем гадоў Адраджэньня» — гістарычны нарыс ахопліваў пэрыяд ад 1988 па 1995), называе адну з прычынаў — авантурная амбіцыя першага прэзыдэнта зрабіць Беларусь часткай Расеі і ўвайсьці ў Крэмль, але галоўны герой кнігі — канец гісторыі, дакладней — гісторыя канца.

Аўтар сьцьвярджае, што гэтую працу нашмат лепей зрабілі бы ягоныя сябры з парлямэнцкай апазыцыі. Часам, аднак, гісторыя сама выбірае найлепшага сьведку: Сяргей Навумчык стаў апошнім дэпутатам, які выступіў у апошні дзень апошняй сэсіі апошняга Вярхоўнага савету, які мог прэтэндаваць на званьне парлямэнту.

Кропка, якая робіцца ўсё больш бачнай праз дваццаць год.

Час крычаў

«...Мне здавалася, што шэрыя фігуры на даху будуць доўга грукаць малаткамі, доўга адмацоўваць выяву герба ад фасаду Дому ўраду, — але ўсё было зроблена за лічаныя хвіліны: яны нешта адкруцілі, падчапілі да крука, страла пад’ёмнага крана разьвярнулася, і „Пагоню“ пачалі апускаць на зямлю».

Інтымная інтанацыя, буйны плян, амаль магічны рытм добрай прозы. А далей — каскад ацэнак і эпітэтаў, якія належаць мітынгам, судовым залям, а не гістарычным кнігам.

Гісторыю так ня пішуць: аўтар не нэўтральны, ён нефармал, бэнээфавец, апазыцыянэр, дэмакрат, пацярпелы, герой, удзельнік, зацікаўленая асоба.

Усё так. Толькі гэта ня мінус, а фарматная дадзенасьць. Яе галоўная рыса не абмежавальнасьць, а сумленнасьць сьведкі, эмоцыя часу, а не ягоны асадак, праўдзівасьць летапісца, а не наратыў прафэсара, якому факты цікавыя толькі як тэзісы ягонай канцэпцыі. І большасьць ацэнак і эпітэтаў у кнізе — гэта тагачасныя цытаты. Час так гаварыў. Крычаў.

Жанар «жывога эфіру», у якім напісана кніга, арганічны для ўжываньня займеньніка «я». Асаблівасьць гэтага твору — падвойнае «я» і патройнае «мы». Падвойнае «я» — ня як «double-whisky», двайная порцыя, а — падвойнай вытрымкі: Навумчык-удзельнік падзеяў і Навумчык-аўтар.

А патройнае «мы» паўстае ад трайнога вымярэньня твору — мы сочым за аўтарам, які сочыць за сабой, які сочыць за падзеямі і ўдзельнічае ў іх (ён сам таксама часам раствараецца ў «мы» апазыцыі, каардынатарам якой быў). Але сочым не ў люстэрку, а праз інструмэнты тэксту: пунктуацыю, у якой ажывае стэнаграма, успамін, які падмацаваны дакумэнтам, дэталі без размытых паўценяў.

Два галоўныя «я» у кнізе хутчэй блізьняты, чым адна асоба, хоць часам адрозьненьне зьнікае. Аднак не заўсёды:

«Мяне цягнулі ці то трое, ці то чацьвёра, і выбілі дзьверы маёй галавой як таранам — здаецца, нават зламалі замок, але паколькі я пішу гэтыя радкі, галава аказалася мацнейшая за дзьверы.»

Гэты погляд Сяргей Навумчыка на самога сябе дваццаць гадоў таму — адна з самых цікавых рысаў кнігі, і шкада, што аўтар занадта хутка мяняе ракурс і пераключае ўвагу на падзеі навакол. Але, верагодна, тады была б іншая кніга.

У выніку ў кнізе дзьве прамыя мовы: адна аўтара, другая ўдзельніка. Адзін голас гучыць паверх другога, працягвае тэму, зьнікае, зноў зьяўляецца — масаваму чытачу гэта прыём знаёмы з кіно, найважнейшага з масавых мастацтваў, але пачатак яго ў старажытнагрэцкай трагедыі.

Эмоцыі па вызначэньні справа суб’ектыўная. Але гэта ня значыць, што яны антонім аб’ектыўнасьці як праўды ці мастацкасьці як майстэрства.

Першае слова, якім пачынаецца «Іліяда» — «гнеў».

У залі

Стыль кнігі яшчэ можна назваць стылем «фэйсбуку»: Сяргей Навумчык сёньня зьяўляецца адным зь лідэраў беларускага сэгмэнту гэтай сацыяльнай сеткі, і яго мастацтва «кантактнага», як у каратэ, пісьма зьнішчае адлегласьць паміж гледачамі і барацьбой на сцэне. Дзеяньне адбываецца вакол і цяпер.

Вось адзін дэпутат прапануе замяніць літару закону на «чалавечы» закон":

«Калі Казючыц гэта казаў, я пакруціў пальцам ля скроні, ён заўважыў гэта і зрэагаваў:

«І можна махаць, Навумчык, я таксама ўмею махаць».

І вы — у залі.

Кніга, канечне, не вэб-камэра, якая архівуе месца і час — хоць запіс зьбіцьця 19 дэпутатаў-галадоўнікаў, якім прысьвечаны «Дзевяноста пяты», варта было б надрукаваць з раскадроўкай. Невядома, ці ён захаваўся, і гэтую задачу пакуль выконвае разьдзел пад назвай-цытатай сьведкі «Пазьняка ўдарылі нагой у грудзі, выціскалі вочы, білі аб сьцяну». Аўтар сабраў тагачасныя сьведчаньні, зьвярнуўся да ўдзельнікаў па ўдакладненьні — але гэта нават ня самы вялікі разьдзел у кнізе, хоць тэхнічна ён лёгка мог бы вырасьці ў некалькі разоў, матэрыялу хапае.

Такая самадысцыпліна называецца павагай да чытача. Кожная наступная кнігі трылёгіі карацейшая за папярэднюю. Эканомія таксама вымушана выяўляецца ў публіцыстычных скарагаворках, калі трэба акрэсьліць кантэкст ці задаць палітычныя каардынаты — службовая мова журналістыкі выконвае функцыю тытраў. (У старажытных грэцкіх трагедыях такую ролю «рэзанэра», які ўсё тлумачыць, выконвае хор. Але эстэтыка зьмянілася, і там, дзе аўтар ня хоча ахвяраваць яснасьцю дзеля выразнасьці, мастацкасьць саступае і ўзьнікае адчуваньне, што гэтыя часткі тэксту замаруджваюць, а не паскараюць рытм кнігі. Магчыма, у наступных кнігах цыклю варта перагледзець рамкі і памер.)

Самы часты, апроч кропкі, знак пунктуацыі ў кнізе — двукосьсе. Кніга складаецца з цытатаў, як храм ці турма складаюцца з камянёў. Сёньня, праз два дзесяцігодзьдзі, аўтар, канечне, ведае, што адбудзецца з чарцяжамі і якія сьцены будуць узьведзены на падмурках, але яго больш цікавіць драма працэсу, а не трагедыя выніку.

Насамрэч — толькі гэта і павінна цікавіць чытачоў, як адзіная магчымасьць вяртаньня ў гістарычны час.

Навумчык супраць Фукуямы

«Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты» і цяпер «Дзевяноста пяты» — кнігі не пра гісторыю, якой — па вялікім рахунку — усё роўна, калі адбываюцца нейкія падзеі, у часы Гамэра ці часы Навумчыка. Гэта кнігі пра вяртаньне народу ў гісторыю, уваход у гістарычны працэс пасьля бясчасься камунізму.

Гегельянскі падыход, фэнамэнальна сфармуляваны Фрэнсісам Фукуямам як канец гісторыі, скончыўся там, дзе пачынае Навумчык: пасьля Курапатаў, пасьля Бэрлінскай сьцяны, пасьля заканчэньня самых жахлівых 77 гадоў у гісторыі чалавецтва (1914-1991). У 1988, калі Гавэл яшчэ сядзеў у праскай турме, яго ганаравалі на Франкфурцкім кніжным кірмашы і падчас цырымоніі выступаў Андрэ Глюксман, які скончыў сваю прамову ў гонар ляўрэата фразай «Выйсьці з камунізму азначае ўвайсьці ў гісторыю».

Для Беларусі ўваход у гісторыю датуецца 1991-м. Нават для цэнтральна-эўрапейскіх краінаў гэта было ня толькі вызваленьне ад таталітарызму — гэта быў і выбар шляху на гістарычным раздарожжы. У пэўным сэнсе яго ўвасаблялі Гавэл і Мілошавіч — імя першага сёньня носіць самая высокая ўзнагарода асамблеі эўрапейскіх парлямэнтаў, другі памёр у гааскай турме. У Беларусі ім адпавядалі парлямэнцкая апазыцыя і БНФ з дэмакратычнымі сіламі, з аднаго боку, і савецкая намэнклятура і яе мутанты, з другога. Беларусь, пасьля некалькіх гадоў на раздарожжы, у 1995-м канчаткова ўступіла ў паласу аўтарытарнай стагнацыі — спынены час, лепш, чым вайна, горш, чым мір.

Лёс Касандры ня надта натхняе. Зь яе кпілі і ня слухалі, яе сям’я загінула ў вайне, а царства было захоплена, сама яна мусіла ратавацца ад гвалту ў чужых землях. Праўда, якую яна спрабавала давесьці, не была пачутая і не перамагла. Пяскі часу замялі гарадзкія сьцены, здавалася, назаўсёды.

Трою разбурылі больш чым тры тысячы гадоў таму. Гэта ілюзія, быццам падзеі 20-гадовай даўніны ў сто пяцьдзесят разоў бліжэй: нашу найноўшую гісторыю бязьлітасна хутка заносіць дыгітальны пясок інфармацыйнай эпохі. Але як для чытачоў усіх часоў не існавала пяцісотгадовай паўзы паміж сьмерцю Прыама і першымі радкамі «Іліяды», гэтак і для чытача гэтай кнігі ня будзе праблемы з каардынатамі.

Калі Андрэ Глюксман казаў пра ўзор Касандры, ён казаў пра неабходнасьць слухаць і прыслухоўвацца да шэпту, крыку, віску, шуму свайго часу. І, пачуўшы, уздымаць свой голас (Глюксман чытаў імёны беларускіх зьняволеных пасьля выбараў 2010 у перадачы Свабоды «Галасы салідарнасьці»).

Голас Сяргея Навумчыка, які гучыць у гэтай кнізе — голас не Гамэра апазыцыі, а, хутчэй, Гамэра Беларусі, якой яна магла б быць.

І будзе, калі вернецца ў гісторыю.

XS
SM
MD
LG