Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч — 5 гадоў таму: Пра байкот выбараў, Плошчу, Лукашэнку, іншых палітыкаў


Мікалай Статкевіч, 22 жніўня 2015 году
Мікалай Статкевіч, 22 жніўня 2015 году

18 лістапада 2010 году, за месяц да папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, Мікалай Статкевіч у якасьці афіцыйнага кандыдата на прэзыдэнта правёў онлайн-канфэрэнцыю са слухачамі і чытачамі Свабоды.

Сёньня мы згадваем некаторыя найбольш вострыя пытаньні да Мікалая Статкевіча і ягоныя адказы пра байкот выбараў, Плошчу, Лукашэнку, іншых палітыкаў.

На некалькі падобных пытаньняў пра тое, чаму б дэмакратычным кандыдатам не зьняцца з выбараў і пакінуць Лукашэнку аднаго, і ці не давядзецца яму разам з другiмi дэмакратычнымі кандыдатамі кусаць локці, што дапамаглі дыктатару легiтымавацца тым, што звалі людзей прыняць удзел у гэтым фарсе, адказ быў такі:

«Пакінуць без альтэрнатывы — гэта адмовіцца ад барацьбы і даць магчымасьць уладзе легітымізаваць сябе. Я імкнуся да супольных дзеяньняў, але гэтае імкненьне ёсьць не ва ўсіх кандыдатаў.

Калі альтэрнатывы ня будзе — ня будзе матываваных назіраньня і масавых акцый, не будзе доказаў фальсыфікацыяў. Тады легітымізацыя дыктатуры будзе непазьбежнай. Запамятайце бясспрэчную рэч — няўдзел апазыцыі ў выбарах не зьяўляецца падставай для іх непрызнаньня».

А вось што адказаў спадар Статкевіч на пытаньне, навошта дарослыя людзi лезуць у бойку?:

«Случакі заўсёды баранілі сваю Бацькаўшчыну. Нават калі была наканаваная параза (Слуцкі Збройны Чын), нават жанчыны (беларуская Жана д’Арк — княгіня Анастасія Слуцкая). Нездарма ж бальшавікі зруйнавалі ў Слуцку ўсё, што хоць кольвечы магло нагадаць пра непахісны дух случакоў, — цэрквы, касьцёлы, кляштары, у асаблівасьці гарадзкія муры, якія яшчэ памяталі крывавыя адбіткі прагных татарскіх пысаў. Дый ня толькі іх адных..»..

У Мікалая запыталіся: «Ці вы — усе кандыдаты размаўлялі аб арганізацыі ПЛОШЧЫ, аб тым, якім чынам абараніць беларускі выбар, аб тым, як НАМ Перамагчы, як вызваліць краіну, а не проста пастаяць і разысьціся???

«Кансультацыі вядуцца. Калі пастаім і разыдземся, то сорамна будзе жыць».

І яшчэ пытаньне: «Чалавек, які займае пасаду прэзыдэнта заявіў, што «краіну не аддасьць, а кандыдатам ня трэба пужаць уладу турмой, бо яны і самі могуць там апынуцца». Ці Вы адчуваеце, што хутчэй за ўсё, калі мы прайграем Плошчу, то першым ахвярам можаце стаць менавіта Вы?

«Я не баюся за сябе. Ён лічыць нашу краіну і нас сваёй уласнасьцю. Вырвем разам са сківіцай».

А на пытаньне пра асабістыя амбіцыі прагучаў наступны адказ:

«Я не змагаюся за сваю асабістую перамогу ў гэтай палітычнай кампаніі, я змагаюся за тое, каб мы мелі права абіраць сабе ўладу. Уяўляеце, колькі трэба будзе працаваць пасьля гэтага „прэзыдэнта на чвэрцьстаўкі“, які едзе на працу ў 11.00, а з працы — у 14.00, а ў астатні час гуляе ў хакей».

Было і такое пытаньне: «Спадар Мікола, цікава вашае стаўленьне да Зянона Пазьняка і КХП-БНФ». Статкевіч адказаў так:

«Лічу Зянона Станіслававіча гістарычнай асобай, адным з бацькоў нашай незалежнасьці. Я падтрымліваю і ўхваляю любыя станоўчыя ініцыятывы да дэмакратыі і незалежнасьці. Бясспрэчнымі заслугамі КХП-БНФ лічу арганізацыю штогадовай дэманстрацыі на Дзяды, стварэньне і захаваньне Народнага мэмарыяла ў Курапатах».

А на разьвітаньне Мікалай Статкевіч зьвярнуўся да ўдзельнікаў онлайн-канфэрэнцыі:

«Дзякуй за неабыякавасьць да лёсу нашай краіны. Ня веру, што дзевяць з паловай мільёнаў адукаваных, працавітых, годных людзей пасярод Эўропы будуць доўга трываць гэты зьдзек з сябе і здаровага сэнсу. Беларусь будзе вольнай. Цяпла Вам у Вашай хаце, у Вашай сям’і, у Вашым сэрцы!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG