Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Бэнксі пабудаваў змрочны парк забаваў, «які не падыходзіць дзецям» ВІДЭА


У Вялікабрытаніі ў курортным мястэчку Ўэстан-сьюпэр-Мэр адкрыўся парк забаваў «Dysmaland» (з ангельскай Dysmal — змрочны).

Аўтар экспазыцыі — папулярны і адначасова таямнічы мастак-графіціст, палітычны актывіст Бэнксі (Banksy). Навінка рэклямуецца як «сямейны тэматычны парк, які не падыходзіць дзецям». Або папросту антыпарк.

Мэта праекту — пасьмяяцца з «сапраўдных дзіцячых паркаў» зь іх нярэдка безгустоўным афармленьнем і звыклымі героямі. Інсталяцыі ў «Дысмалэндзе» створаныя групай з амаль 60 мастакоў, сярод якіх сам Бэнксі, Дэміен Хёрст і Джэні Хольцэр.

У парку можна ўбачыць сьветла-ружовую копію замка Папялушкі, саму Папялушку, якая патрапіла ў аварыю, панылы макет гатычнага замка, гіганцкую мэталічную скульптуру каня... Усё выглядае так, як быццам парк спрабавалі разбурыць, але кінулі гэты занятак на паўдарозе.

Задума мастакоў палягае і ў пастаянным узаемадзеяньні экспанатаў і наведвальнікаў, уцягваньні апошніх у гульню. Пры гэтым пэрсанал, апрануты ў ружовае, паводзіць сябе змрочна-правакацыйна.

Парк будаваўся ў рэжыме строгай сакрэтнасьці пад прыкрыцьцём здымак фільму. «Дысмалэнд» будзе працаваць да 27 верасьня 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG