Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні мігрантаў змаглі прарвацца ў Македонію. Ёсьць пацярпелыя


Македонія патрабуе ад Эўразьвязу дадатковай дапамогі ў сувязі з масавым наплывам уцекачоў.

Каля тысячы нелегальных мігрантаў змаглі прарвацца праз паліцэйскую агароджу з Грэцыі ў Македонію.

Як найменей дзесяці пацярпелым спатрэбілася мэдычная дапамога, перадае агенцтва Ройтэрз са спасылкай на відавочцаў.

У чацьвер улады Македоніі абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы з Грэцыяй з-за росту колькасьці ўцекачоў у краіну.

Пасьля закрыцьця мяжы некалькі тысяч чалавек правялі ноч каля прапускных пунктаў, а раніцай у пятніцу паспрабавалі прарвацца на тэрыторыю Македоніі.

Паліцыя ўжыла сьлёзацечны газ для разгону натоўпу ўцекачоў. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выказалі занепакоенасьць з нагоды сытуацыі на мяжы.


Большасьць мігрантаў прыбываюць на мяжу Македоніі з Сырыі, Іраку і Аўганістану праз Грэцыю. Краіна стала найбуйнейшым транзытным пунктам на шляху мігрантаў, якія спрабуюць дабрацца да краін-членаў ЭЗ.

Улады Македоніі раней паведамілі, што за апошнія два месяцы больш за 44 тысяч чалавек паспрабавалі праехаць праз тэрыторыю Македоніі далей на поўнач Эўразьвязу.


Міністар унутраных спраў Македоніі патрабаваў ад Эўразьвязу дадатковай дапамогі ў сувязі з масавым наплывам бежанцаў.

У чацьвер у ЭЗ заявілі, што колькасьць мігрантаў, якія сабраліся ля межаў Эўразьвязу, дасягнула ў ліпені рэкордных 107.500 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG