Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч адказала на заяву Калякіна наконт 100 тысяч подпісаў


«Складана тлумачыць паводзіны іншага чалавека», — сказала Караткевіч.

Актывістка кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч у інтэрвію БелаПАН абвергла заяву старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна аб тым, што яе ініцыятыўная група не сабрала неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты 100 тысяч подпісаў.

«Калі Караткевіч працягне ўдзел у выбарах і яе зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты, гэта будзе сьведчыць, што яе каманда пайшла на зьдзелку з уладамі», — заявіў Калякін 21 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Калякін таксама паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала ўсяго 64 тысячы подпісаў, у сувязі з чым вырашыла не здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі.

«Складана тлумачыць паводзіны іншага чалавека, — сказала Караткевіч. — Мы з самага пачатку падпісной кампаніі абмяняліся подпісамі зь Сяргеем Іванавічам, задэкляравалі публічна і нефармальна, што мы адно аднаго паважаем і жадаем посьпеху».

Паводле яе словаў, і Сяргей Калякін, і лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (які таксама ня змог сабраць 100 тысяч подпісаў) правялі «вельмі добрыя кампаніі». «Калі б яны аб'ядналіся і ад альянсу «Талака» вылучылі аднаго кандыдата, у іх, хутчэй за ўсё, была б магчымасць назьбіраць 100 тысяч подпісаў», — лічыць прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта.

Караткевіч адзначыла, што ёсьць некалькі фактараў, якія забясьпечылі пасьпяховы збор подпісаў яе ініцыятыўнай групай. «Па-першае, мы пачалі працаваць разам унутры дэмакратычнай супольнасьці чатырма арганізацыямі за два гады да выбараў. Тыя ідэі, з якімі мы ідзём, сёньня прымаюцца грамадзянамі ў грамадзтве. Па-другое, у нас самая вялікая ініцыятыўная група з усіх дэмакратычных кандыдатаў. У яе ўвайшлі прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду», Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а таксама асобныя актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху «За Свабоду», Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». Яшчэ адзін фактар — гэта новыя людзі. Прыкладна 300 чалавек прыйшлі праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, і яны былі аднымі з самых актыўных», — растлумачыла палітык.

«І самае галоўнае, у мяне сёньня дамова зь людзьмі, якія прыходзяць на пікеты, сустракаюцца са мной спэцыяльна, сочаць па сацыяльных сетках, перазвоньваюцца, нясуць пазытыў, ставяць подпісы і спадзяюцца, што 11 кастрычніка ў іх на выбарах будзе альтэрнатыва», — падкрэсьліла Тацяна Караткевіч.

Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў завяршаецца сёньня, 21 жніўня. Да 19.00 сабраныя подпісы павінны быць здадзеныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG