Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі збору подпісаў і асаблівасьці сёлетняй выбарчай кампаніі


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Завяршыўся збор подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на прэзыдэнтскую пасаду. Што выявіў гэты этап выбарчай кампаніі? Хто ў рэальнасьці сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў? Якім будзе сцэнар ўладаў?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі і палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу tut.by Арцём Шрайбман.

Што выявіў гэты этап выбарчай кампаніі?

Валер Карбалевіч: «Збор подпісаў — ледзь ня самы важны і адказны этап выбарчай кампаніі. Ён дазваляе ўбачыць зваротную сувязь паміж палітыкамі і грамадзтвам, даведацца пра рэальнае стаўленьне насельніцтва да розных кандыдатаў. Хоць умовы правядзеньня выбараў у Беларусі своеасаблівыя, тым ня менш, некаторыя відавочныя рэчы цяжка схаваць. Дык што паказаў гэты этап з гледзішча паводзінаў уладаў, апазыцыі, грамадзтва?»

Лукашэнка цяпер спакойны, у адрозьненьні ад выбараў 2010 году, калі на яго ішла інфармацыйная кампанія з Расеі. Цяпер Расея і Захад рахманыя.

Аляксандар Класкоўскі: «Дамінуюць фаталізм і апатыя, бо ўсе ўпэўненыя, што вынікі выбараў прадвызначаныя. Улады ўпэўнены на 120%, што яны ўсё кантралююць. Лукашэнка цяпер спакойны, у адрозьненьні ад выбараў 2010 году, калі на яго ішла інфармацыйная кампанія з Расеі. Цяпер Расея і Захад рахманыя. Апазыцыя разьбітая, расколатая, у яе няма моцнай стратэгіі, яна не выкарыстоўвае лёзунгаў Плошчы».

Карбалевіч: «Калі ўлады такія спакойныя, то навошта яны мітусяцца? Вось зьбіраюцца прымаць новы варыянт дырэктывы пра грамадзкую бясьпеку. Падазраваных у напісаньні графіці арыштавалі як тэрарыстаў. Міністар унутраных спраў палохае народ міліцыяй. Спакойныя і ўпэўненыя не хапаюцца за дубінку».

Арцём Шрайбман: «Ня бачу мітусьні ўладаў, бо ўсё ідзе ў звычайным рэчышчы. Заўсёды напярэдадні выбараў кіраўнікі сілавых ведамстваў запэўнівалі, што яны стаяць на варце і не дапусьцяць беспарадкаў.

Што тычыцца „графіцістаў“ то, паводле маёй інфармацыі, гэтыя людзі мелі дачыненьне да нефармальнай маладзёвай групоўкі „Пошук“. Яны доўга злавалі сваімі дзеяньнямі сілавыя структуры, захоўваючы ананімнасьць. І таму цяпер ім помсьцяць, знайшоўшы да чаго дачапіцца.

Але я лічу, што Лукашэнка нэрвуецца, што зьвязана з эканамічнымі праблемамі. Таму робяцца часам камічныя спробы перавесьці ўвагу выбаршчыкаў з пытаньня заробкаў на іншыя праблемы. Напрыклад, падчас наведваньня Менскага заводу колавых цягачоў Лукашэнка казаў, што цяпер заробкі не галоўнае, бо на Блізкім Усходзе наступае ІГІЛ. Улады баяцца, каб да выбараў эканоміка ня выйшла з-пад кантролю»

Кампанія апазыцыйных кандыдатаў

Карбалевіч: «Цяпер усе крытыкуюць апазыцыю. Але можа праблема ў тым, што сёлета няма запыту з боку грамадзтва на альтэрнатыву? У такім разе, можа, і няважна, што будзе рабіць апазыцыя, якую тактыку возьме на ўзбраеньне (адзіны кандыдат ці не), якія тэмы будзе вылучаць, якія вобразы ствараць ды інш.?

Усё ж важна і тактыка, і ўсё іншае. Паводле апытаньняў НІСЭПД, каля 20% электарату гатовыя галасаваць за кандыдата апазыцыі.

Класкоўскі: «Усё ж важна і тактыка, і ўсё іншае. Паводле апытаньняў НІСЭПД, каля 20% электарату гатовыя галасаваць за кандыдата апазыцыі. А апазыцыя не змагла выпрацаваць адзіную стратэгію. Таму апынулася ў сытуацыі цугцвангу, калі любы ход — дрэнны. Байкот у Беларусі немагчымы. Удзельнічаць так, як удзельнічалі Лябедзька і Калякін? Яны пацярпелі фіяска, не сабралі 100 тыс. подпісаў, іх будуць абвінавачваць, што яны маргіналы, ня маюць падтрымкі ў грамадзтве.

Усё было б лепш, каб быў адзіны кандыдат. І сабраць 100 тыс. подпісаў было б лягчэй. І можна было б накідваць уладам сваю гульню. Бо не зарэгістраваць адзінага кандыдата было б для уладаў праблематычна. Уладзе патрэбны на фінішы хоць адзін апазыцыянэр.

Вось цяпер высьвятляецца, што адзінага кандыдата апазыцыі вызначыць улада. На гэта статус сёньня толькі адзін прэтэндэнт — Тацьцяна Караткевіч, каманда якой заявіла, што сабрала больш за 100 тыс. подпісаў».

Шрайбман: «Апазыцыя фрагмэнтаваная, як ніколі. Калі казаць пра Караткевіч пра вымушанага адзінага кандыдата, то пытаньне ў тым, хто яе прызнае ў апазыцыі ў такім статусе? Уся радыкальная апазыцыя, эміграцыя, „Эўрапейская Беларусь“, КХП-БНФ, БХД — не падтрымліваюць. Да іх далучыўся Някляеў, Лябедзька і Калякін заявілі, што Караткевіч гуляе паводле сцэнару ўладаў. Нават у кааліцыі „Народны рэфэрэндум“ толькі 2 арганізацыі з 4 падтрымалі яе.

Яшчэ адзін момант. Апазыцыя гэтым разам засталася без фінансавых сродкаў. Замежныя спонсары расчараваліся ў беларускай апазыцыі. Для яе зачыняюцца ўсе вокны. Гэтым годам зачынілася вакно пад назвай „Плошча“. Апазыцыя выціскаецца з грамадзкага жыцьця».

Хто сабраў 100 тысяч подпісаў?

Карбалевіч: «Пяць з васьмі прэтэндэнтаў заявілі, што яна сабралі 100 тыс. подпісаў. Гэта Аляксандр Лукашэнка, Тацяна Караткевіч, Сяргей Гайдукевіч, Віктар Цярэшчанка і Мікалай Улаховіч. Аднак незалежныя экспэрты выказваюць сур’ёзны сумнеў наконт гэтага. Што вы думаеце на гэты конт?»

Каго зарэгіструюць улады? Хутчэй за ўсё, яны будуць зыходзіць не з таго, хто сабраў «правільныя» подпісы, а з гледзішча палітычнай мэтазгоднасьці. Які сцэнар зьбіраюцца рэалізаваць ўлады?«

Хто сабраў 100 тысяч — цьмянае пытаньне. Можна з упэўненасьцю сказаць, што гэта зрабіла каманда Лукашэнкі, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс.

Класкоўскі: «Хто сабраў 100 тысяч — цьмянае пытаньне. Можна з упэўненасьцю сказаць, што гэта зрабіла каманда Лукашэнкі, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс. Адна з найбольш дзеяздольных каманд у Караткевіч.

Самае сумнае палягае ў тым, што сцэнар кампаніі і прозьвішчы ў выбарчых бюлетэнях будзе вызначаць улада ў незалежнасьці ад таго, хто якія подпісы здаў».

Шрайбман: «Я магу дапусьціць, што каманда Караткевіч сабрала 100 тыс. подпісаў. Бо там ёсьць структуры, пэўныя фінансы, яе кампанія была больш дынамічная, чым у іншых.

Што тычыцца Гайдукевіча, Цярэшчанкі і Ўлаховіча, то ў мяне няма аргумэнтаў, якія б пацьвердзілі, што яны сабралі 100 тыс. подпісаў. Я хутчэй бы не давяраў іх заявам.

Але рэгістрацыя — пытаньне палітычнае. І я думаю, што гэтая тройка будзе зарэгістраваная. У выніку зь пяцярых кандыдатаў толькі адзін будзе апазыцыянэр. У гэтым навінка кампаніі. Гэта, як адзначае палітоляг Чавусаў, рух у бок выбарчых мадэляў Сярэдняй Азіі. Прычым, апазыцыйны кандыдат будзе мяккі, выгадны для ўладаў».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG