Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да выбараў курс пастараюцца ўтрымаць. Пасьля — як звычайна


Людзі стаяць у чарзе да абменьніку. Менск, 20 жніўня 2015 году

Людзі стаяць у чарзе да абменьніку. Менск, 20 жніўня 2015 году

Курс беларускага рубля імкліва б’е рэкорды, дзень за днём пераадольваючы гістарычныя максымумы. Яшчэ ад раніцы, не чакаючы вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, камэрцыйныя банкі ўзьнялі пазыцыі куплі і продажу амэрыканскага даляра да 16 700 — 17 000 адпаведна. Эўра набываюць у насельніцтва па 18 700 і прадаюць вышэй за 19 000. Чым скончыцца такая гонка?

Беларускі рубель хоць і ня робіць надвор’я на міжнародным фінансавым рынку, але вымушаны рэагаваць на працэсы, якія там адбываюцца. Па выніках пятнічных таргоў, кошты на нафту падаюць восьмы тыдзень запар, што стала самай працяглай сэрыяй зьніжэньняў амаль за 30 гадоў.

Цяпер цана барэля вагаецца ў межах 46 даляраў, што б’е найперш па эканоміках, якія жывуць за кошт прыроднай рэнты. Да апошніх адносіцца і Расея, якая прызвычаілася атрымліваць высокія даходы ад экспарту газу і нафты, не асабліва дбаючы пра мадэрнізацыю іншых галін прамысловасьці. У дадатак да заходніх санкцый за агрэсіўныя дзеяньні ва Ўкраіне расейскую эканоміку накрыў глыбокі крызыс, які цягне за сабой і бліжэйшых сатэлітаў.

Адной з праяваў праблемнага існаваньня — імклівая дэвальвацыя. Сьледам за абвалам расейскага рубля траціць у вартасьці і беларускі. Праўда, да нядаўняга часу фінансавыя ўлады намагаліся дыстанцыявацца ад працэсаў у Расеі, не даючы нацыянальнай валюце рэзка адхіляцца ад раўнаважнага курсу. Аднак ад пачатку жніўня сытуацыя кардынальна зьмянілася. Але ці толькі расейскі рубель вінаваты ў аслабленьні беларускіх грошай?

Эканамічны аглядальнік Марк Бэрнштэйн два апошнія гады адпрацаваў у расейскай фінансавай сфэры і кажа, што іншых варыянтаў, як адпускаць курс рубля, у беларускіх уладаў па цяперашнім разьвіцьці падзеяў няма:

Марк Бэрнштэйн

Марк Бэрнштэйн

«Чыста эканамічна атрымліваецца такая сытуацыя, што вельмі значная прывязка па экспарце ў Расею. Адпаведна, немагчыма ўтрымліваць курс, не беручы ва ўлік падобнае становішча. Таму залежнасьць ёсьць і будзе; яна ня тое што 100-працэнта наўпроставая, але нават цяпер, пры курсе 250 за расейскі рубель, ёсьць сур’ёзныя праблемы з экспартам у Расею (пры стабільнай сытуацыі, як мы памятаем, ён быў дзесьці 280). А тым больш, там упаў плацежаздольны попыт у цэлым. Таму, калі яшчэ беларускі рубель будзе расьці ў адносінах да расейскага, то будзе бяда».

Паводле прагнозаў эканамістаў, кошт нафты будзе падаць і надалей, а санкцыі супраць Расеі здымаць ніхто не зьбіраецца. У такой сытуацыі расейскі рубель будзе непазьбежна здаваць пазыцыі. Ці азначае гэта, што і беларусам трэба рыхтавацца да аналягічнага працэсу? Меркаваньне выказвае Марк Бэрнштэйн:

«Агульнае адчуваньне, што падзеньне будзе і надалей. Насамрэч праблема ў наступным: ніхто дакладна ня можа сказаць, што здарыцца ў агляднай будучыні. Уся эканамічная сытуацыя ў Расеі на сёньня вельмі моцна залежыць ад палітыкі. Калі, умоўна кажучы, зноў выбухне сытуацыя ва Ўкраіне, пяройдзе ў актыўную фазу, то, натуральна, курс паедзе, бо рэсурсы пацякуць туды, на вайну. А з Расеі, наадварот, будуць працягваць сыходзіць інвэстыцыі. Зноў жа, санкцыі ўзмоцняцца, яшчэ нешта адбудзецца. Што будзе рабіць Пуцін з усёй гэтай напаўзамарожанай украінскай сытуацыяй — ніхто ня ведае. А сытуацыя надзвычай праблемная, любы крок тупіковы, выйгрышу там для Расеі няма ніякага. То бок, актывізаваць вайну, убухаць вялізныя рэсурсы з незразумелым вынікам — дорага. „Зьліць“ усё гэта ён ня можа па ўнутрыпалітычных прычынах. Таму пакуль ні туды, ні сюды, неяк утрымліваюць. У выніку ўсё рухаецца паступова, не ў адзін момант, але ўсё роўна з дрэнным канцом».

У чаканьні далейшага абясцэньваньня рубля беларусы пачынаюць згадваць папярэднія рэзкія дэвальвацыі, якія прыводзілі да зьнікненьня валюты і абвалу ў заробках у валютным эквіваленце. Панікі ў банках пакуль няма, але попыт на даляры і эўра паступова падвышаецца. Як лічыць эканамічны аглядальнік Марк Бэрнштэйн, да прэзыдэнцкіх выбараў сытуацыя яшчэ будзе кантралявацца, але што будзе надалей — пытаньне рытарычнае:

«Да панікі, спадзяюся, справа ня дойдзе — да выбараў улады курс пастараюцца ўтрымаць. Нават калі сытуацыя будзе на мяжы, абвалу дапусьціць, па ідэі, не павінны. Ну, можа, яшчэ на 10-15% скачок і здарыцца, за два-тры разы, бо пры іншым раскладзе гэта можа моцна паўплываць на перадвыбарную сытуацыю. А ўжо пасьля выбараў можа быць усё, што заўгодна. Як звычайна. Зараз пакрысе адпускаюць проста дзеля таго, каб не абваліць эканоміку, таму што рэсурсаў усё ж малавата. Наконт вялікага скачка — наўрад ці, думаю. Пакуль яго не дапусьцяць. Але ў любым выпадку сытуацыя досыць дзіўная: трымаюць, з аднаго боку, на максымуме рублёвыя стаўкі — на 30%, а валютная дэвальвацыя ўжо значна большая, чым 30% гадавых, у некалькі разоў перавышае. Адпаведна, перацякаюць грошы з рублёвых рэсурсаў у валютныя. Што з гэтым дзяржава зьбіраецца рабіць — незразумела. Трэба альбо крыху адпускаць стаўкі на рублёвыя дэпазыты, альбо будзе праблема з банкаўскай ліквіднасьцю».

Сёньня па выніках таргоў Беларускай валютна-фондавай біржы, курс даляра вырас на 232 рублі да адзнакі 16 730. Эўра падскочыў адразу на 499 рублёў да 18 837. Расейскі рубель вагаецца ў межах 245 беларускіх рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG