Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіралі подпісы за Лябедзьку недарэмна, але далей удзельнічаць у кампаніі бессэнсоўна...»


Збор подпісаў за Анатоля Лябедзьку ў Гомелі

Збор подпісаў за Анатоля Лябедзьку ў Гомелі

Зьбіральнікі подпісаў за Анатоля Лябедзьку на Гарадзеншчыне падтрымліваюць рашэньне свайго прэтэндэнта не здаваць падпісныя лісты ў выбарчую камісію і перакананыя, што недарэмна патрацілі час.

Мікола Воран з Горадні распавядае, што заява Анатоля Лябедзькі аб тым, што ён ня будзе здаваць подпісы ў выбарчую камісію, ня стала навіной, паколькі адпачатку мэта ставілася іншая. Паводле Ворана, асноўнай мэтай было найперш правесьці маніторынг сярод насельніцтва і выявіць настроі ў грамадзтве.

— Мы даволі дасканала вывучылі сытуацыю. Да прыкладу, што датычыць майго участка, то відавочна, што прыхільнікаў Лукашэнкі і тых, хто жадае пераменаў, у грамадзтве прыкладна пароўну: 30 на 30%. Астатнія 40% людзі альбо зусім абыякавыя да гэтых працэсаў, альбо перакананыя, што з выбарамі ўсё даўно вырашана і мы, маўляў, нічога зьмяніць ня можам, гэта ня ў нашых сілах, а таму ўсё застанецца па-ранейшаму.

Мікола Воран таксама перакананы, што браць далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі сэнсу няма, паколькі ва ўсіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, папросту ня будзе ніякіх шанцаў на фінішы.

Спадар Іван з Ашмянаў, зборшчык подпісаў за Лябедзьку, перакананы, што ягоная праца марна не прападзе. Ён нават кажа, што працаваў на пяць гадоў наперад, бо многія маладыя людзі цяпер даведаліся аб тым, хто такі Лябедзька.

— Я працаваў на пяць гадоў наперад, каб яго ведалі людзі і многія пачалі думаць. Я разумею, што мая праца і многіх іншых зараз незаўважная, але цяпер мы пахадзілі па хатах, паказалі, распавялі пра нашага кандыдата. І я заўсёды людзям казаў, што празь пяць гадоў Лябедзька будзе прэзыдэнтам.

Спадарыня Ірына зь Іўя кажа, што зь яе практычнага гледзішча, калі Лябедзьку і не хапіла подпісаў да ста тысячаў, дык толькі мізэрнай колькасьці.

Далей, паводле яе, няма сэнсу ўдзельнічаць у кампаніі, паколькі наперадзе толькі адзін выступ па радыё і тэлебачаньні, а на дэбаты Лукашэнка зь іншымі кандыдатамі ня прыйдзе. Зрэшты, і вынік выбараў, паводле спадарыні Ірыны, ужо вядомы. Яна кажа, што падчас збору подпісаў адкрыла для сябе нешта больш важнае.

— Да прыкладу, для сябе я зрабіла некалькі важных адкрыцьцяў у сваім Іўі. Пакуль чалавек ня выкажа сваю грамадзянскую пазыцыю, то цяжка разабраць, што ў яго на твары напісана. Можна адпачатку падумаць, што гэта перакананы лукашыст, а пасьля можна адкрыць у гэтым чалавеку нешта новае. І для мяне было адкрыцьцём, калі я пабачыла, што многія людзі думаюць так, як і я. Сярод людзей узросту, якія працуюць, я пабачыла шмат тых, на каторых раней бы папросту не разьлічвала. І для мяне гэта было вельмі прыемна.

Мікалай Уласевіч з Варнянаў Астравецкага раёну таксама перакананы, што працы з насельніцтвам за час збору подпісаў было зроблена шмат і гэта, паводле яго, прынясе плён. Праўда, на ягоную думку, калі б подпісаў было дастаткова, то варта было б удзельнічаць і на наступным этапе кампаніі.

— Нехта, безумоўна, нас пачуў і многія будуць пераварваць атрыманую інфармацыю. А што датычыць такога рашэньня, то палітыка — такая рэч, што трэба абавязкова нешта рабіць. І мы недарэмна рабілі сваю працу. Вядома, каб былі подпісы сабраныя, то варта было б удзельнічаць далей, і ад гэтага было б толькі больш карысьці.

XS
SM
MD
LG