Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Ліс нарадзілася 6 кастрычніка 1981 у вёсцы Залесьсе на Гарадзеншчыне. З тых часоў любіць залатую восень! Скончыла Залескую сярэднюю школу, потым — факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М. Танка. Журналіст, фрылансэр. Пісала для газэт «Новая газета Сморгони», «Наша Ніва», сайту «Рэгіён». Супрацоўнік штотыднёвіка «Свободные новости плюс» і Радыё Рацыя. Піша прозу і вершы. Друкавалася ў часопісах «Акно», «Верасень», «Дзеяслоў». Аўтарка кнігі вершаў і прозы «Вясновы джаз» і зборніка жаночай прозы «Пакахайце мяне, калі ласка».

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Ідэальных чытачоў і пісьменьнікаў не існуе. Часам я агучваю гісторыі, што зьяўляюцца ў маёй галаве ці... гісторыі, якія падкідае жыцьцё. І гэта здараецца ня вельмі часта.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Дома. Вечарамі з кубачкам гарачай гарбаты побач.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Аднаго са старых-добрых клясычных дэтэктываў.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Міс Марпл.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Алесь Разанаў, Уладзімір Караткевіч, Эрнэст Гэмінгуэй, Курт Вонэгут, Сьвятлана Алексіевіч, Людміла Рублеўская... Іх многа насамрэч.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Я запампавала ў кіндл кнігі Хальгрымура Хэльгасана, але кінула чытаньне ў самым пачатку... Яго інтэрвію мне падабаюцца больш. Зрэшты, можа, настрой патрэбен іншы. Апошняе з прачытанага, што моцна ўразіла — «Дом, в котором...» Марыям Петрасян.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На жаль, я недастаткова добра валодаю замежнымі мовамі і чытаю толькі па-беларуску ці па-расейску. Найчасьцей апошнім часам — замежную прозу ў перакладах.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

У мяне пакуль толькі адна кніга — «Вясновы джаз».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Хацелася б напісаць кнігу пра гісторыю сваёй сям’і, пра родныя мясьціны.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі хаджу па безбар’ерным горадзе і ў маім электравазку хапае магутнасьці акумулятараў, каб убачыць усё, што патрэбна, ды вярнуцца да гатэля позна ўвечары. Рэдка такое здараецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG