Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія мытнікі хочуць прыраўняць заходнія харчы да выбухоўкі


Фэдэральная мытная служба прапанавала ўвесьці крымінальную адказнасьць за незаконны ўвоз у Расею санкцыйных прадуктаў.

Адпаведны законапраект апублікавалі на фэдэральным партале нарматыўных актаў 20 жніўня.

Расейскія мытнікі хочуць далучыць імпартныя харчовыя тавары да сьпісу стратэгічна важных і караць за іх увоз паводле крымінальнага артыкулу аб кантрабандзе. Паводле гэтага артыкулу парушальнікам пагражае да 12 гадоў зьняволеньня і штраф да мільёна расейскіх рублёў (прыблізна 15 тысяч даляраў), калі злачынства зробленае арганізаванай групай.

Раней такое пакараньне можна было атрымаць, напрыклад, за кантрабанду радыёактыўных матэрыялаў, зброі і выбухоўкі.

Да 3 верасьня законапраект мае прайсьці грамадзкае абмеркаваньне і можа ўступіць у дзеяньне ў сакавіку 2016 году.

Расея ўвяла забарону на пастаўкі мяса, рыбы, малочнай прадукцыі, гародніны і садавіны з краінаў Эўразьвязу, з Канады, Аўстраліі, ЗША і Нарвэгіі ў жніўні мінулага году. Праз год пасьля ўвядзеньня санкцыяў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні прадуктаў, забароненых да ўвозу.

XS
SM
MD
LG