Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на школьныя тавары падскочылі, а заробкі ў бацькоў зьнізіліся


Рэпартаж са школьнага кірмашу ў Гомелі.

Усяго дзесяць дзён засталося да пачатку новага навучальнага году. Многія бацькі заклапочаныя тым, як сабраць сваіх дзяцей ў школу. Цэны на школьнае адзеньне і пісьмовыя прылады вырасьлі, а заробкі ў людзей засталіся на ранейшым узроўні альбо наагул зьменшыліся. Рэпартаж са школьнага кірмашу ў Гомелі.

На алеях у сквэры побач з Цэнтральным рынкам штодня працуе школьны кірмаш. Адзеньне, абутак, заплечнікі, пісьмовыя прылады да школы тут прадаюць як дзяржаўныя гандлёвыя прадпрыемствы, так і прадпрымальнікі.

Гамяльчанка, якая назвалася Сьвятланай Мікалаеўнай, прыйшла зь нявесткай, каб дапамагчы адзець да школы ўнука, які першага верасьня выпраўляецца ў пятую клясу:

«Унучка зьбіраем у школу. Прыкідвалі — шмат грошай трэба, каб яго сабраць. Трэба і адзеньне купіць, і сшыткі, і асадкі. А цэны вырасьлі — усё дорага, вельмі дорага. Маглі б ужо дзецям перад школай скінуць цэны на ўсё гэта — паводле нашых заробкаў гэта зашмат. Дапамагаю ўнука сабраць, бо цэны растуць шпарчэй, чым заробак. Зарплата доўга не падвышалася, а цэны падымаліся ўжо разоў сто. Яны ж падвышаюцца і на школьныя тавары, адзеньне, абутак — на ўсё. Каб хоць штосьці было на адным месцы, дык не. Растуць цэны і на прадукты, і на камунальныя паслугі — на ўсё на сьвеце».

Маладая маці Юля зьбірае да верасьня двух сыноў. Меншы пойдзе ў садок, а старэйшы — у школу:

«Мільёнаў шэсьць ці сем спатрэбіцца, каб купіць усё поўнасьцю. Маю на ўвазе школьныя прыналежнасьці, адзеньне, абутак. Ходзім вось шукаем. Касьцюмчык старэйшаму, абутак — усё разам. Касьцюмчык адзін каля мільёна каштуе: штаны — 311 тысяч, пінжак — 655 тысяч. Абутак больш-менш прыдатны — 600 тысяч. Ёсьць, вядома, таньнейшы — 300-400 тысяч, але сыну ён не пасуе. Трэба купляць той, у якім хадзіць зручна».

Гараджанка Марына звяртае ўвагу, на якія тавары асабліва вырасьлі кошты:

«На адзеньне зьмяніліся цэны — вырасьлі нашмат. І заплечнік добры шэсьцьсот тысяч каштуе. Мы, бывае, у Кіеў езьдзім — купляем там абутак, адзеньне, верхнюю вопратку. Таньней атрымліваецца».

Бацька дзевяціклясьніцы спадар Валянцін, які працуе ў харчовай галіне, купляе дачцэ самы мінімум. Кажа, што заробак яго цяпер складае тры з паловай мільёны і скараціўся ў параўнаньні зь леташнім адсоткаў на дваццаць, таму абновак багата ня купіш:

«Самае неабходнае — касьцюмчык, блюзку, магчыма, штанцы. І пісьмовыя прылады. Сьціпла так. Штосьці зь мінулага году засталося. Калі ўсё ў поўным аб’ёме набываць, то не пацягнулі б, месячнага заробку не хапіла б. У параўнаньні зь леташнім заробкам мы адсоткаў на дваццаць у мінусе».

Пяціклясьніца Віялета прыехала з маці зь мястэчка Зябраўка, што пад Гомелем. Маці Алена апавяла, што на кірмаш яны прыйшлі таму, што ў дзяржаўных крамах усё надзвычай дарагое:

«У крамах ёсьць, але вельмі дорага. Тут выбар, вядома, меншы — бракуе вадалазак, блюзак, спаднічак для дзяўчатак. Па коштах тут ня так ужо й дорага. Калі купляць нешта лепшае — тое, што хочацца, патрэбна мільёнаў пяць. Цэны растуць, а заробкі — не. У мяне нават і пяці мільёнаў няма, цэны перавышаюць заробак. А ў крамах цэны — ого-го! Але гэта не беларускія тавары, найчасьцей з Польшчы. Зь беларускіх тавараў асабліва нічога ня выбераш — страшненькае такое і якасьць ня надта высокая. Ва Ўкраіну не хапае часу езьдзіць, бо працуем на птушкафабрыцы „Сьвітанак“ амаль без выходных і ўсяго за чатыры мільёны».

Амаль каля кожнага шапіка на школьным кірмашы бацькі заклапочана ўглядаюцца ў цэны тавараў, а дзятва марыць, каб з новага навучальнага году ў школах сапраўды не было хатніх заданьняў, як гэта прапануюць некаторыя рэфарматары:

«Не люблю я школу. Матэматыка, расейская мова... каб не было хатніх заданьняў», — пра гэта марыць шасьціклясьнік Дзіма, які прыйшоў з бацькамі выбіраць сабе абноўку да школы.

XS
SM
MD
LG