Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь без Расеі будзе ў поўнай...» — беларусы каля абменьніка


Паводле курсу Нацыянальнага банку Беларусі, 21 жніўня даляр вырас на 75 пунктаў і дасягнуў узроўню 16 498 рублёў. Каля абменнага пункту Масква-Менск банку на вуліцы Сурганава народу вобмаль.

Паводле курсу Нацыянальнага банку Беларусі, 21 жніўня даляр вырас на 75 пунктаў і дасягнуў узроўню 16 498 рублёў, эўра — на 139 пунктаў да ўзроўню 18 337 рублёў. Ад 4 жніўня курс эўра вырас на 1 473 рублі, а даляр на 1 152 рублі. Курсы валют камэрцыйных банкаў вышэйшыя на некалькі рублёў. Да прыкладу, Idea Bank набываў даляр за 16 600 рублёў, а прадаваў за 16 730, эўра — 18 250 і 18 470 адпаведна. Гэтаксама і іншыя камэрцыйныя банкі ўсталявалі курсы валют вышэйшыя ад нацыянальнага.

Каля абменнага пункту Масква-Менск банку на вуліцы Сурганава народу вобмаль. Перапытваю ў касіра, ці магу набыць валюту:

Касір: «Так, колькі вам трэба?»

Карэспандэнтка: «Калі па 500 даляраў і эўра?»

Касір: «Так, можаце».

Тое ж самае адказваюць касіры яшчэ некалькіх банкаў і ўдакладняюць, што колькасьць продажу «ў адныя рукі» не абмежаваная, але набываюць звычайна па 50-250 даляраў. Супрацоўніца «Белаграпрамбанку» ў супэрмаркеце «Гіпа» кажа, што не адчула асаблівага попыту на валюту: даляры і эўра аднолькава часта і набываюць, і прадаюць. Тым часам чэргі каля абменьнікаў усё ж здараюцца: размаўляю зь людзьмі, якія чакаюць каля Idea Bank:

Карэспандэнтка: «Вы прыйшлі ў банк, каб здаць ці набыць валюту? Што думаеце пра рост курсу?».

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Здаць, але перада мной дзяўчына набывала 150 даляраў. А што да росту курсу, то мы ўжо прызвычаіліся да гэтага пастаяннага росту курсу даляра».

Карэспандэнтка: «Гэта добра ці дрэнна, і чаму?»

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Ну, вядома, дрэнна, ну, што тут добрага? Калі за той жа самы даляр, калі ўзяць, да прыкладу, будаўнічыя матэрыялы, можна было набыць мех цэмэнту, то зараз палову меха. Гэта так даўно ўсё доўжыцца, што ня толькі прызвычаіліся, а ставімся да гэтага, практычна, абыякава».

Электратэхніка
Электратэхніка

Карэспандэнтка: «А як доўга гэта могуць трываць сямейныя бюджэты, ваш, да прыкладу?»

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Чалавек вытрывае ўсё... Я, як хрысьціянка, мяркую, што чалавек павінны трываць і зьмірыцца з тым, што ёсьць. Значыць, мы пакараныя за штосьці».

Юнак: Я прыйшоў набыць валюту, бо яна ўвесь час расьце. А таму з часам можна будзе прадаць больш выгадна«.

Карэспандэнтка: «Што думаеце пра рост курсаў, што гэта азначае для краіны, для кожнай сям’і?»

«Будзе 20 тысяч за даляр» — менчукі пра падзеньне рубля
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00

Юнак: «Даляр і эўра і будуць працягваць расьці. Для краіны гэта, натуральна, ня дужа цікава — усё ідзе да дэвальвацыі. Думаю, што да новага году курс даляра будзе дваццаць тысяч беларускіх рублёў. Бо гэта зьвязана з эканомікай ўсяго сьвету: мы залежым ад Расеі, Расея ад Кітаю і гэтак далей».

Дзяўчына: «Мы цалкам прывязаныя да Расеі, а таму абясцэньваньне рубля будзе працягвацца яшчэ доўга».

Карэспандэнтка: «То, магчыма, варта было б „адвязацца“ ад Расеі, каб гэта спыніць?»

Дзяўчына: «А вы думаеце, Беларусь без Расеі што-небудзь можа? Ды без Расеі яна будзе ў поўнай...»

Спадар сталага веку: «Курсы валют імкнуцца кудысьці ўвышыню і, выглядае, што гэтак і будзе доўжыцца. Аніякай пэрспэктывы на тое, што курсы валют спыняць рост ці вернуцца на ранейшы ўзровень, у мяне асабіста няма. Мы вельмі цесна зьвязаныя з Расеяй, а там вельмі дрэнныя справы ў эканоміцы. А таму нам таксама нікуды ад гэтага ня дзецца. У сьвеце нічога лепшага не прыдумана, як рынкавая эканоміка і прыватная ўласнасьць. Так званая сацыяльна-арыентаваная эканоміка, якая ў нас ёсьць — гэта шлях у нікуды. Пакуль ня зьменіцца вось гэтая сацыяльна-арыентаваная эканоміка — нічога ня зьменіцца».

Карэспандэнтка: «Як гэта можа адбыцца?»

Спадар сталага веку: «Перадусім — правесьці сумленныя выбары, каб былі празрыстыя скрыні, каб быў сумленны і кантраляваны падлік галасоў. У гэтыя ня веру на сто адсоткаў — абсалютна несумленныя. Тут і казаць няма пра што».

Карэспандэнтка: «Калі гэтак можа адбыцца, і ці адбудзецца ўвогуле, на вашую думку? »

Спадар сталага веку: «Увогуле гэта магчыма. Бо беларус — ён цярплівы, але каля эканомікі міліцыянта не паставіш. Таму эканамічная сытуацыя сама задушыць любы рэжым і прымусіць яго да зьменаў».

Падчас заўважнага росту курсаў валют у мінулыя гады жыхары Беларусі ратавалі свае ашчаджэньні праз набыцьцё валюты, а таксама прамысловых тавараў: перадусім бытавой тэхнікі, а таксама тавараў лёгкай прамысловасьці. Гэтым разам ў гаспадарчых аддзелах менскіх крамаў і аддзелах электрычных і іншых тавараў ажыятажу не назіралася. Адмыслоўцы мяркуюць, што ў пераважнай большасьці ў людзей сканчаюцца і беларускія рублі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG