Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Самары сыр зьнішчалі пры дапамозе адбельвальніка


У Расеі супрацоўнікі транспартнай пракуратуры сумесна са спэцыялістамі рэгіянальнага Рассельгаснагляду і мытні падчас праверкі адной з крамаў выявілі 12 кг санкцыйнага сыру. Пра гэта паведаміў у чацьвер Інтэрфаксу старэйшы памочнік Куйбышаўскага транспартнага пракурора Аляксандар Гарбатоўскі.

«У краме было выяўлена 9 кг сыру „Парижская буренка“ францускай вытворчасьці. Таксама былі выяўленыя 3 кг сыру гатункаў „Эдам“ і „Тыльзітэр“ — іх паходжаньне вызначыць не ўяўляецца магчымым», — сказаў Гарбатоўскі. Адміністрацыя крамы таксама не змагла паказаць дакумэнты, якія пацьвярджаюць паходжаньне прадукцыі.

«У сувязі з гэтым у адным з памяшканьняў крамы ў прысутнасці двух сьведак, а таксама супрацоўнікаў мытні і Рассельгаснагляду сыр быў парэзаны на кавалкі ў пакет і заліты „адбельвальнікам“, гэта значыць, зьнішчаны», — распавёў прадстаўнік пракуратуры.

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў 29 ліпеня ўказ, згодна зь якім з 6 жніўня сельскагаспадарчая прадукцыя, вырабленая ў краінах, якія падтрымалі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, і забароненая да ўвозу ў краіну, падлягае канфіскацыі і зьнішчэньню.

XS
SM
MD
LG