Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька кажа, што працягвае ўдзел у выбарчай кампаніі, а Някляеў — што спыняе


Той факт, што ініцыятыўная група не сабрала 100 тысячаў подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, не дыскрэдытуе партыю. Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта.

«У вачах нашых апанэнтаў гэта, магчыма, будзе і дыскрэдытацыя. У вачах нашых прыхільнікаў, хутчэй за ўсё, гэта будзе сумленны ўчынак. Думаю, ва ўспрыманьні чалавека нэўтральнага, калі пакласьці на шалі падман, хлусьню і фальсыфікацыі і сумленныя, шчырыя дзеяньні, людзі выберуць другое,» — сказаў Лябедзька.

У нас няма ні аднаго фальшывага подпісу, таму што няма сэнсу іх фальсыфікаваць

Лябедзька лічыць, што ня варта «абсалютызаваць нейкія лічбы». «Калі б мы бралі ўдзел у сапраўдных выбарах, мы разьбіліся б у аладку і сабралі сто тысяч подпісаў. Я гэта гарантую, таму што многія магчымасьці мы проста не выкарыстоўвалі. Мы пайшлі на экспэрымэнт, стварылі групу валянтэраў, і ў нас няма ні аднаго фальшывага подпісу, таму што няма сэнсу іх фальсыфікаваць,» — падкрэсьліў ён.

Палітык адзначыў, што яго каманда працягне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, нават калі ён ня стане кандыдатам у прэзыдэнты. «У нас было рашэньне Палітрады партыі, і на заключным этапе кампаніі майго прозьвішча ўсё роўна б не было ў выбарчым бюлетэні. Пакуль мы губляем толькі адно: магчымасьці выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні. Але калі мы запішам наш выступ і запусьцім яго праз сацыяльныя сеткі, то хто сказаў, што да яго не будзе больш цікавасьці, чым да таго, што выйдзе, магчыма ў тупаватым выглядзе, на беларускім тэлебачаньні? » - сказаў Лябедзька.

Калі мы запішам наш выступ і запусьцім яго праз сацыяльныя сеткі, то хто сказаў, што да яго не будзе больш цікавасьці, чым да таго, што выйдзе, магчыма ў тупаватым выглядзе, на беларускім тэлебачаньні?

Лябедзька паведаміў, што і далей зьбіраецца стаяць у пікетах. «Ёсьць артыкул 45 Выбарчага кодэксу, у адпаведнасьці зь якім грамадзянін, палітычная партыя могуць бесьперашкодна праводзіць агітацыю за, супраць кандыдатаў, праграмаў і гэтак далей», — сказаў ён. Па словах палітыка, калі ўлады будуць ужываць рэпрэсіі, то такім чынам зьбяруцца «доказы, што гэта ня ёсьць свабодныя і справядлівыя выбары».

Тым часам удзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, паэт і палітык Уладзімер Някляеў аб’явіў аб рашэньні «спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі 2015 году».

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Някляеў напісаў: «Казалі-казалі пра ўрокі 2010 года... Ніякага толку. У 2015-м усё тое самае, толькі горш. Толькі небяспечней, бо ў бліжэйшыя пяць гадоў можам страціць незалежнасць. Нават тую, якая яна ні ёсць, беларускую дзяржаву... На тым, бадай, я спыняю свой удзел у выбарчай кампаніі 2015 года. ».

Казалі-казалі пра ўрокі 2010 года... Ніякага толку. У 2015-м усё тое самае, толькі горш.

«Я маю на ўвазе, што я буду займацца толькі стварэньнем грамадзкага руху „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі“, таму што толькі ў гэтым бачу сэнс і самую вялікую неабходнасьць на сёньняшні дзень,» — растлумачыў Някляеў агенцтву БелаПАН.

«Цяпер усе занятыя гэтымі выбарамі, мітусьнёй вакол іх, хоць тут ужо вынікі зразумелыя. Палітычная апатыя ня вельмі спрыяльны час для стварэньня новай арганізацыі, але ўсё адбываецца значна лепш, чым я меркаваў,» — сказаў палітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG