Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымы ўкраінскі сьлед у справе затрыманага Ўладзімера Япрынцава


Уладзімір Япрынцаў

Уладзімір Япрынцаў

Экс-партнэр холдынгу «Трайпл» гатовы судзіцца ў Лёндане — піша інтэрнэт-партал TUT.BY

Украінская інвэстыцыйна-банкаўская кампанія Jaspen Capital Partners разглядае магчымасьць падаць пазоў у Лёнданскі суд на беларускі шматпрофільны холдынг «Трайпл». Нядаўні канфлікт Jaspen Capital Partners вакол зьдзелкі, у якой фігуравалі бацька і сын Япрынцавы, можа разгарэцца з новай сілай.

«Наколькі мы ведаем, абодва Япрынцавы затрыманыя і, паводле нашай інфармацыі, часткова гэта можа быць зьвязана і з нашай справай», — сказаў у камэнтары Tut.by адзін з заснавальнікаў Jaspen Capital Partners Пётр Спатар.

«На гэты момант канфлікт паміж намі ня вырашаны. Больш за тое, узгоднены графік плацяжоў парушаны. А кампанія „Трайпл“ у асобе Юрыя Аляксандравіча (Юрыя Чыжа, асноўнага ўладальніка шматпрофільнага холдынгу „Трайпл“) адмаўляецца ад сваіх абавязацельстваў па тых дамовах, якія былі падпісаныя Уладзімерам Япрынцавым» — адзначыў ён.

Прадстаўнік Jaspen Capital Partners паведаміў, што ў найбліжэйшы месяц кампанія падасьць на «Трайпл» пазоў у Лёнданскі суд.

«Трайпл» не прызнае, але насамрэч паводле ангельскага права абавязаньні перад намі яны маюць», — кажа Спатар.

«Трайпл» не прызнае, але насамрэч паводле ангельскага права абавязаньні перад намі яны маюць»

Паводле яго, сутнасьць канфліктнай сытуацыі палягае ў наступным. У лютым 2014 году Jaspen Capital Partners сумесна з зарэгістраванай у Шатляндыі кампаніяй Maratoni падпісала кантракт з Edena Investments (месца дысьлякацыі — Брытанскія Віргінскія выспы) на пастаўку 2 тыс. тонаў дызэльнага паліва на агульную суму больш за 1,6 млн. даляраў. Зьдзелка была гарантаваная групай кампаніяў «Трайпл» шляхам падпісаньня дакумэнтаў ад імя намесьніка гендырэктара Ўладзімера Япрынцава, сын якога Казьбек зьяўляецца адным з уласнікаў Edena Investments. «Да гэтага мы ніколі не працавалі з «Трайплам» ці іншымі беларускімі кампаніямі, але наш партнэр з Maratoni працаваў, ён нас і пазнаёміў з Казьбекам Япрынцавым, Аляксандрам Арабіянам і Ісаакам Пападопуласам, якія прадстаўлялі інтарэсы «Трайпла» — тлумачыў Спатар.

Паводле яго слоў, «мы ўступілі ў гэтую зьдзелку, бо яна была гарантаваная кампаніяй „Трайпл“, якая належыць Юрыю Чыжу, бо яго статус у Беларусі як бізнэсоўца і кіраўніка кампаніі па гандлі палівам выклікаў наш давер».

Заснавальнікам шатляндзкай кампаніі Maratoni называецца ўкраінскі бізнэсовец Васіль Галаваніч, які займаецца, у прыватнасьці, аптовымі пастаўкамі дызэльнага паліва і іншых сьветлых нафтапрадуктаў. «Беларускае паліва мы плянавалі прадаваць ва Ўкраіне сярод аптовых кліентаў (буйных сельскагаспадарчых і іншых кампаній, зь якімі ў нас ёсьць дзелавыя адносіны). Цана, якую для Maratoni і нас прапанавала Edena/Трайпл на ўмовах перадаплаты, была цікавая, а рызыкі выглядалі невысокімі з-за гарантыяў кампаніі „Трайпл“. Таму мы прынялі ўдзел у дадзенай трансакцыі» — сказаў Спатар.

Ніякіх істотных крокаў з боку сям’і Япрынцава, іх бізнэс-партнэраў або ТАА „Трайпл“ па вяртаньні больш чым 1,6 млн. даляраў не было прынята.

Аднак за час, які мінуў, аплачаная салярка так і не даехала да Ўкраіны.
Але Edena Investments не вярнула Jaspen і Maratoni атрыманыя грошы. Больш за тое, па словах Спатара, «ніякіх істотных крокаў з боку сям’і Япрынцава, іх бізнэс-партнэраў або ТАА „Трайпл“ па вяртаньні больш чым 1,6 млн. даляраў не было прынята».

У выніку Jaspen Capital пачаў рыхтаваць дакумэнты для звароту ў суд.

Пасьля таго як гэта гісторыя была абнародаваная, абодва бакі заявілі аб жаданьні вырашыць канфлікт мірным шляхам. У чэрвені Казьбек Япрынцаў. напісаў tut.by пра тое, што графік пагашэньня запазычанасьці ўзгоднены.

Уладзімер Япрынцаў, саўладальнік холдынгу «Трайпл», займае 19-е месца ў топе самых уплывовых беларускіх бізнэсоўцаў паводле вэрсіі інтэрнэт-выданьня «Ежедневник». У мінулым ён вядомы спартовец, заслужаны майстар спорту СССР па самба, заслужаны трэнэр Беларусі, 4-кратны чэмпіён сьвету па самба, 3-разовы чэмпіён Эўропы па самба, уладальнік Кубка сьвету.

XS
SM
MD
LG