Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое палякаў сьцьвярджаюць, што знайшлі золата нацыстаў


Двое жыхароў Польшчы сьцьвярджаюць, што ў іх атрымалася знайсьці зьніклы ў 1945 годзе пад Уроцлавам цягнік з нацысцкім золатам і каштоўнасьцямі. Як паведамляюць мясцовыя СМІ, яны хочуць атрымаць за гэтую інфармацыю 10% ад кошту скарбу.

Паляўнічыя за скарбамі распавялі аб сваёй знаходцы юрыдычнай фірме.

Паводле іх словаў, яны знайшлі бронецягнік, поўны зьліткаў золата, каштоўнасьцяў і зброі.

Улады гораду Валбжых на паўднёвым захадзе Польшчы пацьвердзілі, што да іх зьвярнулася нейкая юрыдычная фірма, якая прадстаўляе інтарэсы двух чалавек, якія выявілі бронецягнік часоў Другой сусьветнай вайны.

«Адвакаты, вайскоўцы і паліцыя, усе займаюцца гэтай справай», — цытуе Ройтэрз прадстаўніка раскопкі, таму ніхто не можа загадзя прадбачыць, што атрымаецца знайсьці.

«Легенда бударажыць уяўленьне»

Мясцовая легенда абвяшчае, што нацысты пагрузілі золата і каштоўнасьці ў цягнік, які пакінуў тагачасны Брэслаў — цяпер Уроцлаў — у траўні 1945 году, перад вызваленьнем гораду савецкімі войскамі ў канцы Другой сусьветнай вайны.

Цягнік быццам бы заехаў у тунэль каля замка Ксенж ў польскай Сілезіі — і больш яго ніхто ня бачыў. Тунэль з тых часоў зачынілі, а аб зьніклым цягніку не ўспаміналі.

Як піша адна мясцовая газэта, склад быў браняваным і належаў вэрмахту. Паводле іншай польскай газэты, у цягніку магло знаходзіцца да 300 тон золата.

Скептыкі, зрэшты, ня вераць у гісторыю са зьнікненьнем «залатога цягніка», называючы ўсе згадкі пра яго выдумкай. Усе папярэднія спробы знайсьці цягнік-здань не былі пасьпяховымі.

«Некалькі чалавек раней рабілі мноства спробаў знайсьці цягнік і нават пашкодзілі адначасна чыгуначнае палатно, але нічога не змаглі знайсьці. Легенда бударажыць уяўленьне», — кажа мясцовы гісторык Жаана Лампарска.

XS
SM
MD
LG