Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлях да пашпарта Ўкраіны: у чым асноўная праблема. Відэа


Колькі «колаў пекла» трэба прайсьці простым эмігрантам, каб атрымаць украінскае грамадзянства? Гэтую тэму дасьледаваў карэспандэнт Свабоды.

Некалькі тысяч грамадзянаў іншых краінаў, якія пражываюць на тэрыторыі Ўкраіны больш за 5 гадоў, ня могуць атрымаць пашпарт. Праблема — недасканалая бюракратычная сыстэма.

Указ прэзыдэнта — і ў лічаныя дні на аднаго грамадзяніна Ўкраіны стала больш. Матывацыя рашэньня — дзяржаўны інтарэс. А вось простыя грамадзяне, якія пражылі на тэрыторыі краіны больш за пяць гадоў, каб атрымаць украінскі пашпарт, толькі на збор дакумэнтаў губляюць не адзін год.

«У Дэпартамэнта міграцыйнай службы (ДМС) ёсьць усе падставы, каб узаконіць маё знаходжаньне тут. Тым больш, што ў мяне поўны пакет дакумэнтаў, які ляжыць у ДМС. У мяне толькі не хапае міграцыйнай карткі, таму што даўно не выяжджаў, ня заяжджаў», — кажа валянтэр Віктар Пузанаў.

Расеец Віктар, згодна з заканадаўствам, мае поўнае права стаць грамадзянінам Украіны: ён нарадзіўся ў гэтай краіне, бацькі — украінцы, жонка і дзеці таксама грамадзяне Ўкраіны. Але адсутнасьць усяго адной даведкі робіць гэта немагчымым.

«З-за таго заканадаўства, якое стваралася пад нячыстых на руку чыноўнікаў, цяпер такая сытуацыя. Парушаць яны ня могуць і ня хочуць. А калі атрымліваць грамадзянства па законе, то ты можаш яго атрымліваць і два гады» — лічыць валянтэр Віктар Пузанаў.

Беларус Зьміцер таксама не губляе надзеі стаць грамадзянінам Украіны. Бо за 7 гадоў пражываньня ў краіне ён пасьпеў купіць дом, ажаніцца і нарадзіць дзіця. Але пасьля ўдзелу ў баявых дзеяньнях на Ўсходзе краіны сытуацыя для Зьмітра зьмянілася.


«Цяпер міграцыйная служба Ўкраіны патрабуе, каб я сабраў усе дакумэнты, якія патрэбныя паводле закону. Незалежна ад таго, удзельнічаў я ў нейкіх дзеяньнях ці ня ўдзельнічаў. А дакумэнты гэтыя, яшчэ адну даведку, я магу атрымаць толькі ў Беларусі. А вярнуцца туды я не магу. Што будзе, калі я вернуся? Тое ж самае, што і са Зьмітром Палойкам адбылося. Чалавека пасадзілі ў турму», — лічыць Зьміцер «Лясьнік».


Яшчэ пэўны час таму замежнікі-удзельнікі баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны былі ўпэўненыя ў тым, што пашпарт грамадзяніна краіны фактычна ў іх у кішэні. Бо сам прэзыдэнт Парашэнка з трыбуны Вярхоўнай Рады паабяцаў асабіста паспрыяць у атрыманьні статусу: «Пасьля звароту да прэзыдэнта Ўкраіны датычна атрыманьня ўкраінскага грамадзянства беларусамі, расейцамі, якія абаранялі гонар і незалежнасьць нашай краіны, я падпішу ўказ аб наданьні ім украінскага грамадзянства».

«Мы падавалі дакумэнты на грамадзяніна Ўкраіны яшчэ год таму. Арсену Барысавічу Авакаву наўпрост на стол. І тыя хлопцы, якія займаюцца гэтым пытаньнем, кажуць, што дакумэнты ляжаць там жа», — распавёў баец добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу з пазыўным «Док».

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе сьцьвярджаюць, што ў ахвотных атрымаць грамадзянства Ўкраіны ўзьнікаюць толькі з-за іх ўласнай нядбайнасьці.


«Заканадаўствам Украіны прапісана, што зьвярнуцца ў міграцыйную службу могуць толькі грамадзяне, якія легальна знаходзяцца на тэрыторыі краіны», — распавёў кіраўнік прэсавай службы ДМС Сяргей Гунько.


Кансультант па міграцыйных пытаньнях Аляксандар Гайдар пацьвярджае, што самому даволі складана ўлічыць усе нюансы ў афармленьні грамадзянства. Таму лепш зьвяртацца да людзей, якія праз гэта прайшлі.

«Трэба шукаць такіх спэцыялістаў, у якіх ёсьць добрае партфоліё, рэальныя людзі, зьвяртайцеся да такіх людзей, яны неяк дапамагаюць. На самой справе грамадзянства складана атрымаць паўсюль. Яно проста так нідзе не раздаецца», — кажа кіраўнік праекту «Вольніца» Аляксандар Гайдар.

Кожнаму прэзыдэнцкі ўказ не падпішаш, таму ўсім жадаючым мець пашпарт грамадзяніна Украіны давядзецца праходзіць шляхамі бюракратычнай сыстэмы.

XS
SM
MD
LG