Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовы аналітык: Разглядаць справу Япрынцава без прывязкі да Чыжа немагчыма


Уладзімер Япрынцаў
Уладзімер Япрынцаў

Яшчэ не астылі жарсьці вакол арышту генэральнага дырэктара «зуброў» Максіма Суботкіна і генэральнага мэнэджэра каманды Ўладзімера Беражкова, як зьявіліся паведамленьні пра затрыманьне аднаго з кіраўнікоў футбольнагаа «Дынама», буйнога прадпрымальніка Ўладзімера Япрынцава.

Пакуль інфармацыя пра арышт бліжэйшага паплечніка алігарха Юрыя Чыжа не пацьверджана афіцыйна, але ўсё сьведчыць пра тое, што найбліжэйшым часам яму давядзецца кантактаваць выключна са сьледчымі. Пры гэтым ёсьць зьвесткі, што таксама ўзяты пад варту ягоны сын Казьбек — адзін з мэнэджэраў фірмы «Трайпл», сузаснавальнік ІТ-кампаніі «Ямікс Груп».

Арышт Ўладзімера Япрынцава паказальны найперш тым, што гэты чалавек уваходзіў у так званую «першую лінію» бізнэсоўцаў, якім у Беларусі дазволена больш за іншых. Япрынцаў — правая рука заснавальніка шматпрофільнай кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа. Апошні, у сваю чаргу, мае найвышэйшы ўзровень «доступу да цела», гуляючы з Аляксандрам Лукашэнкам у адной хакейнай камандзе і капаючы бульбу на прэзыдэнцкіх сотках у Драздах.

Задзейнічаны Япрынцаў і ў спартовых праектах свайго боса: ён — першы намесьнік старшыні праўленьня футбольнага клюбу «Дынама» (Менск), які належыць Юрыю Чыжу (дарэчы, акурат сёньня «дынамаўцы» праводзяць чарговы матч у межах кваліфікацыі Лігі Эўропы). Гэтаксама выступае Япрынцаў арганізатарам і спонсарам міжнародных барцоўскіх турніраў у Менску.

Што стала магчымай падставай да затрыманьня чалавека, які заўсёды выказваў ляяльнасьць да дзейнага кіраўніцтва краіны? І ці вымалёўваюцца тут нейкія сувязі са справай мэнэджэраў хакейнага «Дынама»? Меркаваньне выказвае спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка:

Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка

«Зь Беражковым, па вялікім рахунку, яшчэ можна нешта зразумець. За тыя амаль 20 гадоў, што ён кіраваў «Прессболом», ён вельмі рэзка выступаў супраць карупцыі, прычым, ня толькі ў спорце, а супраць любой карупцыі ў краіне. Таму бяльмом на воку ён быў шмат у каго. А вось Япрынцаў — для мяне гэта зьява не зусім зразумелая. Ён нідзе асабліва не сьвяціўся, нідзе не выступаў — і такі вось удар. Я лічу, што разглядаць Япрынцава асобна ад Чыжа, ягонага боса, увогуле не з рукі. Але нават пры такім сцэнары складана будаваць нейкія здагадкі. Япрынцаў, у маім разуменьні, — а я кантактаваў зь ім, калі быў дзейным спартовым журналістам — пакінуў уражаньне прыстойнага, годнага чалавека, карпаратыўнага, як ўсе барцы. І раптам такая нечаканасьць. Паўтару: усё ж трэба разглядаць гэтае пытаньне ў арэоле Чыжа, хоць наўпроставай вэрсіі асабіста я не знаходжу. Але калі затрыманы яшчэ і сын, то гэта, хутчэй за ўсё, нейкія бізнэс-праекты з удзелам «Трайпла».

У мінулым Ўладзімер Япрынцаў праславіў Беларусь сваімі дасягненьнямі, заваяваўшы некалькі тытулаў чэмпіёна сьвету і Эўропы па самба, быў уладальнікам Кубку сьвету. Ён — віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі самба, кіраўнік двух грамадзкіх арганізацый — Беларускай фэдэрацыі самба і Беларускай фэдэрацыі дзюдо. Заслужаны трэнэр Беларусі. З адыходам ад спартовай дзейнасьці прымкнуў да Юрыя Чыжа, стаўшы ягоным верным памочнікам. Менавіта гэты саюз, на думку Ўладзімера Даўжэнкі, урэшце мог стаць для Япрынцава вырашальным:

«Ёсьць цалкам вытлумачальны варыянт. Да мяне дайшлі чуткі, што апошнім часам „прэзыдэнцкі кашалёк“, як яшчэ называюць Юрыя Чыжа, стаў менш набліжаным да прэзыдэнта, ягонае месца паступова займае іншы фаварыт — Аляксандар Шакуцін (кіраўнік Амкадору — РС). Хоць на выходныя, усе бачылі, як уся кампанія дружна ў Драздах капала бульбу, выбірала кавуны, Чыж па-ранейшаму ў гэтай абойме. Тым ня менш, дзеяньні аднаго вядомага чалавека непрадказальныя, магчыма, там насамрэч ідзе нейкае адсяканьне адных на карысьць іншых, і пачынаюць з найбліжэйшага кола. Але рабіць нейкія высновы складана, можна хіба пра нешта здагадвацца. Прынамсі, я хацеў бы пажадаць і Япрынцаву, і Беражкову, каб для іх усё ўрэшце скончылася станоўча. Таму што ў краіне, дзе тэатраў меней, чым турмаў, быць зьняволеным — гэта вельмі дрэнна».

Тым часам працягваюцца сьледчыя дзеяньні ў адносінах да кіраўнікоў хакейнага «Дынама» — Максіма Суботкіна і Ўладзімера Беражкова. Днямі на допыт у справе мэнэджэраў «зуброў» у Сьледчы камітэт быў выкліканы Леанід Сагындыкаў — «дынамаўскі» сэлекцынэр у Расеі, сябар Беражкова яшчэ па выступе за менскае «Юнацтва». Праўда, даўшы падпіску аб неразгалошаньні таямніцы сьледзтва, Сагындыкаў пакінуў межы краіны.

Суботкіну і Беражкову інкрымінуецца злоўжываньне службовым становішчам і нямэтавае выкарыстаньне клюбных сродкаў. Тым часам, як лічаць спартовыя аналітыкі, крымінальны скандал можа прывесьці да таго, што сэзон Кантынэнтальнай хакейнай лігі для «Дынама» можа нават і не пачацца. І гэта прытым, як кажа намесьнік кіраўнічага дырэктара расейскай Вышэйшай хакейнай лігі Мікалай Карповіч, што менавіта Беражкову нарэшце ўдалося зьляпіць з каманды нешта ўцямнае:

Мікалай Карповіч
Мікалай Карповіч

«Тыя вынікі, якіх „Дынама“ дасягнула за год, яно не паказвала ні за савецкім часам, ні цягам свайго знаходжаньня ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе. Нас цяпер у першую чаргу турбуе лёс Уладзімера Пятровіча, але хакейную грамадзкасьць у тым ліку непакоіць і лёс менскага „Дынама“. Таму што на сёньняшні дзень каманда абезгалоўленая, і яе будучыня, як у сёлетнім сэзоне, так і ў стратэгічным пляне, выклікае вялікія пытаньні. Хочацца спадзявацца, што ўжо найбліжэйшым часам гэтая сытуацыя вырашыцца і Ўладзімер Беражкоў прыступіць да сваіх абавязкаў аднаго з кіраўнікоў „Дынама“. Калі паглядзець, нават беручы лякальна хакей, у Расеі гэта таксама выклікала вялікую інфармацыйную хвалю зь відавочнай высновай: трэба хутчэй ва ўсім разабрацца, бо, па-сутнасьці, мы губляем „Дынама“, ягоную прысутнасьць у КХЛ».

За 10 дзён да пачатку рэгулярнага сэзону ў КХЛ ніхто з гульцоў і трэнэраў менскага «Дынама» ня выказаўся адносна арышту Ўладзімера Беражкова і Максіма Суботкіна. Няма ніякай рэакцыі на затрыманьне мэнэджэраў каманды з боку іншых спартоўцаў, гэтаксама як і функцыянэраў Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG