Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актор, які сыграў беларускага Хрыста. Відэа


Леў Дураў у галоўнай ролі ў фільме «Жыцьцё і ўзьнясеньне Юрася Братчыка» (1967) паводле раману Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Леў Дураў у галоўнай ролі ў фільме «Жыцьцё і ўзьнясеньне Юрася Братчыка» (1967) паводле раману Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

У Маскве ва ўзросьце 83 гадоў памёр народны артыст СССР Леў Дураў.

У пачатку жніўня Дураву быў пастаўлены дыягназ «вострая сардэчная недастатковасьць». Праз тыдзень стан актора ўскладніўся пнэўманіяй. За суткі да сьмерці лекары правялі яму тэрміновую апэрацыю, але выратаваць яго ім не ўдалося.

Леў Дураў — прадстаўнік знакамітай дынастыі цыркавых артыстаў. Ён нарадзіўся 23 сьнежня 1931 у Маскве. У 1954 годзе скончыў школу-студыю МХАТ і далучыўся да трупы Цэнтральнага дзіцячага тэатру. Потым некалькі гадоў праслужыў у «Ленкоме», а ў 1967 годзе паступіў у Тэатар на Малой Броннай, дзе прапрацаваў да канца жыцьця.

Актор сыграў больш за 200 роляў у кіно. Найбольш вядомыя фільмы зь яго ўдзелам: «Я крочу па Маскве», «Вялікі перапынак», «Д’Артаньян і тры мушкецёры», «Узброены і вельмі небясьпечны», «Блуканьне па пакутах», «Чалавек з бульвару Капуцынаў», «Сямнаццаць імгненьняў вясны», «Майстар і Маргарыта», «Сірата Казанская».

Дураў таксама агучваў анімацыйныя фільмы. Напрыклад, яго голасам гаварыў сабака Шарык ў мультфільмах пра Прастаквашына.

"Дон Жуан" Анатоля Эфроса (Тэатар на Малой Броннай). Леў Дуаў - Сганарэль і Мікалай Волкаў - Дон Жуан. Фота Міхаіла Гутэрмана

"Дон Жуан" Анатоля Эфроса (Тэатар на Малой Броннай). Леў Дуаў - Сганарэль і Мікалай Волкаў - Дон Жуан. Фота Міхаіла Гутэрмана

У 1990 годзе Леў Дураў атрымаў званьне «Народны артыст СССР».

Леў Дураў удзельнічаў у мультымэдыйным праекце для хворых дзяцей «Знайдзі свайго матылька» на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Сярод калегаў Леў Дураў меў славу баечніка і жартаўніка, майстра дасьціпных прыколаў і розыгрышаў, які пастаянна пад’юджвае іншых актораў.

Артыст падпісваў адкрытыя лісты ў абарону тэлеканалу НТВ у 2001 годзе і выдавецтва «Эксмо» ў 2003 годзе. Выступаў з асуджэньнем войнаў у Афганістане, Чачні, Грузіі. Прынцыпова ня быў членам КПСС, характарызаваў савецкую ідэалёгію як «ілюзорную, фальшывую, але вельмі моцную», а Сталіна — як «найстрашнейшага чалавека ў сьвеце». Разам з тым, Льва Дурава няма ў сьпісе расейскай інтэлігенцыі, якая ў пачатку 2014 году выступіла з калектыўным зваротам супраць дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Не ўвайшоў ён і ў «белы сьпіс» дзеячоў культуры, які апублікавала Міністэрства культуры Ўкраіны сёлета.

Пра СССР, кампартыю і сучасную Расею: Мы вельмі доўга хлусілі самі сабе

У адным з апошніх вялікіх інтэрвію на грамадзка-палітычную тэму, якое Леў Дураў даў выданьню «Аргумэнт», актор гаворыць пра непрыманьне савецкай ідэалёгіі, з-за якога ён некалькі гадоў меў статус невыязнога з СССР.

Савецкая ідэалёгія была ілюзорнай, фальшывай, але вельмі моцнай.

«Калі было пахаваньне Сталіна [...], бачу, што ўсе дзеўкі сядзяць перад партрэтам Сталіна і плачуць. Пытаюся ў іх: „Вы чаго равеце? Знайшлі з-за чаго“. Яны асалапелі: „Як ты можаш? Бацька родны памёр“. А я кажу: „Курыцы вы мокрыя, здох найстрашнейшы чалавек у сьвеце“. Я гэта проста нутром адчуваў, мне ніхто не казаў пра гэта. Бо інфармацыі не было ніякай, толькі потым усе даведаліся, што ён на самай справе чыніў».

«Тыя, хто не хацеў уступаць у партыю, звычайна адгаворваліся: я, маўляў, яшчэ ня варты, не заслужыў. А я адразу сказаў: ня буду, таму што вы падлы. Падыходзіць да мяне сакратар райкаму нашага: «Леў Канстанцінавіч, вы нашая надзея, чаму вы не ўступаеце ў партыю?». «Не хачу», — адказваю. «Як так?!» «А вы хлусіце ўвесь час».

«Савецкая ідэалёгія была ілюзорнай, фальшывай, але вельмі моцнай. Успомніце, што вам чыталі ў дзіцячым садку? Як Ленін на санках катаецца, як Ленін падмануў жандараў, як Ленін вавёрачак у лесе корміць. У фае кожнай школы стаяў бюст Леніна. Чалавек робіцца замбаваным, і большасьць потым зь цяжкасьцю з гэтага вылазіць. Напэўна, трэба, каб яшчэ некалькі пакаленьняў зьмянілася».

«Любая імпэрыя, якая зьбіраецца сілай, рана ці позна выбухае, гэта закон».

У інтэрвію «Аргумэнтам і фактам» Леў Дураў шмат разважае пра лёс Расеі.

Наша гісторыя ўся перавернутая з ног на галаву. Мы ж доўга хлусілі самі сабе.

«Мы як быццам праклятыя. Але вось за што — не разумею. У чым мы вінаватыя, ня ведаю. Паводле формулы Васіля Шукшына, „не жылі багата — ня трэба і пачынаць“, ніколі не было раю ў Расеі. За ўсімі царамі былі і рэпрэсіі, і пакараньні, і ўбогія. Нейкі страшны рок над нашай краінай вісіць да гэтага часу».

«Наша гісторыя ўся перавернутая з ног на галаву. Мы ж доўга хлусілі самі сабе. У Леніна была палюбоўніца?! Ды вы што?! Якая Інэса Арманд?! Ленін быў жывым чалавекам, і яму былі ўласьцівыя ўсе чалавечыя жарсьці. Але гістарычная хлусьня, як скрутак, намотвалася дзесяцігодзьдзямі і скажала праўду. [...] І ў той жа час камуністычная ідэалёгія дагэтуль жыве, у яе шмат прыхільнікаў. Яна выявілася такой магутнай, значыць, усё ня так проста. І ёсьць у ёй нешта, што людзям блізкае».

Выступіўшы ў якасьці госьця праграмы «Тварам да твару» на сайце Радыё Свабода, Леў Дураў зьвярнуўся да праблемаў сучаснай Расеі:

Напэўна, трэба ня выпусьціць адзін-два лішнія танкі, а гэтыя грошы аддаць на культуру.

«Паглядзіце, які адсотак (фінансаваньня — Р.С.) адпушчаны на культуру, — і вам усё будзе ясна. Нават і размаўляць няма пра што. Напэўна, трэба ня выпусьціць адзін-два лішнія танкі, а гэтыя грошы аддаць на культуру».

«Сацыялізм і камунізм — гэта ілюзорная была ідэя, але вельмі магутная. Бо большасьць людзей верылі ва ўсё гэта, хоць і я разумеў, што гэта поўная ілюзія, што гэта незьдзяйсьняльнае, „пралетары ўсіх краін, аб’ядноўвайцеся“ — я ведаў, што яны ніколі не аб’яднаюцца, і не маглі яны аб’яднацца, наіўны лёзунг».

Для інтэрвію ў часопісе «Большой» Леў Дураў таксама адказаў на некалькі пытаньня пра сучасную Расею.

Б. Як вы зараз ставіцеся да палітычных гульняў: Пуцін, Навальны ...

Леў Дураў

Леў Дураў

Л.Д. Вельмі дрэнна. Навальны і Пуцін нічога не прапаноўваюць. Хіба што пяро ў космас (гаворка ідзе пра алімпійскі агонь. — Заўвага «Большого».).

Б. Якім для вас бачыцца ідэальны варыянт разьвіцьця Расеі?

Л.Д. Галоўнае — ня красьці.

Б. А калі казаць пра асобаў?

Л.Д. Ня ведаю. Няма зьвяна, на якім можна спыніцца. Ланцужок роўненькі. Патрэбна жорсткая рука. Свабода — добра, вольніца — дрэнна!

Пра Ўкраіну: Тое, што адбываецца, — катастрофа

Гаворачы пра Ўкраіну, Леў Дураў згадвае фільмы, якія здымаліся ў Кіеве і ўкраінскую кухню.

«Я Кіеў згадваю як выдатны горад! Шмат разоў здымаўся там. У прыватнасьці, на Андрэеўскім спуску — у трох карцінах. Вельмі цудоўна было. Для мяне гэта родны горад, душэўны, дзівосна прыгожы. У мяне сяброў у Кіеве шмат. А якая ўкраінская кухня смачная! Боршч, варэнікі, сала, самагон... Сала такога не знайсьці ва ўсім сьвеце! Яно абпальваецца саломай і таму водар, і смак мае незвычайны. І тое, што зараз ва Ўкраіне адбываецца, — катастрофа. Але спадзяюся, што ўсё наладзіцца».

Пра Беларусь: Цудоўная краіна, дзе жылі мае сябры

Апошні творчы вечар у Менску Леў Дураў правёў у лістападзе 2013 году. Ён называўся «Маналёг і байкі Льва Дурава». Тады ў інтэрвію «Камсамольскай праўдзе» актор адказаў на некалькі пытаньняў пра Беларусь.

Я часта бываў у Беларусі, добра яе ведаю і ўпэўнены, што нічога, акрамя дабра і цудоўнага, у вашай краіне ня ўбачу.

«Я часта бываў у Беларусі, добра яе ведаю і ўпэўнены, што нічога, акрамя дабра і цудоўнага, у вашай краіне ня ўбачу».

«Знаёмыя ў Беларусі... З тых, хто жывы цяпер, — Уладзімер Гасьцюхін, мы зь ім сябры. Гэта больш, чым знаёмыя. А з тых, якія пайшлі, — Станюта, Кармунін».

«Я ніколі не адмаўляўся зьняцца ў беларускім фільме. Гатовы хоць зараз».

Леў Дураў зьняўся ў галоўнай ролі ў фільме «Жыціе і ўзьнясеньне Юрася Братчыка», пастаўленым на кінастудыі «Беларусьфільм» ў 1967 годзе рэжысэрам Уладзімерам Бычковым па сцэнары Ўладзімера Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

З-за тэмы «галоднага бунту» і рэлігійных матываў ужо гатовы фільм ня быў выпушчаны ў пракат і «праляжаў на паліцы» да 1989 году, але копія фільма была закупленая Ватыканам.

Невядома, ці захаваўся варыянт фільма з агучваньнем па-расейску. У тытрах беларускамоўнай копіі назва фільма паказана, як «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG