Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браян Уітмар: Закладнікі Пуціна


Эстан Кохвэр, Алег Сянцоў, Надзея Саўчанка

Эстан Кохвэр, Алег Сянцоў, Надзея Саўчанка

Аглядальнік радыё Свабода Браян Уітмар у сваім блогу піша
пра трох вязьняў расейскіх турмаў — Эстана Кохвэра, Алега Сянцова і Надзею Саўчанку


Адзін зь іх — афіцэр паліцыі, другі — рэжысэр, яшчэ адна — лётчыца.

Тры чалавекі незаконна выкрадзеныя са сваёй радзімы і несправядліва заключаныя ў турму замежнай дзяржавы — іх жыцьцё разбуранае, іх будучыня пад пытаньнем.

Пазнаёмцеся з закладнікамі Ўладзімера Пуціна — двое мужчын і жанчына, якія сталі ахвярамі джыхаду крамлёўскага лідэра супраць міжнародных правілаў, нормаў і права.

Пуцін у апошнія пару гадоў зрабіў шмат рэчаў, якія шакуюць.

Пасьля Гітлера ён стаў першым лідэрам, які гвалтоўна анэксаваў частку іншай краіны ў Эўропе. Ён цалкам штучна выклікаў вайну на ўсходзе Ўкраіны, у якой загінулі тысячы чалавек. Ён закруціў Расею ў абсурдную сьпіраль ксэнафобіі, нецярпімасьці і рэпрэсій. Ён гуляе ў небясьпечную гульню балянсаваньня на мяжы вайны з Захадам.

І ён таксама стаў выкрадальнікам людзей — гэта значыць міжнародным злачынцам.

Афіцэр паліцыі

Масква заяўляе, што Эстан Кохвэр зьяўляецца эстонскім шпіёнам і што ён быў затрыманы пры правядзеньні шпіёнскай апэрацыі ў Расеі. Ён не зьяўляецца шпіёнам і ня быў ім.

Кохвэр — афіцэр службы бясьпекі Эстоніі, аналяга амэрыканскага Фэдэральнага бюро дасьледаваньняў.

У той момант, калі ён быў выкрадзены, ён расьсьледаваў справу аб кантрабандзе, якую вязуць у Эстонію расейскія групоўкі арганізаванай злачыннасьці. Раніцай 5 верасьня 2014 году Кохвэр накіраваўся ў лес у некалькіх кілямэтрах ад мяжы з Расеяй, каб сустрэцца зь інфарматарам.

Гэта была пастка. Кохвэр трапіў у засаду, яго выкралі і пад руляй пісталета даставілі ў Расею.

Эстонскія і расейскія памежнікі агледзелі месца, дзе зьнік Кохвэр у дзень інцыдэнту. У двухмоўным сумесным пратаколе на аснове аналізу сьлядоў зробленая выснова, што група людзей ўвайшла ў Эстонію з Расеі, а затым вярнуўся ў Расею.

19 жніўня суд у Пскоўскай вобласьці Расеі прысудзіў Кохвэра да 15 гадоў пазбаўленьня волі за шпіянаж.

Рэжысэр

Расея заяўляе, што Алег Сянцоў зьяўляецца тэрарыстам. Ён не зьяўляецца тэрарыстам. Адзінае, у чым Сянцоў «вінаваты» — дык гэтага ў мужнай гатоўнасьці адкрыта процістаяць незаконнай анэксіі Масквой яго радзімы.

Сянцоў — украінскі рэжысёр, вядомы сваім нашумелым фільмам «Гамер», якім ён дэбютаваў на Ратэрдамскім кінафэстывалі 2012 году. На яго забесьпячэньні — двое дзяцей, якіх ён гадуе адзін.

Ураджэнец Крыму, Сянцоў быў рашучым прыхільнікам Эўрамайдану. Ён таксама быў зацятым праціўнікам далучэньня Крыму да Расеі, ён дапамагаў дастаўляць харчаваньне ўкраінскім вайскоўцам, якія былі заблякаваныя на паўвостраве расейскімі вайсковымі аддзеламі.

Сянцоў быў захоплены ў Сімфэропалі агентамі расейскай службы бясьпекі 11 траўня 2014 году, неўзабаве пасьля таго, як ён узяў удзел у дэманстрацыі супраць анэксіі.

Ён быў узяты пад варту і абвінавачаны ў падпалах у офісах партыі «Единая Россия» і «Руской общины» ў Крыме. Яго таксама абвінавацілі ў змове з мэтай падарваць помнік Леніну ў Сімфэропалі.

Пракуроры не праявілі дастатковых доказаў у падтрымку абвінавачваньня супраць Сянцова, ключавы сьведка — Генадзь Афанасьеў — на судзе адмовіўся ад сваіх папярэдніх паказаньняў і заявіў, што даваў іх на сьледзтве пад прымусам.

Падчас разгляду справы Сянцова ў расейскім горадзе Растоў-на-Доне пракурор папрасіў асудзіць яго на 23 гады зьняволеньня.

«Я не зьбіраюся прасіць вас аб чым-небудзь — сказаў Сянцоў у сваім апошнім слове. — Усе разумеюць, што суд акупантаў па вызначэньні ня можа быць сумленным». «Не прымайце гэта асабіста на свой рахунак», — сказаў ён, зьвяртаючыся да судзьдзі.

Лётчыца

З трох міжнародных закладнікаў Пуціна Надзея Саўчанка зьяўляецца самым вядомым.

Масква кажа, што Саўчанка зьяўляецца забойцай. Яна не зьяўляецца забойцай. Адзінае, у чым яна «вінаватая», дык у тым, што рызыкавала жыцьцём дзеля незалежнасьці сваёй краіны.

Першая жанчына ва Ўкраіне, якая стала ваенным лётчыкам, Саўчанка была добраахвотніцай у барацьбе з прамаскоўскімі сэпаратыстамі ў Данбасе. Яна выконвала місію выратаваньня ўкраінскіх салдатаў, калі была захопленая сэпаратыстамі ў раёне вёскі Мэталіст ў Луганскай вобласьці ў сярэдзіне чэрвеня 2014 году.

19 чэрвеня сэпаратысты абнародавалі відэазапіс яе допыту, падчас якога яна была прыкаваная кайданкамі да мэталічнай трубы.

Праз некалькі тыдняў стала вядома, што яна знаходзіцца пад вартай у Расеі, дзе яе абвінавацілі ў саўдзеле ў сьмерці двух расейскіх журналістаў, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы з Расеяй.

Юрысты кажуць, што зьвесткі пра званкі з мабільнага тэлефона Саўчанкі і відэазапіс яе допыту даказваюць, што яна ўжо была ў палоне, калі журналісты былі забітыя. Ёй пагражае 25 гадоў турмы.

У трох ахвяраў пуцінскага выкраданьня людзей — Кохвэра, Сянцоўва і Саўчанкі — ёсьць нешта агульнае.

Усе яны нарадзіліся ў Савецкім Саюзе, і ўсе яны сталі ляяльнымі і пасьпяховымі грамадзянамі ў новых незалежных краінах.

І для Пуціна, які лічыць распад СССР трагедыяй, гэта дастатковае злачынства, каб захапіць іх.

Але мы павінны разглядаць іх як закладнікаў, якія былі незаконна выкрадзеныя чалавекам, які робіцца ўсё больш небясьпечным ізгоям.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG