Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепешаў і я


Іван Якаўлевіч Лепешаў (1924-2014), мовазнаўца, аўтар больш як 600 навуковых публікацыяў, 47 навуковых кніг.

Іван Якаўлевіч Лепешаў (1924-2014), мовазнаўца, аўтар больш як 600 навуковых публікацыяў, 47 навуковых кніг.

Ала Петрушкевіч

Яшчэ ў далёкія студэнцкія часы прыдумалі жарт: ініцыялы выкладчыка з’іначылі на такі лад: Лепешаў І Я. Падкрэсьлілі такім чынам, што ён быў у жыцьці літаральна кожнага з нас, студэнтаў. Як пасьля заставаўся побач з намі, ягонымі калегамі. З кожным з нас.

Дзякуй, дзякуй

Той раптоўны востры боль, што ўвайшоў у сэрца ад жалобнае весткі, праз усе разьвітальныя дні пераадольваўся пачуцьцём удзячнасьці лёсу за тое, што ён быў у маім жыцьці. За тое, што быў мне ня толькі Настаўнікам, калегам, але і старэйшым Сябрам, якіх у мяне нават менш, чым адзінкі. Ні з кім так доўга не размаўляла праз тэлефон, як зь ім. Не, я была далёка не адна, каму ён тэлефанаваў і з кім размовы доўжыліся бясконца. Але мы зь ім аднолькава ўспрымалі тое, што робіцца ў сьвеце, аднолькава перажывалі за Ўкраіну, за нашу беларускую бяду, чыталі адны пэрыёдыкі, абменьваліся кнігамі, прачытанае заўсёды абмяркоўвалі.

У канцы размовы Іван Якаўлевіч абавязкова казаў: «Дзякуй Вам за тое, што патэлефанавалі». Калі ж сам тэлефанаваў: «Дзякуй Вам за размову». І паўтараў некалькі разоў: «Дзякуй, дзякуй, дзякуй...»

Больш ніколі гэтага ня будзе. Але я ўдзячная лёсу за тое, што гэта было.

Так ён працаваў

Пра адзін выпадак, які надзвычай ярка характарызуе Івана Якаўлевіча як вучонага-працаўніка, распавёў Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч.

Гэта было яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Неяк перад самым Новым годам, калі ўжо праводзіць стары селі, зазваніў тэлефон. Натуральна, падумалася: нехта хоча павіншаваць. Тэлефануе Лепешаў: «У Вас там кніга ёсьць... Паглядзіце, калі ласка, мне трэба... Я якраз пішу...»

У той час, калі ўся тая бязьмежная краіна сьвяткавала Новы год, ён працаваў над сваёю чарговай кнігай. Ён пісаў. Для яго не было нічога, апроч працы. У ёй знаходзіў адхланьне, задавальненьне. Праца была ягоным шчасьцем.

Нікому не кажыце

Перш, чым расказаць нешта крамольнае, Іван Якаўлевіч папярэджваў: «Толькі нікому не кажыце». Казаў так, калі хацеў, каб засталося між намі. Казаў і ў студэнцкай аўдыторыі, перад усёй групай. Не без жарту, добра ведаючы, што шыла ў мяшку не схаваеш.

Такое папярэджаньне мы, студэнты, чулі яшчэ ў мінулым тысячагодзьдзі. Так ён папярэджваў і студэнтаў сёньняшніх. Нам чытаў «Сказ пра Лысую гару». Па сакрэту. Дахаты ня даў: «Навошта дахаты? Тут чытайце і нікому не кажыце». Вельмі любіў гэтую паэму.

У цемры

У той страшнай цемры ГУЛАГУ каб вытрымаць, калі станавілася невыносна, Іван Якаўлевіч чытаў вершы. На памяць. Любіў клясыку, беларускую, расейскую, асабліва любіў Купалу, Твардоўскага, Куляшова. Накрываўся з галавою, хаваўся ад усіх і чытаў. Лячыў сваю душу паэзіяй.

Другая цемра ўпрытык падышла да яго на схіле жыцьцёвага шляху, у шпіталі. Быў якраз вельмі нядобры час: перад пачаткам ацяпляльнага сэзону. Ня дай Божа трапляць у шпіталь такою парою. Літаральна да апошняга дня чытаў кнігі, газэты. Але рукі мерзьлі так, што ўтрымаць нават газэту было цяжка. Тады ён накрываўся і ў цемры чытаў вершы. Тыя ж, улюбёныя: Купалы, Твардоўскага, Куляшова...

Нічога не баяўся

Прайшоў вайну. Быў паранены. Насіў у целе асколак. Быў незаконна асуджаны. Прайшоў ГУЛАГ. Выжыў. Ці меў ён страх? Безумоўна. Але не ў апошні час. У апошнія гады ён не баяўся нічога. Бо страх свой перажыў.

Вырашыў ратаваць мову. Сабраў некалькі дзясяткаў подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы ў абарону мовы. Многія падпісаліся. Зразумела, што быў то марны лямант.

Адзін зь нямногіх, хто не баяўся даць інтэрвію Радыё Свабода. Адзіны з усіх выкладчыкаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту, хто апошнім часам друкаваўся ў «Народнай волі».

Е.б.ж.

Часам чула ад Івана Якаўлевіча:

Хацеў сказаць ёй: «Е.б.ж.», але падумаў, ці зразумее?

Сказаў яму: «Е.б.ж...»

Што азначала гэтая абрэвіятура? — «Если буду жив». Чаму па-расейску? Бо адтуль, дзе не было вядома, ці выжыве. Прывез яе з ГУЛАГУ. Дзе мова была расейская. Дзе зь яго асабліва зьдзекаваўся зямляк-прыдурак: «Ты белорус! Бульбашь! Я по выговору твоему слышу».

Вярнулася гэта ў апошнія гады. Калі таксама ня ведаў, ці будзе жыць.

Самы вялікі клопат нашага Настаўніка — ягоныя кнігі. Навуковыя працы. Выходзілі толькі ў дзяржаўных выдавецтвах. Гэта была справа прынцыпу. Патрэбна была вялікая настойлівасьць, цярплівасьць, часам упартасьць, каб дабіцца чарговага выданьня. А гэта ў яго было. Колькі даводзілася яму тэлефанаваць, часам і езьдзіць у той няблізкі Менск!

Пра ўсё гэта распавядаў у тэлефонных размовах найперш.

Калі часам чуў на тым баку дрота, што выданьне пераносіцца, што мо на наступны год, хацелася яму сказаць сваё «ебж». Але гаварыў не заўсёды. Бо ці зразумеюць? Калі чалавеку ўжо ня толькі за 80, але і за 85, і здароўе ягонае ніякае, то ці можа быць ён пэўны, што будзе жыць, што дачакаецца праз той цэлы год?

Ён выдаў усе свае заплянаваныя кнігі.

Дзе той інтэрнэт?

Магчымасьці інтэрнэту ўспрымаў як нешта незвычайнае, як цуд. Калі раней прасіў, тэлефануючы: «Паглядзіце, там у Вас у кнізе тое і тое павінна быць. Мне трэба цытату спраўдзіць», то апошнім часам казаў: «Папытайце ў свайго гугла, мо падкажа». І ўсё дапытваўся: «Дзе той інтэрнэт? Што такое тая віртуальная прастора? Недзе ж яна ёсьць...»

Дзівіўся часам: «Колькі ўсяго ў артыкуле, гэта ж трэба аўтару так шмат зьвестак сабраць». Калі падказвала, што на тое інтэрнэт ёсьць, моцна расчароўваўся: «Дык ён сам не шукаў? Што гэта за работа?! Вось нам раней, каб нешта знайсьці, трэба было часам горы літаратуры перакапаць».

Сам кампутар засвоіць так і не захацеў. Усё жыцьцё верна служыла яму друкарка.

Апошняе сьвята вэтэрана

Напярэдадні Дня Перамогі Іван Якаўлевіч хадзіў на сьвяточныя сустрэчы ва ўнівэрсытэт. Заўсёды запрашалі. Апошнім разам сышоў, не дабыўшы да канца. Не вытрымаў таго, што ўхвалялі, за што ўздымалі чарку афіцыйныя вэтэраны. Зусім і не вэтэраны. Бо ён тады ўжо быў адзіным і апошнім ва ўнівэрсытэце, хто ваяваў. І адзіным рэпрэсаваным.

Тэлефанаваў, расказваў, як не вытрымаў, як устаў і сказаў ім усё, што пра іх думае. Сказаў: «Я сыходжу!» І сышоў...

Гэта было ягонае апошняе сьвяткаваньне Дня Перамогі, якую ён успрымаў па-быкаўску.

Апошнія кнігі

Тым апошнім летам Іван Якаўлевіч чытаў ня меней, чым заўсёды.

Застаўся даволі вялікі запіс, зроблены вясною супрацоўнікамі ўнівэрсытэцкага музэю. Расказвае пра сваю сям’ю, пра дзяцінства. Пра многае. Гаворыць нясьпешна, удумліва. Без недарэчнасьці не абышлося: асоба, што рабіла той запіс, пытаньні задае па-расейску. Дзе ж у Гарадзенскім унівэрсытэце ўзяць беларускамоўную?

Вось жа, між іншага гаворыць і пра чытаньне. Пра тое, што ўсё жыцьцё чытаў. Сёньня гэта гучыць як ягоны тэстамэнт: «Чытайце!»

Калі набыла кнігу Паўла Севярынца «Беларуская глыбіня» ў часе прэзэнтацыі ў нашым горадзе і прапанавала пачытаць, узяў ня вельмі ахвотна: «Ну што Севярынец? Публіцыст. Але давайце. Хай, калі так хваліце».

Гэта была апошняя кніга, якую ня проста прачытаў, а перачытаў двойчы. «Але ж і кніга! Як ён гэтак усё сабраў, як глыбока ўсё вывучыў! Недарэмна ж — глыбіня. Ня ведаў, што Севярынец такі цікавы пісьменьнік». Кнігу трымаў у сябе вельмі доўга, што для яго не было характэрным: звычайна вяртаў хутка. Папрасіў: «Хай яшчэ пабудзе. Такая добрая кніга». Бедаваў толькі: «Нікому гэтую кнігу даць нельга: ніхто з нашых не прачытае». Між шпіталямі, калі заходзіла да яго, вярнуць забыўся. Перажываў: «Я ж кнігу Вам не аддаў». Суцяшала: «Нічога, я яе прачытала. Аддасьце, як вернецеся». Не вярнуўся...

А самая апошняя, падараваная Івану Якаўлевічу кніга — «Мэтодыка шчасьця» Алеся Мікалаевіча Белакоза. Аўтар перадаў яе праз Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, які, ведаючы, што зьбіраюся ў шпіталь, перадаў мне. Прачытаць цалкам так і не пасьпеў. Але пазнаёміўся, што-нішто, як сказаў, прачытаў.

Ён быў вялікім Чытачом.

Апошні артыкул

Напісала пра апошнюю кнігу Івана Якаўлевіча «Пошукі і роздум». Даслала артыкул у «Літаратурную Беларусь». Прасіла зьмясьціць у кастрычніцкім нумары, каб нагадаць чытачам пра ягонае дзевяностагодзьдзе. Але рэдактар Алесь Пашкевіч запярэчыў: «Ня будзем чакаць аж так доўга. Надрукуем у верасьнёвым нумары».

Той нумар газэты яму перадалі з дому. Расказвае мне, што чытаў. Пра розныя іншыя артыкулы гаворыць. А пра той ня кажа. Пытаюся: «Ці чыталі артыкул пра сваю кнігу?» — «Ну што Вы! Самы першы прачытаў. Ня проста чытаў, а чытаў два разы».

Калі наведвалі яго, бачыла той нумар «Літаратурнай Беларусі» на ягонай тумбачцы.

Гэта быў апошні артыкул пра створанае Іванам Якаўлевічам, які ён прачытаў.

Не пасьпелі

А вось кнігу да ягонае круглае даты выдаць не пасьпелі.

Рыхтаваць яе пачалі яшчэ зь зімы.

Усе ведалі, што Іван Якаўлевіч хворы, што трэба сьпяшацца. Але ўсе чакалі 90-годзьдзя. Ды і выдавецтва ў Горадні, дзе нашы кнігі выходзяць, толькі адно — Юрсапрынт.

«Краявіды роднай мовы» — так яе назвалі. Узгаднілі назву з ім. Сказаў сваё звычайнае: «Няхай».

Сыход Івана Якаўлевіча прымусіў зрабіць рэдакцыйныя праўкі ва ўжо гатовы макет. Ня ўсё, праўда, і выправілі.

А ён так яе чакаў! Шторазу па тэлефоне пытаўся, што з кнігай. Пытаўся і ў апошнюю сустрэчу ў шпіталі, за тры дні да ягонага дня.

Не дачакаўся.

Па розных шляхах

Усе мы, ягоныя вучні, ішлі ўсьлед за Іванам Якаўлевічам. Так усе сьцьвярджалі, разьвітваючыся зь ім. Але ці так гэта было насамрэч? Хто, як не ягоныя вучні, выкінулі з пляну ўнівэрсытэцкага выдавецтва «Этымалягічны слоўнік прыказак» — апошнюю вялікую навуковую працу вучонага (яе ён усё ж выдаў у Менску, у дзяржаўным выдавецтве), пасьля інтэрвію для Радыё Свабода забаранілі прэзэнтацыю гэтага выданьня, якую самі і прапанавалі? Праўда, ён тае забароны нават не заўважыў. Ад самага пачатку, калі зь ёю завяліся, казаў: «Навошта тая прэзэнтацыя?» Ніколі ні адной сваёй кнігі не прэзэнтаваў.

І гэта толькі ў апошні час. І ўсё гэта ягоныя вучні.

У апошні дзень, калі ўсё ж быў атрыманы дазвол на разьвітаньне зь вялікім вучоным у корпусе беларускай філялёгіі ўнівэрсытэту, усе мы таксама ішлі ўсьлед за ім. Каб пасьля памінак вяртацца ніяк ня разам. Усе прайшлі па адной вуліцы, але рознымі групамі, рознымі шляхамі. Ганаруся нашай сябрынай: Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, Ігар Васільевіч Жук і мы з таленавітай Надзеяй Чукічовай. Размаўлялі пра Івана Якаўлевіча, пра службу ў саборы. Сьвятар чамусьці вельмі многа гаварыў. Тлумачыў, што адбываецца з душою ў першы, трэці, дзявяты, саракавы дзень. Заклікаў у часе службы, зразумела, маліцца, а яшчэ сьветла згадваць таго, хто адышоў: «Калі на душы ў вас стане сьветла, надыдзе супакаеньне, значыць, малітвы прынятыя Небам».

Мы гаварылі пра тое, што там, дзе душы блукаюць. Аляксей Міхайлавіч сказаў: «Найлепш пра гэта ў Вэрлена. Верш перакладалі Максім Багдановіч і Алег Лойка». І прачытаў Лойкаў.

Ён заўсёды чытае вельмі прыгожа. Гэтым разам верш гучаў неяк асабліва, кранальна.

Каля аднаго дома пабачылі незвычайнае дрэва. Ну, мо не зусім незвычайнае, праз колькі часу пабачыла такое ж між туяў ла Новага замка, але — колеры! Зялёны, жоўты, настуркавы, чырвоны... Надзея зрабіла здымкі.

Загаварылі пра тое, што ў душах нашых сьцішыўся боль, стала сьветла: малітвы прынятыя...

А вось на саракавіны па Івану Якаўлевічу сабралася нас вельмі мала.

На гадавіну ці зьбяромся?..

XS
SM
MD
LG