Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр расейскі артыст Леў Дураў


Леў Дураў
Леў Дураў

Леў Дураў памёр у бальніцы, куды быў шпіталізаваны ў цяжкім стане ў пачатку жніўня. Дураў сыграў больш за 200 роляў у кіно.

У Маскве ва ўзросьце 83 гадоў памёр народны артыст СССР Леў Дураў.

У пачатку жніўня Дураў быў шпіталізаваны ў Першую градскую бальніцу ў цяжкім стане з падазрэньнем на інсульт. Яму быў пастаўлены дыягназ «вострая сардэчная недастатковасьць». Праз тыдзень стан актора ўскладніўся пнэўманіяй. За суткі да сьмерці лекары правялі актору тэрміновую апэрацыю, але выратаваць яго ім не ўдалося.

Леў Дураў — прадстаўнік знакамітай дынастыі цыркавых артыстаў. Ён нарадзіўся 23 сьнежня 1931 году ў Маскве. У 1954 годзе Дураў скончыў школу-студыю МХАТ і далучыўся да трупы Цэнтральнага дзіцячага тэатра. Потым некалькі гадоў праслужыў у Ленкоме, а ў 1967 годзе паступіў у Тэатар на Малой Броннай, дзе прапрацаваў да канца жыцьця.

Актор сыграў больш за 200 роляў у кіно. Найбольш вядомыя фільмы зь яго ўдзелам: «Я крочу па Маскве», «Вялікі перапынак», «Д’Артаньян і тры мушкецёры», «Узброены і вельмі небясьпечны», «Блуканьне па пакутах», «Дыямэнты для дыктатуры пралетарыяту», «Чалавек з бульвара Капуцынаў», «Сямнаццаць імгненьняў вясны».

Дураў таксама агучваў мультфільмы. Так, яго голасам казаў сабака Шарык у трылёгіі пра Прастаквашына.

У 1990 годзе Леў Дураў быў уганараваны званьнем «Народны артыст СССР».

Леў Дураў удзельнічаў у мультымэдыйным праекце «Знайсьці свайго матылька» на Радыё Свабода, мэта якога — дапамагчы дзецям, якія пакутуюць ад цяжкага захворваньня булёзны эпідэрмоліз, так званым дзецям-«матылям». Ён таксама быў госьцем праграмы «Тварам да твару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG