Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі малады чалавек у чорным адабраў у зьбіральніцы падпісны ліст за Цярэшчанку


Архіўнае фота, збор подпісаў за Цярэшчанку ў Менску.

Архіўнае фота, збор подпісаў за Цярэшчанку ў Менску.

Зьбіральніца подпісаў Вольга Мяжэйнікава зьвярнулася ў Савецкі райаддзел міліцыі з прычыны нападу на яе маладога чалавека ў чорным падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Цярэшчанкі.

«Я зьбірала подпісы ў доме № 56 на Рэчыцкім праспэкце, — апавяла Вольга Мяжэйнікава. — За сьпінай нейкі час мітусіўся малады чалавек, апрануты ў чорнае. Потым ён падышоў да мяне і падаў свой пашпарт, сказаў, што хоча таксама падпісацца за Віктара Цярэшчанку. Я, вядома, запісала яго пашпартныя зьвесткі, ён сам паставіў дату і асабісты подпіс. Пасьля гэтага малады чалавек адышоў, але неўзабаве хуценька падбег да мяне, выхапіў падпісны ліст, перакрэсьліў усе подпісы, заявіўшы нешта няўцямнае — ён нібыта ня згодны з падпісантамі — і зьнік».

Пра інцыдэнт зьбіральніца подпісаў паведаміла ў перадвыбарчы штаб Віктара Цяшэшчанкі, дзе ёй параілі зьвярнуцца ў міліцыю. Так зьбіральніца й зрабіла.

Да Вольгі Мяжэйнікавай прыяжджаў супрацоўнік крымінальнага вышуку Савецкага РАУС Гомеля, лейтэнант Асадчы. Паколькі зьбіральніца подпісаў запомніла прозьвішча падпісанта, то яго хутка ўдалося ўстанавіць па міліцэйскай базе зьвестак. Нападніку 21 год, замешаным у крымінальных гісторыях ён ня значыцца.

Міліцыя пакуль не дала афіцыйнага адказу, чаму малады чалавек выхапіў падпісны ліст у зьбіральніцы подпісаў, і якія меры прыняты ў дачыненьні да яго за хуліганскую выхадку. На адабраным лісьце да нападніка падпісаліся паўдзесятка гамельчукоў.

XS
SM
MD
LG