Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўдзельнічаюць у вучэньнях АДКБ па «лякалізацыі канфлікту на ўсходзе Эўропы»


Беларусы ўдзельнічаюць у «лякалізацыі канфлікту на ўсходзе Эўропы»
Арганізацыя дамовы калектыўнай бясьпекі (АДКБ), у якую ўваходзяць Расея і яшчэ пяць краінаў СНД, праводзяць вайсковыя вучэньні «Узаемадзеяньне — 2015» пад Псковам.

Удзельнікі вучэньняў «лякалізуюць канфлікт на ўсходзе Эўропы», паведамляе ТАСС са спасылкай на камандуючага Паветрана-дэсантнымі сіламі Расеі генэрал-палкоўніка Валерыя Шаманава.

У вучэньнях Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ удзельнічаюць больш за 2 тысячы чалавек і 200 адзінак ваеннай тэхнікі. У Пскоўскую вобласьць прыбылі салдаты з Армэніі, Таджыкістану, Кыргызстану, Казахстану і Беларусі. «Найменшы кантынгент, дэсантны ўзвод, вылучае Таджыкістан, найбольшы — два батальёны агульнай колькасьцю каля тысячы дэсантнікаў — Расія», — удакладніў Шаманаў.

Удзельнікі вучэньняў лякалізуюць канфлікт ва Усходне-Эўрапейскім рэгіёне калектыўнай бясьпекі ў два этапы. Мяркуецца, што спачатку ваенныя правядуць трэніроўкі, адпрацуюць узаемадзеяньне, інфармацыйную і псыхалягічную бясьпеку. Затым яны прапрацуюць «практычныя дзеяньні па лякалізацыі ўзброенага канфлікту і зьнішчэньні незаконных узброеных фарміраваньняў» у рэгіёне, сказаў Шаманаў.

Летась падобныя вучэньні прайшлі ў Казахстане. Ва «Ўзаемадзеяньні — 2014» бралі ўдзел каля трох тысяч вайскоўцаў. У траўні 2015 году вучэньні КСАР праводзілі ў Таджыкістане: там адпрацоўваліся дзеяньні пры абвастрэньні сытуацыі на мяжы з Афганістанам і нападзе ўмоўнага праціўніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG