Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства абароны рэагуе на допіс «вКонтакте»: Расейскіх авіябазаў няма і не было!


У адной з баранавіцкіх суполак у сацыяльных сетках зьявіўся допіс расейкі Ганны Алёхінай, якая распытвае пра ўмовы жыцьця ў Баранавічах, пра дзіцячыя садкі. Прычына яе цікавасьці палягае ў тым, што яе мужу-авіятэхніку з Курску прапанавалі перавесьціся служыць у беларускі горад Баранавічы ў расейскі авіяполк.

Жанчыну цікавяць жыльлё ў горадзе, цэны і пэрспэктывы працаўладкаваньня для жанчын з расейскім грамадзянствам.

Яна вагаецца, ці варта пераяжджаць, бо ў Курску «усё ўладкавана — і праца ёсьць, і жыльлё, і машына. Вельмі вагаемся, ці варта пераяжджаць». Яна таксама піша, што чула, быццам бы для расейскіх вайскоўцаў ужо будуюць жытло ў Баранавічах.

На пытаньне Радыё Свабода начальнік прэс-службы Міністэрства абароны палкоўнік Ўладзімер Макараў наконт разьмяшчэньня ў Баранавічах расейскага авіяпалка адказаў коратка:

«На тэрыторыі Беларусі ніякіх авіяцыйных частак Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі няма і не было».

Уладзімір Макараў
Уладзімір Макараў

У чэрвені 2013 году галоўнакамандуючы расейскіх войск Ваенна-паветраных сіл, генэрал-лейтэнант Віктар Бондараў прыяжджаў у Беларусь і асабіста выбіраў месца для дыслякацыі расейскай авіябазы. Меркавалася, што авіябаза разьмесьціцца ў Лідзе да 2015 года, побач зь межамі з Польшчай і Літвой. Ішла гаворка пра разьмяшчэньне там 24 зьнішчальнікаў. Паводле тлумачэньня расейскага генэрал-лейтэнанта Бондарава, «стварэньне расейскай авіябазы ў Беларусі — гэта вынік выкананьня міжурадавага пагадненьня аб умацаваньні вайсковага складніка Саюзнай дзяржавы. Яна стане важным элемэнтам першага стратэгічнага эшалёна абароны Саюзнай дзяржавы і забясьпечыць прыкрыцьцё паветранай прасторы Беларусі».

Але ў Лідзе расейскую авіябазу так і не разьмясьцілі.

У кастрычніку 2014 году міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што ў 2015 годзе на аэрадроме ў Бабруйску на баявое дзяжурства заступяць 12 баявых самалётаў СУ-27, два вучэбныя СУ-27 і чатыры верталёты МІ-8.

У той жа час з канца 2013 году зьвяно з чатырох расейскіх зьнішчальнікаў СУ-27П Узброеных Сіл Расеі несла дзяжурства на аэрадроме 61-й зьнішчальнай авіябазы ў Баранавічах.

Экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін пажартаваў, што «жонка прапаршчыка звычайна ведае больш за галоўнакамандуючага Ўзброенымі Сіламі Беларусі Аляксандра Лукашэнку». А калі сур’ёзна, спадар Алесін пацьвердзіў, што цяпер ніякіх расейскіх авіябаз у Беларусі няма, але да нядаўняга часу ў Баранавічах несла дзяжурства на ратацыйнай аснове зьвяно расейскіх самалётаў СУ-27: два месяцы адна зьмена, потым экіпажы замяняліся на новыя.

Зараз у Бабруйску вядуцца работы па мадэрнізацыі ўзьлётна-пасадачнай паласы і наземнай структуры для мяркуемага прыёму там палку расейскіх зьнішчальнікаў. То бок, спачатку меркавалася Ліда, затым Баранавічы, а пасьля Баранавічаў было прынятае рашэньне разьмясьціць авіяполк у Бабруйску, кажа Аляксандар Алесін:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Але пакуль справа стаіць на месцы. Як заявіў некалькі месяцаў таму беларускі амбасадар у Расеі, ёсьць рознагалосьсі бакоў, што да колькасьці расейскіх самалётаў, якія плянавалася разьмясьціць у Бабруйску. Акрамя гэтага, 4 жніўня на сустрэчы з журналістамі недзяржаўных СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што самалёты, якія былі ў Баранавічах, паляцелі. Пакуль цяжка меркаваць, колькі працягнуцца вакацыі, магчыма, яны ўжо зноў прыляцелі ў Баранавічы на два месяцы. Цалкам магчыма, што абслугоўваюць гэтыя самалёты расейскія наземныя спэцыялісты, авіятэхнікі. Так што, цалкам верагодна, што ў Баранавічах можа знаходзіцца пэўная колькасьць расейскіх тэхнічных спэцыялістаў для абслугоўваньня ваенных самалётаў.

Магчыма, абодва бакі вырашылі працэс прытармазіць на час выбараў, каб не дражніць народ, а на сустрэчы з журналістамі Лукашэнка мог сказаць, што няма ў нас ніякіх расейскіх ваенных авіябаз, і ніякіх самалётаў няма.

Але ўлічваючы абвастрэньне сытуацыі і жаданьне Польшчы разьмясьціць на яе тэрыторыі авіябазы НАТО, я думаю, адказ Расеі будзе сымэтрычны. І заявы новага польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды як бы правакуюць Расею на аналягічныя захады на тэрыторыі Беларусі. Бо як Польшча — гэта шчыт НАТО, так і Беларусь — гэта перадавы пляцдарм АДКБ, а дакладней, Расеі на Захадзе. Таму ўсялякі рух на нашых заходніх межах будзе выклікаць захады ў адказ з боку Расеі. І тут Лукашэнку будзе ўжо цяжка абараняцца, Расея будзе папікаць магчымымі базамі ў Польшчы і краінах Балтыі. Таму, я мяркую, што любая дзейнасьць нашых заходніх суседзяў — НАТОўцаў сур’ёзна аслабляе магчымасьць Лукашэнкі працівіцца расейскай ваеннай экспансіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG