Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскае дзяржабвінавачаньне просіць даць украінскаму рэжысэру Сянцову 23 гады турмы


Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка на судзе

Алег Сянцоў і Аляксандар Кольчанка на судзе

На працэсе ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова дзяржаўнае абвінавачваньне папрасіла суд прызначыць яму пакараньне ў выглядзе 23 гадоў калёніі строгага рэжыму з абмежаваньнем волі на два гады.

Працэс адбываецца ў расейскім Растове-на-Доне, у Паўночна-Каўказкім акруговым ваенным судзе.

Алега Сянцова абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Для палітычнага актывіста Аляксандра Кольчанкі, які таксама абвінавачаны ў гэтай справе, пракурор папрасіў 12 гадоў пазбаўленьня волі з абмежаваньнем волі на адзін год і шэсьць месяцаў.

Сёньня ў судзе пачаліся спрэчкі па гэтай справе. Сянцоў і Кольчанка адмовіліся выступаць у спрэчках

Абарона Алега Сянцова заклікала судзейскую калегію апраўдаць ўкраінскага рэжысэра. «Прашу цалкам апраўдаць Сянцова, які ніякай тэрарыстычнай арганізацыі не ствараў», — заявіў адвакат Уладзімер Самохін.

На сёньняшняе пасяджэньне па справе Сянцова і Кольчанкі прыехала Вера Саўчанка, сястра ўкраінскай вайскоўкі Надзеі Саўчанкі, якую ў Расеі абвінавачваюць у дачыненьні да забойства двух журналістаў. Але Веру Саўчанку не пусьцілі ў залю, патлумачыўшы гэта недахопам месцаў.

Сянцоў быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ РФ у траўні 2014 году ў анэксаваным Расеяй Крыме.

Шэраг расейскіх і замежных дзеячаў мастацтва і праваабаронцаў ня раз выказваліся ў абарону і падтрымку ўкраінскага рэжысэра і лічаць абвінавачваньні, вылучаныя супраць яго, надуманымі і палітычна матываванымі. Эўрапейская кінаакадэмія ўчора апублікавала новы ліст да расейскіх уладаў з патрабаваньнем вызваленьня Алега Сянцова.

XS
SM
MD
LG