Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДІПЧ і СНД на беларускіх выбарах — парытэт толькі па колькасьці


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Місія назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ і місія назіральнікаў Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД) будуць мець на выбарах прэзыдэнта Беларусі аднолькавую колькасьць прадстаўнікоў.

Гэта выцякае з супастаўленьня лічбаў, якія агучылі кіраўнік місіі ад СНД Сяргей Лебедзеў і кіраўнік БДІПЧ Міхаэль Георг Лінк. Ад кожнай гэтай міжнароднай структуры ў Беларусь прыедзе прыкладна па 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і па 400 кароткатэрміновых.

Доўгатэрміновыя назіральнікі СНД пачалі сваю працу ад 18 жніўня. Іх калегі з БДІПЧ прыяжджаюць у Менск напрыканцы жніўня. Кароткатэрміновыя назіральнікі традыцыйна наведваюць краіну, дзе праводзяцца выбары, у апошнія некалькі дзён выбарчай кампаніі.

Кіраўнік місіі СНД Сяргей Лебедзеў 18 жніўня сказаў журналістам, што супрацоўнікі місіі СНД больш кваліфікаваныя за сваіх калег з БДІПЧ. Ён патлумачыў гэта тым, што ў складзе каманды СНД задзейнічаныя пераважна парлямэнтары і дыпляматы. А сярод назіральнікаў БДІПЧ часам сустракаюцца студэнты і беспрацоўныя.

Намесьнік кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч некалькі разоў быў назіральнікам ад БДІПЧ АБСЭ на выбарах у розных краінах і нават адным з арганізатараў выбарчай кампаніі ў Косаве. Ён адзначае: каб трапіць у склад місіі, трэба абавязкова прайсьці празь вялікі конкурс і адбор:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Сама мэтадалёгія БДІПЧ мне добра вядомая і зразумелая. Пытаньне не ў тым, хто ёсьць кароткатэрміновым назіральнікам. Сярод іх сапраўды можна пабачыць і студэнтаў, і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў. Пытаньне ў тым, хто зьяўляецца доўгатэрміновым назіральнікам, то бок, хто працуе ў штабе місіі. А гэта, як правіла, высокакваліфікаваныя спэцыялісты ў галіне правядзеньня выбараў і знаўцы выбарчага заканадаўства.

А тое, што ў місіі СНД — дыпляматы і парлямэнтары, то гэта не азначае, што дэпутат ёсьць вялікі спэцыяліст у выбарчым заканадаўстве. На мой погляд, і дыпляматы, і парлямэнтары хутчэй прадстаўляюць дзяржаўную ўладу тых краін, што ўваходзяць у СНД. І тут існуе пытаньне заангажаванасьці. І калі паглядзець на выбарчыя кампаніі ў краінах былога Савецкага Саюзу, то місіі СНД заўжды адзначаюць, што паўсюль усё добра. Але ж вядома, што амаль ва ўсіх краінах былога СССР ёсьць сур’ёзныя праблемы і з выбарчым заканадаўствам і з правядзеньнем свабодных выбараў».

Эніру Браніцкую ўжо цягам дзесяці гадоў запрашаюць экспэртам у місіі БДІПЧ. Апошнім разам яна ў якасьці прававога аналітыка працавала сёлета на выбарах прэзыдэнта Ўзбэкістану. Экспэрт гаворыць Свабодзе, што галоўнае адрозьненьне дзьвюх місіяў нават не ў людзях, якія туды ўваходзяць:

Эніра Браніцкая

Эніра Браніцкая

«Пытаньне ў мэтадалёгіі. У БДІПЧ такая мэтадалёгія ёсьць. А вось мэтадалёгія місіі СНД заўсёды застаецца вялікім пытаньнем. Насамрэч іх высновы — гэта збольшага толькі меркаваньні гэтых палітычных дзеячоў, парлямэнтароў і дыпляматаў, якія маюць свае інтарэсы.

У місіі БДІПЧ — розныя людзі. І іх рознасьць якраз і прадстаўляе галоўную каштоўнасьць. Там няма патрабаваньня для назіральнікаў, каб яны былі, напрыклад, дыпляматамі. Але БДІПЧ ажыцьцяўляе іх падрыхтоўку.

Назіральнікі БДІПЧ па выніках сваёй працы запаўняюць спэцыяльную анкету і здаюць экспэртам, якія іх аналізуюць».

Выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG