Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Варламаў пра шапку Лукашэнкі: Нямодная


Аляксандар Лукашэнка з сынам Колем зьбіраюць ураджай бульбы ў Драздах. Менск, 16 жніўня 2015 году

Аляксандар Лукашэнка з сынам Колем зьбіраюць ураджай бульбы ў Драздах. Менск, 16 жніўня 2015 году

Беларускі мадэльер Саша Варламаў прызнаўся, што ня змог дакладна вызначыць, чым зьяўляецца і адкуль паходзіць белая шапачка-каўпак, у якой прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ўжо тройчы зьяўляецца перад камэрамі журналістаў.

«Я доўга разглядаў шапачку прэзыдэнта. Цяжка адназначна сказаць, што гэта такое, бо такія галаўныя ўборы масава ня носяць. Увогуле, калі капаюць бульбу, то на галаву могуць надзець што заўгодна. Вось што пад рукі трапілася. Надзяваюць папяровыя капелюшы, завязваюць чатыры ражкі на хустцы — але гэта ўсё сюды не падыходзіць», — кажа спадар Варламаў.

Разам з тым дызайнер вопраткі выказаў некалькі вэрсіяў, чым, на яго меркаваньне, можа зьяўляцца галаўны ўбор Лукашэнкі:

Саша Варламаў

Саша Варламаў

«Магчыма, гэта нешта кухарскае. Магчыма, гэта частка нейкага больш складанага касьцюму — хакейнага шлема ці марскога ўбору. У паўсядзённым жыцьці такіх рэчаў ня носяць, гэта відавочна».

Саша Варламаў кажа, што шапачка-каўпак зьўляецца трыкатажнай:

«Хто шыў — мы ня ведаем. Бачна, што шапачка трыкатажная, не зьвязаная. У такую сьпякоту хто ж будзе вязаную шапку надзяваць?»

Белая шапачка, на думку мадэльера, ня мае дачыненьня да каталёнскай чырвонай барэціны, як меркавалі некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак:

«Каталёнская барэціна ці фрыгійскі каўпак ёсьць сымбалем французкай рэвалюцыі. Але дакладна галаўны ўбор Лукашэнкі ня мае дачыненьня да яго».

Саша Варламаў выказаў меркаваньне, што шапачка Лукашэнкі ня мае шанцаў стаць трэндам.

«Трыкатажныя шапкі летам ня носяць, таму пераймаць гэты галаўны ўбор ніхто ня будзе. Моднай гэтая шапка ня можа быць, яна не адпавядае тым галаўным уборам, якія цяпер распаўсюджаныя. Таму яна ня можа ўвайсьці ў моду. Гэта нешта з таго, што трапілася пад рукі перад капаньнем бульбы і хутчэй за ўсё зьяўляецца часткай больш складанага галаўнога ўбору».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG