Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель, Алянд і Парашэнка абмяркуюць сытуацыю ў Данбасе ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны


Пятро Парашэнка і Аннгела Мэркель на саміце Ўсходняга партнжэрства ў Рызе 22 траўня 2015 году

Пятро Парашэнка і Аннгела Мэркель на саміце Ўсходняга партнжэрства ў Рызе 22 траўня 2015 году

У панядзелак, 24 жніўня, ў Бэрліне адбудзецца сустрэча кіраўнікоў Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны.

Тры лідэры зьбяруцца, каб абмеркаваць абвастрэньне сытуацыі ў Данбасе. «Неабходна спыніць ваенныя дзеяньні і адвесьці ўзбраеньне. Акрамя гэтага павінны быць створаныя неабходныя ўмовы для правядзеньня выбараў у Данбасе», — гэтак пракамэнтаваў будучую сустрэчу міністар замежных справаў Францыі Ляран Фабіюс.

Кіраўнік МЗС Францыі выказаў надзею, што сустрэча дасьць магчымасьць рушыць наперад па гэтых кірунках. «Мы спадзяемся, што рашэньне будзе знойдзенае да сьнежня», — адзначыў Ляран Фабіюс.

Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс-Украіна, саміт у Бэрліне быў ініцыяваны прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Ён плянуе адправіцца на гэтую сустрэчу ў Бэрлін у другой палове дня, пасьля заканчэньня мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню Незалежнасьці Украіны.

Лідэры Нямеччыны, Францыі і Ўкраіны, а таксама прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін складаюць так званую «Нармандскую чацьвёрку», якая ўжо некалькі разоў зьбіралася, каб дамовіцца пра ўмовы ўрэгуляваньня на усходзе Ўкраіны.

18 жніўня Пуцін, якога на сустрэчу ў Бэрліне не запрашаюць, ізноў абвінаваціў Украіну ў эскаляцыі напружанасьці ў Данбасе ў апошні час, а Міністэрства замежных справаў Расеі зноў ўсклала на ўлады Ўкраіны адказнасьць за нэгатыўныя наступствы «правакацыйных дзеяньняў» на ўсходзе Ўкраіны, у якіх Масква абвінавачвае Кіеў.

У апошнія дні рэзка абвастрылася супрацьстаяньне практычна на ўсёй лініі судакрананьня бакоў канфлікту ў Данбасе.

XS
SM
MD
LG