Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Календа


Сяргей Календа
Сяргей Календа

Пісьменьнік, культуроляг, рэдактар, аўтар кніг прозы, кнігі казак і раману. Таксама піша пад псэўданімам Аляксандар І. Бацкель. Нарадзіўся ў Капылі, Менская вобласьць, Беларусь, 15.03.1985. З маленства жыве ў Менску. Мае вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці культуроляг-гебраіст. Скончыў БДУ, Факультэт міжнародных адносін. Скончыў Аддзяленьне літаратуры й філязофіі Беларускага калегіюму пры Беларускім ПЭН-цэнтры. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. Зьяўляецца стваральнікам і галоўным рэдактарам часопіса сучаснае беларускае прозы і мастацтва «Макулатура», які распрацоўвае сумесна з мастаком Васілісай Палянінай-Календай. Часопіс «Макулатура» (www.makpaper.com) сваёй мэтаю ставіць разьвіцьцё сучаснай беларускай культуры, выхад па-за моўныя межы й цэнзуру.


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Раней я займаўся псыхатэрапіяй і пісаў толькі для сябе, дзеля ўласнага вызваленьня. З часам, калі я падзяліўся на дзьве асобы, я ўсё больш лаўлю сябе на думцы: «А як бы мама прачытала і для сябе патлумачыла той ці іншы тэкст?»

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Мне вельмі добра пішацца раніцамі, і асабліва такімі празрыстымі і калі без пахмельля. Але часта здараецца так, што я пішу ў вольны ад працы час, альбо калі проста неабходна напісаць штосьці, то я адчыняю ноўтбук і пішу, і здараецца такое паўсюль: парк, грамадзкі транспарт, праца, лецішча...

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Я б хацеў быць аўтарам «Бляшанага барабана» Гюнтэра Граса.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Не магу адказаць дакладна, часам мне здаецца, што я Тайлэр Дэрдэн, і гатовы ў любы час распачаць бойку і гвалт.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Я даўно ўжо люблю Сэліна і Граса.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Адразу тры кнігі: Ірвін Шоў «Багач, бядняк»; Вільгельм Гаўф «Казкі»; часопіс «Фрагмэнты» нумар 7 — восень-зіма, ад 1999 году.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ангельскай (са слоўнікам).

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Ніводнай, і, здаецца, улюбёнай ня будзе.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Я б хацеў напісаць кнігу пра маму, якая жыла неверагодна мужна і моцна, і сышла з гэтага сьвету на Пасху. Я думаю, гэтая кніга можа стаць для мяне самай доўгай, цяжкай, але сапраўды ўлюбёнай і асабістай.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі чытаю кнігі, і калі пішу ад імя Бацкеля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG