Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў сучаснай Беларусі ня можа быць прафэсійнага войска


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Pavel Yukhnevich разважае пра патэнцыял абароназдольнасьці Беларусі:

– Удзел альбо актыўны няўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах аніяк не вырашае праблему пагрозы незалежнасьці Беларусі. Пытаньне перафарматаваньня войска і стварэньне шырокай добраахвотніцкай структуры з патрыётаў і нацыяналістаў для абароны нашага сувэрэнітэту – вось галоўная, на мой погляд, задача на сёньня.

Аўтар апісвае страшны сон сучаснага беларускага пост/савецкага сілавіка. Уявіце сабе, што ў Беларусі скамбінавалі швэйцарскі і англа-саксонскі досьведы. З аднаго боку, усе дарослыя грамадзяне маюць вайсковы трэнінг: умеюць карыстацца рознымі відамі стралковай, і ня толькі, зброі. Маюць уяўленьне пра тактыку вядзеньня розных кшталтаў баёў, падрыхтаваныя для першай мэдычнай дапамогі, ведаюць, як ратаваць сваё і чужое жыцьцё падчас розных відаў бамбёжак і абстрэлаў.

Гэта швэйцарцы. Дадайце сюды два-тры дзясяткі тысяч прафэсійных вайскоўцаў, якія штодня не траву фарбуюць, і ня лецішчы генэралам будуюць, а ўвесь час з году на год кшталтуюць свае навыкі вайскоўца.

Уявіце сабе такую краіну. І ці ёсьць у намаляванай карціне месца пост/савецкаму сілавіку?

Нашых вайсковых начальнікаў у вучэльнях і акадэміях рыхтавалі ў складзе вялікай армады шырокім фронтам наступаць на подлы Захад і падступны Ўсход. Іх затачвалі пад грамадзтва, дзе можна пакласьці чатырыста тысяч жыцьцяў на ўзяцьце аднаго гораду. Дзе можна кідаць сотні тысяч на мінныя палі. Дзе мільён трупаў туды, мільён трупаў сюды – усё адно.

Міністэрства абароны – структура закрытая, што там адбываецца ў галовах, мы ня ведаем, і са сьвечкай пастаяць на нарадах генэралаў ня можам. Хоць, па-нармальнаму, хацелася б ведаць пра іхныя дактрыны за нашы грошы.

Але падрыхтаваныя ў вайсковым сэнсе грамадзяне – гэта яшчэ і іншы кшталт узаемадачыненьняў з уладамі. Думаю, так вось проста ўдарыць дзяўчыну па галаве дубінкай, а пасьля цягнуць па сьнезе за валасы ў аўтазак у па-вайсковаму падрыхтаваным грамадзтве будзе немагчыма.

Прафэсійная абарона – прывілей адкрытага свабоднага грамадзтва. А ў закрытых грамадзтвах абарона – прывілей «абранай» касты, якая глядзіць на іншых як на мізэрнасьць.

У «каставых» грамадзтвах, кшталту былога СССР, незалежнасьць краіны ёсьць сынонімам свабоды касты. Усе астатнія людзі проста абслугоўваюць тых, каму пашанцавала «выбіцца ў людзі». У мірны час – працай, у ваенны – закідваючы ворага сваімі трупамі.

Нашы «касты» жывуць на расейскіх грошах і старых сувязях па Савецкай Арміі. Ім непатрэбныя зьмены ў прынцыпе. Інакш губляецца выключная пазыцыя.

«Войска як у Швэйцарыі» – прывілей свабодных людзей.

Хочацца верыць, што з часам несвабодныя сыходзяць, а свабодныя ўсё больш нараджаюцца. Бо прымусіць быць свабодным немагчыма.

XS
SM
MD
LG