Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі судзяць бацькоў, якія пакінулі паміраць трохмесячную дачку


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны суд 18 жніўня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да жыхароў Гомеля — жанчыны і мужчыны, якія абвінавачваюцца ў забойстве трохмесячнай дзяўчынкі (арт. 139 КК) і пакіданьні ў небясьпецы нованароджанага хлопчыка (арт. 159 КК), паведамляе БелаПАН.

У студзені 2015 года ў пад’езьдзе дома №46 па вуліцы Мазурава горада Гомеля быў знойдзены нованароджаны хлопчык. Міліцыя занялася пошукам яго бацькоў. У замкнёнай кватэры мужчыны было знойдзена муміфікаванае цела трохмесячнай дзяўчынкі. Ахвяра праляжала ў кватэры восем месяцаў. Яе кінулі ў траўні 2014 года, а цела знайшлі ў студзені 2015 года. Увесь гэты час біялягічныя бацькі немаўляткі бадзяліся. У сьнежні 2014 года жанчына нарадзіла хлопчыка і падкінула немаўля ў пад’езд жылога дома. Усяго ў жанчыны было пяцёра дзяцей, траіх старэйшых (2002, 2006 і 2007 года нараджэньня) выхоўвае бабуля.

Паводле абвінавачваньня, бацькі наўмысна пакінулі дачку без нагляду, бо былі ўпэўненыя, што без кармленьня і дагляду яна памрэ. Сьледзтва прызнала, што абвінавачаныя знаходзяцца ў сьвядомасці. Прычына сьмерці трохмесячнай Сьняжаны ня вызначаная ў сувязі з муміфікацыяй і частковым шкелетаваньнем, адсутнасьцю ўнутраных органаў.

У судзе 18 жніўня была дапытаная маці дзяўчынкі, 32-гадовая Віялета. Яна часткова прызнала віну, растлумачыўшы, што не хацела сьмерці дачкі, а сышла з кватэры і не вярталася, таму што была п’яная і не разумела, што робіць.

Жанчына, паводле яе словаў, спадзявалася, што дзіця будзе плакаць і яго знойдуць. Пакідаючы ў студзені 2015 года ў пад’езьдзе дома нованароджанага хлопчыка, жанчына таксама спадзявалася, што немаўля хто-небудзь знойдзе.

На сьледзтве і судзе абвінавачаная неаднаразова мяняла паказаньні, блыталася, распавядаючы пра акалічнасьці і дэталі злачынства. На папярэднім сьледзтве яна не магла растлумачыць прычыны і матывы сваіх учынкаў, казала, што «чорт спакусіў».

Мужчына будзе дапытаны ў судовым пасяджэньні 19 жніўня.

Хлопчыка, якога жанчына ў студзені кінула ў пад’езьдзе, ужо ўсынавілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG