Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баўмгертнэр. Расея лічыць яго «эфэктыўным мэнэджэрам», Беларусь — «бессаромным махляром»


 Уладзіслаў Баўмгертнэр

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Колішні генэральны дырэктар кампаніі «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнэр прызначаны кіраўніком аднаго з найбуйнейшых у Расеі партовых апэратараў «Global Ports». Рада дырэктараў, спыняючы выбар на кандыдатуры топ-мэнэджэра, канстатавала, што ў расейскай бізнэс-прасторы ёсьць толькі некалькі асобаў з неабходнымі здольнасьцямі, якія могуць узьняць справу на прынцыпова новы ўзровень.

У якасьці прыкладу прыводзіцца ягоны больш чым дзесяцігадовы досьвед кіраўніцтва кампаніяй «Уралкалій», якую ён ад 2003 году ператварыў у «вялікую і пасьпяховую міжнародную кампанію» і ў якасьці гендырэктара правёў удалае IPO cа шматразовай перападпіскай. Зь іншага боку, менавіта на чале «Уралкалія» два гады таму Баўмгертнэр апынуўся ў цэнтры міжнароднага скандалу, які скончыўся ягоным арыштам у Беларусі.

У ліпені 2013-га кіраўніцтва «Уралкалію» заявіла, што ня будзе арыентавацца на сумеснае прадпрыемства з «Беларуськаліем» — «Беларускую калійную кампанію» — і пачне прадаваць ўгнаеньні самастойна. Тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч запрасіў Баўмгертнэра ў Менск, каб узгадніць пазыцыі, але быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ проста ў аэрапорце. Бізнэсоўца абвінавацілі ў злоўжываньні паўнамоцтвамі і крадзяжы ў асабліва буйным памеры — 100 мільёнаў даляраў. Наступны месяц Баумгертнэр адсядзеў у СІЗА, пасьля чаго яго перавялі пад хатні арышт.

Пад ціскам беларускага боку крымінальную справу на Баумгертнэра завялі і ў Расеі. Але чакаць экстрадыцыі давялося яшчэ некалькі месяцаў, цягам якіх тагачасны ўладальнік «Уралкалію» Сулейман Керымаў пасьля выстаўленага Аляксандрам Лукашэнкам ультыматуму распрадаваў свае актывы структурам Міхаіла Прохарава і Дзьмітрыя Мазепіна. Яшчэ месяц Баўмгертнэр правёў у маскоўскім сьледчым ізалятары, пасьля чаго меру ўтрыманьня суд зьмяніў на хатні арышт. Летась у верасьні Баўмгертнэр быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, а на пачатку гэтага году крымінальная справа супраць мэнэджэра ў Расеі была спыненая.

Рабочы "Уралкалія"

Рабочы "Уралкалія"

Дык ці паказаў сябе Баўмгертнэр эфэктыўным мэнэджэрам у супрацоўніцтве зь беларускімі вытворцамі калійных угнаеньняў? Ці было за што насамрэч кіраўніцтву Беларусі ўжываць радыкальныя захады? І адкуль узялася налічаная сума стратаў — 100 мільёнаў даляраў? Меркаваньне выказвае эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка:

«Калі з эканамічнага пункту гледжаньня, то што мець на ўвазе пад стратамі? Тое, што абрынуліся ўсясьветныя кошты на калійныя тукі? Гэта ў нейкім сэнсе права „Уралкалію“: ён вольны суб’ект гаспадараньня, і якую хоча, такую палітыку на рынку і праводзіць. А вы ўжо, канкурэнты, як можаце, так пад яе і падладжвайцеся. Шчыра кажучы, ня ведаю, як гэтыя 100 мільёнаў налічылі, як яны вылезьлі. Але, як з майго разуменьня, тое, што зрабіў „Уралкалій“, гэта была афёра на глябальным рынку калійных угнаеньняў. І яна правалілася. Па-першае, „Уралкалій“ сам страціў у прыбытку ад палітыкі, якую абвясьціў — аб’ёмы важнейшыя за цану. Па-другое, яны моцна абвалілі глябальны рынак калійных тукаў, і ўсе без выключэньня вытворцы апынуліся на мяжы банкруцтва.

Паколькі Баўмгертнэр быў адным з ініцыятараў справы, ён не паказаў сябе як эфэктыўны топ-мэнэджэр. „Уралкалій“ спадзяваўся, што хтосьці з канкурэнтаў загіне, і ён захопіць рынак — гэтага не адбылося. Так, усім было цяжка, але рынак збольшага застаўся, яго не перадзялілі. Проста ўсе вытворцы страцілі ў грошах. І дзесьці праз паўгода-год нават кіраўніцтва „Уралкалію“ мусіла прызнаць, што іх стратэгія правалілася, і яны ад яе адмовіліся. Мы можам ацэньваць з гэтай пазыцыі былога топ-мэнэджэра „Уралкалію“ — не ва ўсім ён быў пасьпяховы. Хоць, магчыма, ва ўласьнікаў бізнэсу можа быць іншае меркаваньне, магчыма, ён чымсьці іншым дапамог кампаніі. Бо калі сёньня яму прапануюць такую пасаду, значыць, убачылі ў ім талент топ-мэнэджэра. Няхай цяпер ацэньваюць ягоную працу паводле паказаных вынікаў».

Арышт Баўмгертнэра

Арышт Баўмгертнэра

Новае месца працы Ўладзіслава Баўмгертнэра, як і многія буйныя расейскія кампаніі, мае кіпрскую прапіску. Паколькі кіраваньне дзейнасьцю вядзецца менавіта адтуль, мяркуючы па ўсім, на цёплую выспу выправіцца і новы гендырэктар. «Global Ports» на гэты час валодае шэрагам тэрміналаў у Расеі на Балтыцы і Далёкім Усходзе: «Першы кантэйнэрны тэрмінал», «Петралеспорт», «Мобі Дзік», «Усьць-Лужскі кантэйнэрны тэрмінал», «Усходняя стывідорная кампанія», а таксама сухапутныя «Лягістыка-Тэрмінал» і «Лягістычны парк «Яніна». Акрамя таго, Global Ports належаць 50% нафтапрадуктовага тэрміналу AS Vopak EOS у Эстоніі.

Некаторыя зь іх уяўляюць стратэгічны інтарэс і для Беларусі: у прыватнасьці, праз эстонскі порт далей на эўрапейскі рынак пастаўляюцца беларускія нафтапрадукты.

Аляксандар Канюк

Аляксандар Канюк

У Беларусі дагэтуль лічаць неабгрунтаваным спыненьне справы Баўмгертнэра ў Расеі за «адсутнасьцю складу злачынства». Яшчэ ня так даўно генэральны пракурор Аляксандар Канюк заяўляў, што як юрыст перакананы: дзеяньні былога топ-мэнэджэра «Уралкалію» трэба разглядаць як «махлярства ў асабліва буйных памерах», ніяк іначай.

На вышэйшым узроўні неаднойчы агучвалася, што рашэньнем праблемы для беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, пацярпелых ад «расейскага махляра», магло б стаць прад’яўленьне грамадзянскіх пазоваў на кампэнсацыю матэрыяльнага ўрону. Памер стратаў агучаны яшчэ два гады таму — 100 мільёнаў даляраў.

XS
SM
MD
LG