Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне хацелася стаць гарадзкой, але гаварыць па-расейску гэтак і не навучылася», — былыя вяскоўцы расказваюць пра сваё жыцьцё ў горадзе


Мільёны беларусаў у пошуку лягчэйшага і больш заможнага жыцьця перабраліся зь вёсак у гарады. Імкнучыся стаць гарадзкімі, многія выракаліся сваёй беларускасьці. Пакаленьню першай пасьляваеннай хвалі міграцыі далёка за шэсьцьдзесят. Ці адчуваюць яны сябе гарадзкімі? Ці шкадуюць, што згубілі сваю мову?

Як памірала мова. Гутаркі са старымі, якія выехалі зь вёскі і зрабіліся ня толькі гарадзкімі, але і расейскамоўнымі. Ці адчулі яны, як перайшлі на чужую для іх мову.

У Магілёў вяскоўцы масава пачалі прыяжджаць ад сярэдзіны 50-х гадоў ХХ ст. Горад тады перажываў чарговую хвалю індустрыялізацыі. Тыя, хто трывала асеў на новым месцы перацягвалі да сябе родзічаў зь вёсак. Карэнная магілёўка Любоў Васільеўна, якой семдзесят сем гадоў, прыгадвае, што горад яе маладосьці быў невялікім:

«Мясцовых жыхароў пасьля вайны было мала. Гадоў празь дзесяць пасьля вайны зь вёсак папрыяжджала багата народу. Больш за палову насельніцтва гораду было з былых вяскоўцаў», — апавядае кабета.

«Тыя хто прыехаў у горад зь вёсак, стараліся гаварыць, як у горадзе, але ў іх выходзіла мяшаная гаворка. Чыста па-беларуску ніхто не гаварыў, — зазначае жанчына. — Былыя вяскоўцы гэтак усё жыцьцё і гавораць на мяшанай мове. Калі бацькі гаварылі зь беларускімі і расейскімі словамі, то, зразумела, іхныя дзеці таксама пераймалі такую ж гаворку».

Васьмідзесяцітрохгадовая Марыя Сьцяпанаўна перабралася ў Магілёў адразу пасьля вайны. Яна памятае часы, калі ў абласным цэнтры былі беларускамоўныя школы. У адной зь іх яна і вучылася.

«Сваёй беларускасьці мы не згубілі, — заяўляе кабета. — Яна ў нас засталася, але, вы зразумейце: мы выхоўваліся за Савецкай уладай. У нас беларускасьць ня тое, што выбілі, проста ніхто не зьвяртаў увагі на яе. Я вучылася ў беларускай школе ў Пажарным завулку Магілёва. Тады мы добра размаўлялі, а цяпер гаварыць па-беларуску ў старасьці развучыліся, хоць мову і разумеем».

Паводле суразмоўніцы, каб адрадзіць мову, трэба, каб дзеці гаварылі па-беларуску з маленства. Такую адказнасьць кабета ўскладае на навучальныя ўстановы. Яна заяўляе, што сябе лічыць беларускай, як і сваіх дзяцей, якія, аднак, не гавораць на мове беларусаў.

Бальшыня былых вяскоўцаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, прызнаваліся, што вучыліся яны ў беларускамоўных школах. Там жа даведваліся, што іхняя гаворка — беларуская. У сем’ях, зазначалі суразмоўцы, пра ўжываньне беларускай мовы не гаварылі.

Я дзесяць клясаў скончыла ў беларускамоўнай школе, а ў бацькоўскай хаце, дык гаварылі па-народнаму.

«Я дзесяць клясаў скончыла ў беларускамоўнай школе, а ў бацькоўскай хаце, дык гаварылі па-народнаму. Бацькі ж былі непісьменнымі, таму і гаварылі, як у вёсцы, па-простаму», —прыгадвае дзіцячыя гады кабета, якая ў горад перабралася ў 1956 годзе.

«З 1956 году я, нібыта, гарадзкая. Кватэру тут атрымала. У мяне двое сыноў. Яны ў расейскамоўнай школе адвучыліся, бо беларускамоўных жа ў Магілёве, відаць, і няма. Беларускую мову сыны вучылі, як замежную, нямецкую.

«Сама я часта гляджу перадачу па тэлевізары „Размаўляем па-беларуску“, — працягвае былая вяскоўка. — Мне дужа падабаецца. Там як кажуць „патэльня“, „шпак“, дык я адразу прыгадваю гэтыя словы, бо іх казалі ў бацькоўскай хаце».

Наступная суразмоўніца таксама адвучылася ў вясковай беларускамоўнай школе. Бацькі ў хаце, паводле яе, гаварылі на мяшанай мове. Калі ж пераехала ў горад, то гаварыць старалася там, як усе.

«Ужо ж хацелася гаварыць па-расейску, бо ў горад жа прыехала зь вёскі, але гэтак і не навучылася. У мяне і беларускія, і расейскія словы праскокваюць», — з гумарам кажа кабета.

«Шкада, што беларуская мова прапала, — ужо больш сур’ёзна зазначае жанчына. — Але ж узяліся за беларускую мову, каб яна аднавіліся, дык адновіцца. Цяпер жа кажуць, што мову трэба вучыць і гаварыць на ёй. Так прэзыдэнт нядаўна казаў».

Наступны суразмоўца не ўтойвае: калі ён пераехаў у горад, беларуская мова стала яму не патрэбнай, аднак унутры, паводле ягоных словаў, яна ўсё ж працягвае жыць.

Калі нехта на беларускай мове гаворыць, то я адразу адчуваю ў ёй нешта роднае.

«Калі нехта на беларускай мове гаворыць, то я адразу адчуваю ў ёй нешта роднае. Да расейскай гэтак я і не прызвычаіўся, — удакладняе мужчына. — Такіх, як я, зь вёсак, раней дражнілі „калхозьнікамі“ альбо называлі „дзярэўняй“. Гэта было дужа непрыемна, але, як мы ні стараліся, пазбыцца беларускага акцэнту нам не ўдалося».

У былога вяскоўца дачка вывучылася на настаўніцу. У школе выкладае беларускую мову і літаратуру.

«Недзе дачка гаворыць па-беларуску, а недзе на расейскай мове, — кажа ён. — А ўнукі, дык тыя гавораць ужо толькі на расейскай мове. Мне ж, калі нехта гаворыць на беларускай мове, то дужа прыемна яе чуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG