Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць беларусаў лічаць Эўрамайдан дзяржаўным пераваротам і падтрымліваюць анэксію Крыму


Інтэрнэт-партал «Беларускі партызан» апублікаваў параўнальныя дадзеныя сацыялягічных дасьледаваньняў у Беларусі, Расеі і Ўкраіне, прысьвечаных стаўленьню да падзеяў ва Ўкраіне ў 2014-2015 гадах.

Для аналізу браліся дадзеныя агульнанацыянальных рэпрэзэнтатыўных апытаньняў, праведзеных у апошні час у Расеі (Цэнтр Лявады), Украіне (Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі) і Беларусі (Беларуская Аналітычная Майстэрня). Як патлумачыў «Беларускаму партызану» прафэсар Андрэй Вардамацкі, кіраўнік «Беларускай Аналітычнай Майстэрні», падчас апытаньняў у трох краінах альбо цалкам ідэнтычныя, альбо падобныя пытаньні.

На пытаньне «Вы згодны ці нязгодны з тым, што ў выніку майдану ў лютым у Кіеве адбыўся дзяржаўны пераварот?» згоду з гэтай ацэнкай выказалі 83% апытаных у Расеі, 72% — ў Беларусі і 22% ва Ўкраіне (нязгоду — 10%, 14% і 59% адпаведна).

Стаўленьне да далучэньня Крыму да Расеі дасьледчыкі называюць «карэнным індыкатарам стаўленьня да ўкраінскіх падзеяў».

«Ці падтрымліваеце Вы далучэньне Крыму да Расеі?» — пыталіся ў людзей у трох краінах. І зноў, як і ў папярэднім пытаньні адносна Майдану, Беларусь знаходзіцца пасярэдзіне, тут ужо з даволі вялікім адрывам ад Расеі. У Расеі далучэньне паўвострава да РФ станоўча ацанілі 84% (адмоўна — 12%), у Беларусі — 69% (адмоўна — 20%), ва Ўкраіне — 11% (адмоўна — 80%).

На думку дасьледчыкаў шырокая папулярнасьць у Беларусі расейскага бачаньня праблемы тлумачыцца высокім даверам да расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, які ў Беларусі значна вышэйшы, чым ва Ўкраіне.

«Ці давяраеце Вы расейскім СМІ (тэлебачаньню, радыё, газэтам)?» — варыянт адказу «цалкам давяраю» выбралі у Беларусі 18% апытаных (ва Ўкраіне — 3%), варыянт «часткова давяраю» — 55% (26% — ва Ўкраіне), «не давяраю» — 17% (60% — ва Ўкраіне).

Дасьледаваньне паказала, што беларусы бліжэй ў ацэнцы падзеяў ва Ўкраіне да расейскага пункту гледжаньня, але застаецца значнае адставаньне ад расейскіх лічбаў. Шанец на тое, што Беларусь усё ж такі не патоне ў расейскім ідэалягічным полі, пакуль захоўваецца — адзначаецца ў публікацыі ў «Беларускім партызане».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG