Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік Мэджлісу пра Пуціна ў Крыме: Вярнуцца на месца злачынства


Еўпаторыя, 18 жніўня 2015 году.

Еўпаторыя, 18 жніўня 2015 году.

Кіраўнік Мэджлісу крымска-татарскага народу Рэфат Чубараў назірае за візытам Пуціна ў Крым з Кіева, дзе ён вымушаны жыць у выгнаньні пасьля таго, як расейскія ўлады забаранілі яму ўезд на паўвостраў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у панядзелак і аўторак наведвае з афіцыйным візытам Крым. Кіраўнік Мэджлісу крымска-татарскага народу Рэфат Чубараў назірае за візытам Пуціна ў Крым з Кіева, дзе ён вымушаны жыць у выгнаньні пасьля таго, як расейскія ўлады забаранілі яму ўезд на паўвостраў. Чубараў упэўнены, што Пуціна цягне ў Крым «як злачынцу цягне на месца злачынства». На думку кіраўніка Мэджлісу, гэтым візытам расійскі прэзыдэнт абавязкова скарыстаецца, каб ва ўскоснай форме перадаць заходнім лідэрам пасланьне пра гатоўнасьць «разьмяняць» Крым на Данбас.

У інтэрвію Радыё Свабода Рэфат Чубараў распавёў, якую менавіта зьдзелку можа прапанаваць Пуцін Захаду зь Ялты, чаму ён сьпяшаецца заключыць яе як мага хутчэй, як зьмянілася становішча крымскіх татараў у Крыме з часу анэксіі паўвострава і чаму ўсяго праз паўтара года пасьля тых падзей жыхары Крыма ужо гатовыя выйсьці на вуліцы з пратэстамі супраць мясцовай улады:

РС: Навошта Пуціну спатрэбілася цяпер гэтая паездка ў Крым?

Рэфат Чубараў

Чубараў: Ужо канец лета, сярэдзіна жніўня, а бачных паляпшэньняў для Расеі, у тым ліку і для самога Пуціна, няма. Крызіс паглыбляецца, санкцыі працягваюць эфэктыўна дзейнічаць. У Расеі справы ідуць усё горш і горш. Эканоміка Расеі знаходзіцца фактычна перад абвалам. Пуціну неабходна знаходзіць новыя магчымасьці для таго, каб паслаць новыя сыгналы заходнім лідэрам. Я таксама думаў пра тое, які сэнс яму цяпер ехаць у Крым і там праводзіць нараду прэзыдыюму Дзяржрады на тэму разьвіцьця ўнутранага турызму ў Расеі, тады як у Расеі ёсьць мноства сфэраў больш важных, дзе катастрафічнае становішча? Я прыйшоў да думкі пра тое, што Пуцін хоча, скарыстаўшыся гэтай паездкай, даць выразныя сыгналы заходнім лідэрам аб тым, што ён гатовы ісьці на перамовы, але на перамовы на ўласных умовах. І галоўнай умовай у яго працягвае заставацца Крым

РС: Якімі могуць быць ўмовы гэтай зьдзелкі?

Чубараў: Ня думаю, што гэта будзе сфармулявана ў такім спрошчаным выглядзе, напрыклад, што Пуцін скажа: «Мы адпускаем Украіну, але Крым застаецца за намі». Думаю, што на такую формулу Пуцін далёка не гатовы. Ён думае, што яму яшчэ і дадуць магчымасьць абставіць ўмовамі разьвіцьцё ўласна Ўкраіны. Але пры любым раскладзе Пуцін зыходзіць з таго, што Захад павінен пакінуць яму Крым. Я думаю, Пуцін ўсьведамляе, што далейшае зацягваньне гэтай сытуацыі ўжо пагражае яму як прэзыдэнту Расеі, пагражае перш за ўсё ўнутры. Прычыны для турботы знаходзяцца ў Расеіі.

У Пуціна ўжо засталося мала часу, перш за ўсё зыходзячы з эканамічнай сытуацыі.

​ ​У Пуціна ўжо засталося мала часу, перш за ўсё зыходзячы з эканамічнай сытуацыі. Таму, як мне ўяўляецца, Пуцін проста зыходзіць з таго, што цяпер найбольш зручны час для таго, каб дамовіцца. Але я яшчэ раз паўтараю, пры гэтым ён не хоча адпускаць Украіну, ён думае аб тым, што Захад дазволіць яму абставіць гэта умовамі, скажам, неўступленьнем ў НАТО, нейкімі іншымі момантамі, зьвязанымі з унутраным разьвіцьцём Украіны, у прыватнасьці, з асаблівым статусам часткі тэрыторый Данецкай і Луганскай вобласьцяў.

РС: Вы кажаце, што ў Пуціна засталося мала часу. Што менавіта, па-вашаму думку, можа адбыцца? Што яго прысьпешвае?

Чубараў: Перш за ўсё, зьнешняе становішча Расеі. Санкцыі эфэктыўныя, і ня выключана, што санкцыі могуць быць больш жорсткімі, гэта першае. Другое — гэта падзеньне коштаў на нафту, якое кожны дзень не прыносіць Пуціну радасьці. Чакаецца, што неўзабаве продаж нафты на рынку вырасьце, адпаведна, расейская нафта і далей будзе падаць у цане. Гэтыя эканамічныя фактары пагаршаюць ўнутранае разьвіцьцё Расеі. Вельмі многія фэдэральныя праграмы згортваюцца, хоць пра гэта адкрыта не абвяшчаецца. Калі так пойдзе і далей, наступны год будзе вельмі выбуханебясьпечным з сацыяльнага пункту гледжаньня для Расеі. Пуцін хоча апярэдзіць гэта.

РС: Ці закране Пуцін у Крыме крымска-татарскую тэму і калі так, то ў якім ключы?

Чабараў: Пуцін спрабуе паказаць Захаду вельмі глямурную карціну наконт Крыму, пачынаючы з таго, што крымскае насельніцтва само захацела зьменаў, а Расея толькі абапіралася на так званы рэфэрэндум. Праўда, Пуцін не кажа «так званы». Пуцін думае, што яму ўдасца схаваць ад Захаду, ці пераканаць Захад у тым, што не «зялёныя чалавечкі» былі асяродкам рэфэрэндуму, а нейкі народ Крыму. І вось у гэтай глямурнай карціне, якую Пуцін спрабуе ўсунуць Захаду, не хапае крымска-татарскага кавалачка складанкі.

Пуціну вельмі важна сказаць, што ўсё ў Крыме вітаюць Расею, у тым ліку і крымскія татары.

​ ​Пуціну вельмі важна сказаць, што ўсё ў Крыме вітаюць Расею, усе задаволеныя Расеяй, у тым ліку і крымскія татары. Ён спрабаваў гэта рабіць у мінулым годзе выданьнем указу, які нічога не значыў, акрамя дэклярацый (указ Пуціна «Аб рэабілітацыі крымска-татарскага народу» — РС). Спасылаючыся на гэты ўказ, Пуцін некалькі разоў спрабаваў гаварыць аб тым, што з прыходам Расеі крымска-татарская мова, як і ўкраінская, разам з расейскай, сталі дзяржаўнымі мовамі. Хачу сказаць, што пасьля году акупацыі Крыму арэал выкарыстаньня крымска-татарскай і ўкраінскай моваў неймаверна скараціўся ў параўнаньні з тым, што было ў гады ўкраінскага сувэрэнітэту. Расейская мова сёньня валодае манаполіяй на тэрыторыі Крыму. Навучэнцы ўсіх нацыянальнасьцяў абавязаны вывучаць расейскую мову, навучацца на расейскай мове.

Да гэтага трэба дадаць сыстэмныя рэпрэсіі супраць крымскіх татараў. Мой намесьнік Ахтэм Чыйгоз з 29 студзеня гэтага году знаходзіцца ў засьценках ФСБ. А таксама Алі Асанаў, Мустафа Дэгімэрджы. Гэта крымска-татарскія актывісты, яны знаходзяцца пад вартай, у дачыненьні да іх рыхтуюцца суды за тое, што 26 лютага 2014 году, калі яшчэ нават не было «зялёных чалавечкаў», бралі ўдзел у мітынгу ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Я ня буду казаць пра тое, што дзясяткі людзей выкінутыя са сваёй радзімы, у тым ліку і наш лідэр Мустафа Джэмілеў, і я. Я не маю магчымасьці зьяўляцца на сваёй зямлі. Гэта Пуцін непасрэдна вінаваты ў тым, што мы перажываем, многія з нас ужо перажываюць падзеі, падобныя дэпартацыям сталінскага часу. Усё гэта Пуцін і спрабуе прыкрыць тырадамі пра тое, што ў Крыме, зь яго пункту гледжаньня, нарэшце, ўсім стала жыць добра і радасна.

РС: У вас ёсьць прыблізныя лічбы, колькі крымскіх татараў былі вымушаныя пакінуць паўвостраў з моманту яго анэксіі Расеяй?

Чубараў: На мацерыковай Украіне называюць лічбу 20 тысячаў чалавек, якія былі вымушаныя пакінуць Крым пасьля яго акупацыі Расейскай Фэдэрацыяй, пакінуць, як правіла, па прычыне адчуваньні небясьпекі свайму жыцьцю. Лічыцца, што з гэтых 20 тысячаў каля паловы — крымскія татары.

РС: Яшчэ па адной вэрсіі, Пуцін едзе ў Крым, каб пагасіць канфлікт паміж губэрнатарам Севастопаля Сяргеем Мяняйлам і старшынём Заканадаўчага сходу гораду Аляксеем Чалым. Гэты канфлікт ледзь было не прывёў да першага з часоў анэксіі масавага мітынгу пратэсту мясцовых жыхароў, што таксама не вельмі ўпісваецца ў глямурную карцінку, пра якую вы кажаце. Ці згодныя вы з гэтай вэрсіяй? І ці існуе, на ваш погляд, рэальная незадаволенасьць крымчанаў новымі ўладамі?

Чубараў: Шчыра кажучы, я ня думаю, што прыезд Пуціна зьвязаны з гэтым канфліктам, тым больш магчымым яго удзелам у пагашэньні гэтага канфлікту. Я думаю, што ўсе ў Крыме, у тым ліку і тыя, хто з радасьцю бегаў па вуліцах і плошчах з расейскімі трыкалёрам, нарэшце павінны ўсьвядоміць, што прыход на тэрыторыю або ўсталяваньне рэжыму аўтарытарнага заўсёды зьвязаныя з усталяваньнем больш жорсткіх формаў узаемадзеяньня ўлады і грамадзтва. Можна быць незадаволеным уласным эканамічным становішчам, незадаволеным уладай, але можна карыстацца тымі свабодамі, якія гэтая ўлада забясьпечвае — я маю на ўвазе ўкраінскі час. Можна думаць вельмі высока пра дзяржаву, які валодае высокім патэнцыялам, велізарнымі прыроднымі рэсурсамі, можна адчуваць настальгію па сваёй гістарычнай радзіме, як адчувалі яе многія расейцы, якія жывуць у Крыме, але потым можна сутыкнуцца з тым, што з боку расейскай гістарычнай радзімы прыходзіць аўтарытарная пачвара, і табе ў гэтым жыцьці больш нічога не падабаецца, і нічога не хочацца. Мне ўяўляецца, што крымчане, якія верылі, хацелі і заклікалі Расею прыйсьці ў Крым, сёньня проста ў шоку ад таго абліччы, у якім перад імі паўсталі сёньняшнія ўлады Расеі.

XS
SM
MD
LG