Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакатка пра калёнію Рубцова: Ня самы горшы варыянт


Юры Рубцоў у судзе, архіўнае фота
Юры Рубцоў у судзе, архіўнае фота

Палітвязень Юры Рубцоў ужо больш за тыдзень знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску, куды яго этапавалі з баранавіцкага СІЗА.

«У мінулы панядзелак яго перавялі ў бабруйскую калёнію для адбыцьця пакараньня. Паколькі на працягу гэтага тыдня я ў яго не была, то нічога істотнага пра Юрыя Рубцова расказаць не магу, акрамя таго, што прыйшло касацыйнае вызначэньне зь Берасьцейскага абласнога суду, і цяпер трэба будзе падрыхтаваць наглядную скаргу. Я пляную на наступным тыдні па магчымасьці да яго зьезьдзіць», — заявіла карэспандэнту Радыё Свабода адвакатка Юрыя Рубцова.

Абаронца палітвязьня кажа, што, паводле яе зьвестак, у папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску ўмовы адбыцьця пакараньня нядрэнныя.

«Гэта ня самы горшы варыянт для адбыцьця пакараньня, — адзначае яна, — Але гэта я ведаю толькі са слоў іншых, асабіста нічога сказаць не магу. Калі я яго наведаю, то буду ведаць падрабязнасьці».

У бабруйскай калёніі, куды этапавалі Рубцова, раней сядзелі іншыя палітвязьні: Андрэй Пратасеня, Андрэй Кім, Сяргей Казакоў, Зьміцер Дрозд, а таксама кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Паводле інфармацыі адвакаткі, родныя Рубцова пакуль таксама яшчэ не наведвалі яго ў Бабруйску. Мінулы раз жонка Ядвіга сустракалася зь ім незадоўга да этапу на пачатку жніўня.

У кастрычніку 2014 году грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў быў пакараны 1,5 гадамі «хіміі» за абразу судзьдзі Савецкага раённага суду Менску Кірыла Палулеха, які пасьля Чарнобыльскага шэсьця судзіў яго паўразьдзетага. У красавіку 2014 году Юры Рубцоў удзельнічаў у Чарнобыльскім шляху, на ім была майка з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Пасьля шэсьця міліцыянты затрымалі актывіста, сарвалі зь яго майку і гэтак прывезьлі ў суд.

На «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з такім жа надпісам — «Лукашэнка, сыходзь» — і адмовіўся выйсьці на працу зь нізкім заробкам. Пасьля гэтага на актывіста завялі крымінальную справу паводле артыкула аб ухіленьні ад адбыцьця пакараньня. Суд Пружанскага раёну 28 траўня 2015 году прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым па гэтым артыкуле і пакараў 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

24 ліпеня Берасьцейскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу Юрыя Рубцова, пасьля чаго прысуд Пружанскага райсуду аўтаматычна ўступіў у сілу.

Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязьнем сумленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG