Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін у Крыме зноў назваў расейцаў і ўкраінцаў «адным народам»


Уладзімір Пуцін на сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыяў нацыянальных грамадаў Крыму 17 жніўня
Уладзімір Пуцін на сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыяў нацыянальных грамадаў Крыму 17 жніўня

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у панядзелак і аўторак наведвае з афіцыйным візытам Крым.

Гэта яго трэцяя паездка на паўвостраў з моманту анэксіі Крыму Расеяй. У гэты раз асноўная мэта Пуціна, як паведаміла прэсавая служба Крамля, «удзел у пасяджэньні прэзыдыюма Дзяржаўнай рады, прысьвечаным разьвіцьцю турызму ў Расеі», акрамя гэтага, прэзыдэнт сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальных грамадзкіх аб’яднаньняў Крыму. На гэтай сустрэчы ён ізноў, як і неўзабаве пасьля анэксіі, заявіў, што «лічыць рускіх і ўкраінцаў адным народам».

17 жніўня падчас сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыяў нацыянальных грамадаў Крыму Пуцін папярэдзіў крымскіх татараў, што яны не павінны імкнуцца да асаблівага статусу на паўвостраве. «Міжэтнічныя адносіны — справа далікатная, — сказаў прэзыдэнт Расеі. — Я лічу небясьпечнымі любыя спэкуляцыі аб якіх-небудзь спэцыяльных правах для аднаго канкрэтнага этнасу».

Пуцін заявіў, што замежныя краіны фінансуюць праваабаронцаў у імкненьні «дэстабілізаваць сытуацыю», гуляючы на праблемах, зь якімі сутыкаюцца крымскія татары. Прэзыдэнт РФ сказаў, што Расея не дапусьціць гэтай дэстабілізацыі.

На візыт Пуціна ў Крым ужо востра адрэагавалі ўкраінскія ўлады. Так, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў яго «выклікам цывілізаванаму сьвету і працягам сцэнару напружваньня сытуацыі, які рэалізуюць расейскія вайскоўцы і іх найміты ў Данбасе». Па словах Парашэнкі, «такія паездкі азначаюць далейшую мілітарызацыю акупаванай ўкраінскай паўвыспы і прыводзяць да яго яшчэ большай ізаляцыі».

Пуцін на гэтыя тырады ніяк не адрэагаваў, стваралася ўражаньне, што яго цікавяць зусім іншыя матэрыі. На пасяджэньні Дзяржрады ён казаў пра тое, што добра б дазволіць прадаваць і расьпіваць алькагольныя напоі ў лячэбна-аздараўленчых санаторыях, параўноўваў колькасьць гатэляў у Сочы з савецкім часам і наракаў міністру культуры Расеі Ўладзімеру Мядзінскаму на страту грошай, выдзеленых на разьвіцьцё ўстановаў культуры Крыму.

На сустрэчы з «прадстаўнікамі нацыянальных грамадзкіх аб’яднаньняў» Пуцін другі раз пасьля сакавіцкага мітынгу-канцэрта ў Маскве «ў гонар ўзьяднаньня Крыму з Расеяй» заявіў, што лічыць «рускіх і ўкраінцаў адным народам» і паскардзіўся на «засільле іншаземцаў» ва ўкраінскай уладзе. Акрамя гэтага, ён прапанаваў па спрошчанай схеме даваць грамадзянства крымскім татарам, якія вярнуліся на радзіму пасьля доўгага знаходжаньня за мяжой і казаў пра неабходнасьць «абараняць правы ўсіх жыхароў Крыму і Севастопаля, незалежна ад таго, рускія, украінцы гэта, крымскія татары або прадстаўнікі іншых этнасаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG