Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін і Лябедзька не зьбяруць па 100 тысяч подпісаў


Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Менск, 15 жніўня 2015 году

Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька, верагодна, ня змогуць сабраць неабходны мінімум сапраўдных подпісаў для рэгістрацыі ў якасьці афіцыйных кандыдатаў.

У лідэра партыі «Справядлівы сьвет» за пяць дзён да заканчэньня збору подпісаў было ў актыве 70 тысяч подпісаў. Такую колькасьць паказалі падлікі, якія завяршыліся позна ўвечары 17 жніўня, паведаміў Свабодзе кіраўнік ініцыятыўнай групы Калякіна Валер Ухналёў:

Валер Ухналёў

Валер Ухналёў

«Складанасьць сытуацыі ў тым, што тэмпы збору подпісаў падаюць. За апошні тыдзень мы не сабралі нават і дзесяці тысяч. Гэта — дрэнна. Я думаю, нават амаль перакананы, што сто тысяч мы не зьбяром.

На „раптам“, канечне, можна спадзявацца. Але будаваць палітыку на гэтым нельга».

У актыве лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі пакуль няма і 70 тысяч подпісаў, распавёў сёньня Свабодзе кіраўнік яго выбарчага штабу Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Тое, што я казаў мінулым разам, а менавіта, што мы ўжо маем каля 70 тысяч, аказалася вельмі аптымістычным. Гэта ўсё даволі прыблізна. Але, я думаю, пакуль у нас і 70 тысяч ня будзе. Калі зьбіраеш зь месцаў інфармацыю праз тэлефон, то хтосьці хоча яе крыху падмаляваць. А калі пачынаеш больш падрабязна разьбірацца, то бачыш, што гэтага няма.

Аднак усё гэта ў вялікай ступені ўмоўна. У бліжэйшы панядзелак мы плянуем правесьці прэсавую канфэрэнцыю. І там ужо ўсё будзе раскладзена па палічках. Кожны журналіст зможа пабачыць, што ў нас ёсьць насамрэч».

З васьмі патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта пяць — Аляксандар Лукашэнка, Віктар Цярэшчанка, Сяргей Гайдукевіч, Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч — заявілі, што ўжо маюць па 100 тысяч і болей сабраных подпісаў.

Этап збору подпісаў працягваецца да 21 жніўня ўключна. Не пазьней за гэты ж дзень каманды прэтэндэнтаў павінны здаць сабраныя подпісы на праверку ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. На аўдыт адводзіцца дзесяць дзён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG