Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выдаць пагранцам дубальтоўкі на качак!


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Строга сакрэтна

Памежная служба ФСБ РФ

У мэтах выкананьня эмбарга на пастаўкі птушынага мяса з Эўразьвязу неабходна неадкладна прыняць дадатковыя меры.

Саюзная рэспубліка Беларусія, выкарыстоўваючы цяперашняе становішча, стараецца перашкодзіць нам адмаўляцца ад ежы непрыяцельскага паходжаньня. Такія выпадкі рэзка пачасьціліся за апошні час. На лапкі качак, гусей ды іншых курэй прайдзісьветы прычапляюць этыкеткі сваіх беларускіх птушкафабрык. У выніку наш айчынны спажывец, падмануты суседам, вымушаны есьці мяса, якое не адпавядае нашым перакананьням. Кантрабанднае мяса птушкі Фэдэральная мытная служба бязьлітасна выяўляе на мяжы і зьнішчае бульдозэрамі з выкарыстаньнем агнямётаў. Клеткі з жывой птушкай расстрэльваюцца на месцы.

Перад памежнай службай паўстае новая адказная задача. Запабегчы палётам жывога птушынага мяса цераз дзяржаўную мяжу з сумежных тэрыторый. Беларускія ды ўкраінскія кантрабандысты з мэтай ашукаць органы ўлады і спажыўца РФ робяць спробы перакідкі качак і гусей, выгадаваных у Эўразьвязе, на тэрыторыю нашай дзяржавы. Іх акальцоўваюць колцамі расейскай вытворчасьці, каб стварыць уражаньне, што птушка вяртаецца дамоў з замежнага побыту. У выніку грамадзяне РФ ядуць мяса, супраць якога вышэйшыя органы прынялі санкцыі. Тым самым паслабляюцца вынікі эканамічнага змаганьня з мэтай паставіць непрыхільную нам Эўропу на каленкі і дасягнуць палітычных мэтаў вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Першае. З мэтай спыніць палёты варожых гусей і качак належыць разьмясьціць заказ на адну тысячу дубальтовак на Тульскім заводзе паляўнічай зброі. Неабходна ў сьціслыя тэрміны падрыхтаваць каманды снайпэраў, якія змогуць эфэктыўна карыстацца дубальтоўкамі ў стральбе па паветраных цэлях.

Другое. З мэтай не пакрыўдзіць іншых славутых вытворцаў горада-героя Тула, неабходна закупіць: а. тры новыя баяны для ансамбля песьні і пляскі памежнай службы, б. сто новых самавараў для пакояў псыхалягічнай разгрузкі, в. дзьве тоны тульскіх пернікаў для салдацкіх чайных.

Трэцяе. У мэтах заахвочваньня найлепшых снайпэраў: па выніках зьнішчэньня гусіных і качыных стаяў выдаваць прадуктовыя наборы першай катэгорыі.

Заўвага: Вучоныя РАН пацьвердзілі шкоднасьць качынага мяса для арганізму чалавека, празьмернай тлустасьцю яно шкодзіць унутраным органам. У гусіным мясе замежнай вытворчасьці было выяўлена перавышэньне дапушчальных дозаў сьвінца, кадмія ды іншых цяжкіх мэталаў з табліцы хімічных элемэнтаў Дзьмітрыя Мендзялеева.

Сьмерць качкам і гусям! Слава пагранцам!

XS
SM
MD
LG