Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-супрацоўніка КДБ, які хаваўся ў царкве ў Канадзе, вярнулі ў Расею


Былы супрацоўнік КДБ Міхаіл Леньнікаў, які з 2009 году хаваўся ў адной з цэркваў канадзкага гораду Ванкувэр, каб пазьбегнуць дэпартацыі, у нядзелю вылецеў з Таронта ў Маскву.

Пра гэта выданьню «The National Post» паведаміў адвакат расейца.. Паводле яго слоў, такое разьвіцьцё падзей стала вынікам перамоваў паміж Леньнікавым і іміграцыйнай службай Канады, а ад’езд былога супрацоўніка КДБ — ягонае добраахвотнае рашэньне, а не дэпартацыя.

55-гадовы Міхаіл Леньнікаў прыехаў у Канаду ў 1997 годзе. Аднак у статусе сталага жыхара яму было адмоўлена з-за яго ранейшай працы ў КДБ у 1980-х гадах. Сам расеец заяўляў, што яго завэрбавалі ў камітэт дзяржбясьпекі СССР супраць ягонай уласнай волі. Леньнікаў таксама адзначаў, што займаў на службе невысокую пасаду і звольніўся пасьля пяці гадоў працы.

У Канадзе расеец скончыў асьпірантуру Ўнівэрсытэту Брытанскай Калюмбіі, займаўся японскай літаратурай. У 2009 годзе, каб пазьбегнуць дэпартацыі, ён схаваўся ў лютэранскай царкве Ванкувэру.

Па словах адваката Леньнікава, у Канадзе былога супрацоўніка КДБ абвінавачваюць у тым, што ён незаконна знаходзіўся на тэрыторыі краіны. Сам расеец раней заяўляў, што баіцца крымінальнага перасьледу ў Расеі, паколькі раскрыў канадзкім уладам імёны іншых работнікаў КДБ. У Канадзе ў Леньнікава засталіся жонка і сын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG