Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябар Пуціна жыве ў катэджы Хрушчова


Генадзь Цімчанка

Генадзь Цімчанка

Сябар расійскага прэзыдэнта, прадпрымальнік Генадзь Цімчанка пасяліўся ў былой рэзыдэнцыі першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова, якая знаходзіцца на Вараб’ёвых гарах у Маскве.

У асабняку, як піша сёньня расейская газэта «Ведомости», Цімчанка жыве пасьля таго, як у выніку ўнясеньня ў санкцыйныя сьпісы страціў магчымасьць наведваць сваю вілу ў Швэйцарыі на беразе Жэнэўскага возера ды іншыя месцы ў Эўропе і ЗША.

Будынак знаходзіцца ў асабліва ахоўным прыродным заказьніку, які належыць Фэдэральнай службе аховы. «Жоўты каменны мур з балюстрадай, высокая арка брамы і густыя дрэвы хаваюць двухпавярховы асабняк амаль цалкам, так што з вуліцы бачны толькі дах. У сярэдзіне — мармуровы камін у кабінэце і аздабленьне з высакародных гатункаў дрэва. Гэта былая рэзыдэнцыя першага сакратара ЦК КПСС Мікіты Хрушчова, у якой ён жыў з сярэдзіны 1950-х гадоў да сваёй адстаўкі ў 1964-ым. Тут у яго адразу пасьля касьмічнага палёту гасьцяваў Юры Гагарын», — пішуць «Ведомости».

У 2013 годзе мэр Масквы Сяргей Сабянін здаў будынак у арэнду да 2033 году кампаніі Zhardin Developments Ltd з Брытанскіх Віргінскіх выспаў для разьмяшчэньня гатэлю. Знаёмыя Цімчанкі распавялі газэце, што з таго часу там «гасьцюе» сам бізнэсовец.

Карэспандэнту газэты, які хацеў перадаць ліст Цімчанку, ахова параіла зьвярнуцца ў офіс Zhardin Developments. У маскоўскім філіяле кампаніі журналісту парэкамэндавалі ператэлефанаваць на нумар Volga Group, якая належыць самому Цімчанку.

Генадзь Цімчанка трапіў пад санкцыі ЗША ў сакавіку 2014 пасьля анэксіі Крыму.

XS
SM
MD
LG