Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Караткевіч сустрэлася з начальнікам магілёўскай турмы, дзе сядзіць палітвязень Мікола Статкевіч


Прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Тацяна Караткевіч 17 жніўня наведала магілёўскую турму № 4.

Паводле яе словаў, мэтай візыту ў турму было паказаць, што беларускае грамадзтва памятае пра Міколу Статкевіча і іншых палітвязьняў, што ўсіх неабыякавых людзей хвалюе іх лёс, што палітвязьняў чакаюць на свабодзе, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Начальнік турмы № 4 Аляксандр Дзьмітроў пагадзіўся сустрэцца з патэнцыйнай кандыдаткай і адказаў на шэраг яе пытаньняў. Тацяна Караткевіч адзначыла, што паводзіў ён сябе вельмі ветліва, аднак на шмат якія пытаньні адказваў толькі тое, што " у даручанай яму ўстанове ўсё робіцца ў адпаведнасьці з законам".

Начальнік турмы таксама папярэдзіў, што ня можа расказваць падрабязнасьці пра ўмовы ўтрыманьня, але сказаў пра тое, што Міколу Статкевічу была прадастаўлена магчымасьць у свой дзень народзінаў патэлефанаваць жонцы, што ён атрымаў шмат лістоў і паштовак з волі, і ўсе яны былі дастаўлены да адрасата.

Тацяна Караткевіч кажа, што яна нагадала начальніку турмы № 4 пра тое, што лёс Міколы Статкевіча хвалюе многіх людзей, а таксама запыталася, ці задаволены ён эфэктыўнасьцю сваёй працы, аднак і на гэта пытаньне прагучаў адказ, што ў турме № 4 усё робіцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Спадарыня Караткевіч наведала і Магілёўскую папраўчую калёнію № 15, дзе ў яе таксама адбылася сустрэча з начальнікам установы Аляксеем Лазарэнкам, які быў ня вельмі гаваркі.

У абодвух папраўчых установах гутаркі кіраўнікоў з патэнцыйным кандыдатам запісваліся на дыктафон. Тацяна Караткевіч з гумарам адзначыла, што затое зараз два начальнікі турмаў у Магілёве ведаюць пра тое, што есьць такі прэтэндэнт у кандыдаты, як яна. Падчас правядзеньня пікетаваньня па збору подпісаў і сустрэч з людзьмі даволі часта задаюць пытаньні пра лёс беларускіх палітвязьня, кажа Тацяна Караткевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG